Дынамічны, паступальны, спрагназаваны рух наперад

- 10:34Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні

17 лютага ў актавай зале Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанае падвядзенню вынікаў работы ў 2015 годзе і вызначэнню прыярытэтаў на новы, 2016, год. У ліку запрошаных былі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урада, Камітэта дзяржаўнага кантролю, дэпутаты Нацыянальнага сходу, кіраўнікі шэрага міністэрстваў і ведамстваў, рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, навучальных устаноў. З асноўным дакладам выступіў міністр адукацыі М.А.Жураўкоў. У ходзе абмеркавання выступлення міністра адукацыі свае думкі выказалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І.І.Бузоўскі, віцэ-прэм’ер краіны Н.І.Качанава, дырэктар РІВШ В.А.Гайсёнак, дырэктар НІА С.А.Важнік, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама А.У.Кадлубай, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Н.І.Пшанічная.

Віцэ-прэм’ер Наталля Іванаўна Качанава, выступаючы перад удзельнікамі пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі, дала высокую ацэнку дзейнасці сістэмы адукацыі нашай краіны і непасрэдна Міністэрства адукацыі. Усе вехі функцыянавання адукацыйнай галіны былі прадстаўлены ў канструктыўным, змястоўным дакладзе кіраўніка міністэрства Міхаіла Анатольевіча Жураўкова. Міністр падвёў вынікі не толькі мінулага года, а цэлай пяцігодкі, непасрэдна рэалізацыі адукацыйных праграм па ўзроўнях адукацыі. На наступныя 5 гадоў ужо распрацавана новая праграма развіцця адукацыйнай галіны, якая будзе адзінай для ўсіх ступеняў. Згодна з гэтым, тыя праграмы, якія будуць распрацоўвацца толькі на год, павінны быць па максімуме дэталёвымі, канкрэтнымі і рэальнымі. Зменіцца і парадак фінансавання адукацыйнай галіны. На гэты раз яно будзе праграмна-мэтавым, што дазволіць больш ашчадна ставіцца да выкарыстання выдзеленых фінансавых сродкаў.
— Кожны бюджэтны рубель, якi ўкладваецца сёння ў сацыяльную сферу, у тым ліку ў адукацыю, павінен максімальна эфектыўна выкарыстоўвацца, і ад усіх тых сродкаў, якія накіроўваюцца ў галіну, мы павінны атрымліваць рэальную аддачу, — падкрэсліла Наталля Іванаўна.
Віцэ-прэм’ер краіны адзначыла, што мінулы, 2015, год быў для Беларусі вельмі адказным і палітычна адметным. У ліку значных падзей для нашай краіны, безумоўна, святкаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі. У правядзенні гэтага свята, у арганізацыі шматлікіх мерапрыемстваў адметная роля належыць адукацыйнай галіне, непасрэдна нашым педагогам, якія зрабілі істотны ўклад у правядзенне гэтага свята і заслужылі вялікай удзячнасці.
Аналізуючы стан спраў у сістэме адукацыі, Наталля Іванаўна заўважыла, што ўрад краіны пастаянна знаходзіцца ў курсе таго, як сёння развіваецца адукацыйная галіна. На працягу мінулага года прайшлі шматлікія сустрэчы ў рэгіёнах з калектывамі навучальных устаноў, з кіраўніцтвам абласцей, раёнаў, былі створаны рабочыя групы па вывучэнні эфектыўнасці, даступнасці і якасці адукацыі.
У нашай краіне пастаянна пашыраецца сетка дзіцячых дашкольных устаноў. Згодна з праграмай будаўніцтва дзіцячых дашкольных устаноў, да 2020 года будзе пабудавана яшчэ 70 устаноў. Але сёння ёсць і такія дашкольныя ўстановы, якія працуюць неэфектыўна па прычыне няпоўнай напаўняльнасці груп. Таму трэба прадумаць, як выкарыстоўваць гэтыя ўстановы, знаходзіць новыя, больш эфектыўныя шляхі для іх выкарыстання, і такі вопыт ужо існуе ў краіне, адзначыла Н.І.Качанава.
Наталля Іванаўна закранула пытанне харчавання дашкольнікаў. Камітэт дзяржаўнага кантролю ў мінулым годзе праводзіў праверку 58 устаноў, і ў кожнай з іх былі знойдзены парушэнні ў прыгатаванні страў. Такая ж сітуацыя была выяўлена і ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Што, безумоўна, выклікае занепакоенасць.
