Дыхальныя практыкаванні — для развіцця маўлення

- 12:24Спецыяльная адукацыя

Развіццё маўленчага дыхання — адзін з першых і вельмі важных этапаў карэкцыйнага ўздзеяння на дзяцей з АПФР незалежна ад віду іх маўленчага дэфекту. Мэта дыхальных практыкаванняў — спрыяць выпрацоўцы правільнага дыяфрагмальнага дыхання, працягласці выдыху, яго сілы і паступовасці, што неабходна для нашых выхаванцаў з АНМ, асабліва з дызартрыяй і рыналаліяй.

Фота да матэрыяла: Дыхальныя практыкаванні — для развіцця маўлення.У большасці дзяцей з парушэннямі маўлення назіраецца слабае паверхневае дыханне. А для вымаўлення цэлага шэрага гукаў, такіх як свісцячыя, шыпячыя і асабліва гука [р], неабходна наяўнасць моцнага накіравага паветранага струменя. Таму перад настаўнікам-дэфектолагам паўстае задача фарміравання ў дзяцей спачатку фізіялагічнага (немаўленчага), а потым на яго аснове і маўленчага дыхання.

Маўленчае дыханне істотна адрозніваецца ад немаўленчага. У адрозненне ад фізіялагічнага дыхання, якое адбываецца аўтаматычна, маўленчае дыханне з’яўляецца адвольным. Пры маўленчым дыханні пасля кароткага выдыху ідзе паўза і толькі потым — працяглы выдых, у момант якога і ажыццяўляецца падача маўленчай фразы. Дзіцяці часта не хапае паветранага струменя для прагаворвання гукаў, фраз і сказаў. У дзяцей, якія маюць маўленчыя парушэнні, неабходна спачатку развіць фізіялагічнае дыханне, таму што ўдых і выдых аслаблены, як вынік — прыглушана маўленне.

У чым жа заключаюцца асноўныя этапы работы над развіццём маўленчага дыхання ў выхаванцаў з АНМ? Гэта перш за ўсё работа над сілай і працягласцю выдыху, тэмпам і рытмам дыхання, развіццё мелодыка-інтанацыйнага боку маўлення. Ніжэй хочацца прапанаваць апрабаваны практычны матэрыял, які ўдала і вынікова зарэкамендаваў сябе на занятках з дзецьмі (як індывідуальных, так і падгрупавых/групавых). У 1-м блоку змяшчаюцца гульнявыя практыкаванні на развіццё фізіялагічнага (немаўленчага) дыхання, у 2-м — гульнявыя практыкаванні на развіццё непасрэдна маўленчага дыхання.

“Пазнай па паху”

Мэта: выпрацоўка глыбокага працяглага ўдыху, развіццё нюху.

Абсталяванне: 3—4 прадметы, якія маюць розныя пахі (гэта могуць быць галінкі дрэў і кустоў: парэчкі, чаромха, таполя; натуральная садавіна: яблык, мандарын, лімон і г.д.).

Апісанне практыкавання: дзеці па чарзе нюхаюць, напрыклад, садавіну, стараючыся запомніць яе пах. Педагог просіць дзіця заплюшчыць вочы і падносіць яму адзін з фруктаў, прапануючы вызначыць па паху, які іменна фрукт перад ім. Дзіця павінна зрабіць глыбокі працяглы ўдых носам, не падымаючы плячэй, а потым выдых і назваць паказаны фрукт. Для таго каб дзіця зрабіла глыбокі дыяфрагмальны ўдых, дарослы спачатку сам паказвае правільнасць выканання практыкавання, потым просіць дзіця пакласці абедзве рукі на жывот і пракантраляваць такім чынам сваё дыханне.

“Птушыны перапалох”

Мэта: выпрацоўка моцнага працяглага паветранага струменя на выдыху ротам, развіццё ўвагі, пашырэнне слоўніка па лексічнай тэме “Птушкі”.

Абсталяванне: музычныя цацкі — дудачка (па колькасці дзяцей), адна мяккая цацка ці лялька-бібабо (гэта можа быць ліса, воўк, кошка, сабака — любы драпежнік, небяспечны для птушак).

Апісанне практыкавання: настаўнік-дэфектолаг гаво­рыць дзецям, што зараз яны пагуляюць у птушак. Потым па чарзе, паказваючы на кожнае дзіця, педагог паведамляе хлопчыкам і дзяўчынкам, хто якой птушкай будзе, і дае дудачкі (можна прапанаваць дзецям самім выбраць, якімі яны хочуць быць птушкамі). Дзеці паказваюць птушак, якія спяваюць свае песні (ціха дзьмуць у дудачкі). Дарослы хуткім рухам дастае з-за спіны цацку. Заўважыўшы небяспеку, дзеці пачынаюць з сілай дзьмуць у свае дудачкі, паказваючы занепакоеных птушак. Педагог хавае цацку, і птушкі супакойваюцца, зноў працягваючы спакойна спяваць свае песні (ціха іграць на дудачках) да таго часу, пакуль зноў не з’явіцца драпежны звер. Пасля правядзення гульнявога практыкавання “Птушыны перапалох” можна прапанаваць дзецям зага­даць адно аднаму загадкі. Адно дзіця дзьме ў дудачку, а іншыя дзеці, у залежнасці ад таго, ціха ці гучна гучыць дудачка, робяць выснову: спакойная птушка ці занепакоена.