— Побач з такімі прыярытэтамі, як якасць і даступнасць адукацыі, мы павінны паставіць такі важны складнік, як здароўе нашых дзяцей, — заявіла Наталля Іванаўна.— Фарміраванне ў нашых грамадзян з маленства здаровага ладу жыцця, выхаванне здаровай нацыі павінна стаць задачай не толькі сістэмы адукацыі, а ўвогуле ўсяго грамадства.Н.І.Качанава звярнула ўвагу на важнасць правядзення ўрокаў фізічнай культуры ў школе. На думку віцэ-прэм’ера, у пачатковай школе гэты прадмет павінен выкладаць толькі настаўнік фізічнай культуры, балазе, такіх спецыялістаў у нас хапае, іх выпускаюць 12 вышэйшых навучальных устаноў. Урок фізічнай культуры павінен быць праведзены з такой жа адказнасцю з боку настаўніка, як і ўрокі па іншых прадметах. Фізкультура ні ў якім разе не павінна быць другарадным заняткам, і патрабаванні да яе — адпаведнымі, заявіла Наталля Іванаўна.
— Але перш чым патрабаваць ад вучня добрай здачы нарматываў па фізкультуры, настаўніку трэба навучыць дзяцей гэтым нормам, а зрабіць гэта можа толькі прафесіянал і чалавек, які няраўнадушны да здароўя дзяцей. Такімі нераўнадушнымі да сваіх выхаванцаў павінны быць усе педагогі, — падкрэсліла Наталля Іванаўна.
Хвалююць віцэ-прэм’ера і пытанні спецыяльнай адукацыі. Сёння Міністэрству адукацыі падпарадкаваны 24 інтэрнатныя ўстановы, дзе вучацца і выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі ў развіцці. Неабходна пільна адсочваць духоўны і фізічны стан кожнага выхаванца інтэрнатнай установы, і калі ў яго назіраецца станоўчая дынаміка ў развіцці, ёсць добры патэнцыял, то яго трэба накіроўваць у іншыя ўстановы. Такім чынам здымуцца абмежаванні для такіх дзяцей у магчымасці сябе рэалізоўваць.
Віцэ-прэм’ер паведаміла, што ў 2015 годзе не адзначана зніжэнне колькасці правапарушэнняў і злачынстваў у дзіцячым і маладзёжным асяроддзі. У значнай меры на гэта паўплывала недастатковая работа з дзецьмі ў пазаўрочны час, асабліва ў нядобранадзейных сем’ях. Паводле праведзенага маніторынгу, толькi 15% дзяцей, якiя знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становiшчы, наведваюць гурткi па-за школай. А з той колькасці дзяцей, якiя стаяць на ўлiку ў iнспекцыi па справах непаўналетнiх, аб’яднаннi па iнтарэсах наведваюць усяго 13%. Спынiлася Наталля Іванаўна Качанава i на праблеме выканання педагогамi неўласцiвых iм функцый.
— На ўзроўнi ўрада мы прынялi ўсе меры, якiя ад нас залежаць, i паставiлi адпаведную задачу перад Мiнiстэрствам адукацыi: зрабiць усё, каб педагогi займалiся толькi сваiмi непасрэднымi задачамi i абавязкамi, — падкрэсліла віцэ-прэм’ер.
Наталля Іванаўна засяродзіла сваю ўвагу і на пытанні працаўладкавання выпускнікоў навучальных устаноў.
— Дастойным здабыткам нашай краіны з’яўляецца замацаванне за кожным маладым рабочым і спецыялістам першага рабочага месца, — адзначыла Наталля Іванаўна. — І гэтае права павінна быць гарантавана нашай моладзі.