“Сцяжкі”

Мэта: выпрацоўка тэмпу і рытму фізіялагічнага дыхання, развіццё ўстойлівай зрокавай і слыхавой увагі.

Абсталяванне: сцяжкі (па два на кожнае дзіця).

Апісанне практыкавання: дарослы раздае дзецям сцяжкі. Дзеці пад спакойную музыку ідуць па крузе, па сігнале педагога спыняюцца, падымаюць рукі ўверх (удых), апускаюць уніз (выдых). Потым дзеці зноў ідуць па крузе (да наступнага сігналу). Пры паўторы практыкавання рухі могуць быць заменены на іншыя: развесці рукі ў бакі (удых), злучыць іх перад сабой (выдых). Працягласць удыху і выдыху роўныя.

“Спадарожны вецер”

Мэта: чаргаванне працяглага плаўнага і моцнага мэтанакіраванага выдыху, актывізацыя мышцаў губ, развіццё вакамера.

Абсталяванне: два папяровыя караблікі, стол з гладкай паверхняй (стол павінен быць такой вышыні, каб караблікі знаходзіліся на ўзроўні твару дзіцяці).

Апісанне практыкавання: дарослы прапануе дзецям паспаборнічаць — чый караблік даплыве да супрацьлеглага краю стала. Педагог дэманструе дзецям розныя прыёмы: можна дзьмухаць не спяшаючыся, склаўшы губы, як для вымаўлення гука [ф], — тады караблік паплыве плаўна і спакойна. А можна перадаць рэзкі парыў ветру. Для гэтага губы трэба скласці, як для вымаўлення гука [п], і падзьмухаць хутка і моцна. Папяровы караблік імкліва прасунецца наперад і пацерпіць крушэнне ў бурным моры.

“Наматай клубочак”

Мэта: фарміраванне працяглага маўленчага выдыху, аўтаматызацыя ізаляванага гука.

Апісанне практыкавання: дзеці круцяць адна вакол другой рукі перад грудзямі і ў гэты час працягла спяваюць галосны гук — быццам намотваюць на клубок доўгую гукавую нітачку. Можна паспаборнічаць, чыя нітачка акажацца даўжэйшай. У працэсе аўтаматызацыі гукаў можна прапанаваць дзіцяці, намотваючы “нітачку на клубочак”, цягнуць і некаторыя зычныя гукі, напрыклад, [с], [з], [ш], [ж], [л], [р].

“Падоўжы фразу”

Мэта: развіццё маўленчага выдыху, выпрацоўка ўмення вымаўляць фразы з усё большай колькасцю слоў, пашырэнне слоўнікавага запасу, развіццё звязнага маўлення.

Абсталяванне: сюжэтная карціна, напрыклад, “Снег ідзе”.

Апісанне практыкавання: педагог паказвае дзецям карціну і прапануе прыдумаць па ёй апавяданне. Дарослы гаворыць, што пачне апавяданне пра зіму, а дзяцей просіць яго працягнуць, дадаючы па адным слове. Педагог гаворыць: “Прыйшла зіма. Падае снег”. Звяртаючыся да дзяцей, задае пытанне: “Як падае снег.” Прыкладны варыянт адказу: “Ціха падае белы снег”. “Які снег падае?” Прыкладны варыянт адказу: “Ціха падае белы снег”. “А яшчэ як можна ска­заць пра снег?” Прыкладны варыянт адказу: “Ціха падае белы пухкі снег”. Аналагічнае практыкаванне на прыкладзе іншай сюжэт­най карціны: “Хлопчык малюе. Хлопчык малюе дом. Хлопчык малюе вялікі дом. Хлопчык малюе вялікі дом алоўкам. Хлопчык малюе вялікі дом чырвоным алоўкам”.

“Завіруха”

Мэта: развіццё сілы голасу і маўленчага дыхання, актывізацыя мышцаў губ.

Абсталяванне: сюжэтная карцінка “Завіруха”.

Апісанне практыкавання: педагог паказвае дзецям карцінку з выявай завірухі. Дзеці працягла вымаўляюць гук [в], паказваючы завіруху, якая вые ў зімовы непагодны вечар. Педагог гаворыць: “Завіруха пачынаецца”. Дырыжыруючы, рукой паказвае, як узмацняецца завіруха (дзеці таксама плаўна падымаюць руку ўверх) ці заціхае (плаўна апускаюць руку ўніз). Самкнуўшы пальцы рукі, практыкаванне заканчваецца са словамі “Завіруха скончылася”. Пажадана, каб дзеці мянялі сілу голасу за адзін выдых 2—3 разы.

Святлана ЛІШАНКОВА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 43 Магілёва.