У лютым пачнецца папярэдняе размеркаванне выпускнiкоў навучальных устаноў, і асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць працаўладкаванню тых выпускнікоў, якія вучыліся за сродкі бюджэту. Міністэрства адукацыі павінна ўзяць гэтае пытанне на асаблівы кантроль, падкрэсліла Наталля Качанава. Вiцэ-прэм’ер прапанавала кіраўніцтву Мiнiстэрства адукацыi разам з Мiнiстэрствам эканомiкi дакладна вызначыць, колькi абiтурыентаў i на якiя спецыяльнасцi набiраць у гэтым годзе. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Іванавіч Бузоўскі ў сваім выступленні па выніках работы Міністэрства адукацыі ў мінулым годзе адзначыў, што сістэма адукацыі — адна з тых вядучых галін, якая адыгрывае каласальнае значэнне ў развіцці дзяржавы, грамадства, асобы кожнага грамадзяніна. Таму, безумоўна, існуе вялікая зацікаўленасць у яе паспяховым развіцці. І, мяркуючы па выніках, выкладзеных у выступленні кіраўніка адукацыйнай галіны М.А.Жураўкова, назіраецца станоўчая дынаміка ў функцыянаванні нацыянальнай сістэмы адукацыі.
— Прэзідэнт краіны пастаянна звяртае ўвагу на тое, што развіццё адукацыйнай галіны павінна праходзіць без ломак і рэформ, — адзначыў Ігар Іванавіч,— і ў той жа час мы павінны ўсведамляць, што без тых падыходаў, якія дыктуе нам жыццё, мы не можам рухацца далей. І гэта павінен быць больш энергiчны, дынамiчны i паступальны рух. Але рухацца трэба толькі з адной умовай — усе новыя крокі павінны быць спрагназаваны, і мы павінны вельмі добра ведаць, да якога выніку мы імкнёмся.
Ігар Іванавіч Бузоўскі адзначыў, аналізуючы стан спраў у сістэме адукацыі на сённяшні дзень, што адукацыйная галіна пацвердзіла сваю грунтоўнасць і выконвае тыя функцыі, якія ўскладзены на яе кіраўніком дзяржавы і ўрадам. Тыя задачы, якія былі пастаўлены перад Міністэрствам адукацыі ў мінулым годзе, выкананы. Шэраг пытанняў лічацца доўгатэрміновымі, з’яўляюцца прыярытэтамі для кожнага года і патрабуюць дакладнай грунтоўнай работы. У ліку іх — выхаваўчая, ідэалагічная работа, якая з’яўляецца важным складнікам адукацыйнага працэсу. Такія грамадскія аб’яднанні, як БРСМ, піянерская арганізацыя, — гэта стрыжнявыя арганізацыі, якія дазваляюць рэалізоўваць ідэалогію нашай краіны, з’яўляюцца праваднікамі патрыятычнага, грамадзянскага выхавання ў маладзёжным асяроддзі. Менавіта ў камсамольскай і піянерскай арганізацыях фарміруюцца асновы маладзёжнай палітыкі, складваецца касцяк маладых лідараў, з якіх у далейшым ствараецца кадравы рэзерв маладых кіраўнікоў, у тым ліку і ідэолагаў.
— Сёння мы павінны звярнуць увагу на якасць кадравага складу ідэалагічнай вертыкалі, наколькі гэтыя людзі, якія яе складаюць, маюць адпаведную падрыхтоўку, — адзначыў Ігар Іванавіч. — Але, як паказвае аналіз, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь такую падрыхтоўку прайшлі толькі 8 працэнтаў такіх работнікаў.
І.І.Бузоўскі падкрэсліў, што ідэалагічная вертыкаль — гэта цэлая армія, і праз правядзенне атэстацыі трэба ўдакладніць, ці ўсе ідэолагі адпавядаюць гэтаму кірунку работы, ці ведаюць яны дакладна, чым павінны займацца. У сістэме адукацыі вядзе ідэалагічную работу, па сутнасці, увесь склад педагагічных работнікаў, педагогі былі і ёсць нашы галоўныя ідэолагі, і трэба ставіцца да гэтага прафесійна і з вялікай адказнасцю.
І.І.Бузоўскі адзначыў, што трэба звярнуць больш пільную ўвагу на інфармацыйна-ідэалагічны складнік выхаваўчага працэсу ў адукацыі, пачынаючы ад зместу падручнікаў і заканчваючы пазашкольнай работай. На яго думку, у фарміраванні асобы маладога чалавека важна выкарыстоўваць комплексны падыход, калі навучанне і выхаванне паміж сабой цесна пераплецены, што дазваляе выхоўваць не проста адукаванага чалавека, а асобу сапраўднага грамадзяніна. А гэта адна з асноўных задач сістэмы адукацыі, адзначыў Ігар Іванавіч Бузоўскі.

Ала КЛЮЙКО.