У свой час ён ужо думаў, што са школай, з адукацыйнай сістэмай развітаўся на ўсё жыццё. Але жыццё распарадзілася інакш. Лёс распарадзіўся інакш. Школа распарадзілася інакш — паклікала да сябе. І ён вярнуўся ў школу. Стаў дырэктарам мінскай сярэдняй школы № 170. І сёння яго вельмі цэняць калегі, паважаюць бацькі вучняў, любяць непасрэднай дзіцячай любоўю школьнікі. Шчыра кажучы, я таксама, калі б сёння вучыўся ці працаваў у 170-й мінскай школе, ганарыўся б сваім абаяльным добразычлівым дырэктарам Яўгенам Пятровічам Гунько.
Яўген Пятровіч расказвае сваю гісторыю жыцця.
— Я нарадзіўся ў Лагойскім раёне, у вёсцы Харошае, там cкончыў базавую школу, потым паступіў у Барысаўскае педагагічнае вучылішча (зараз — каледж). Будучы яшчэ студэнтам вучылішча, у 1986 годзе, пачаў працаваць у адной са школ Веткаўскага раёна — у Рэчкаўскай сярэдняй школе. Там, у паслячарнобыльскай зоне, быў недахоп настаўнікаў. Выкладаў хімію, біялогію… Цяпер Рэчкі — мёртвая вёска. Сёння няма ні вёскі, ні маёй першай школы, дзе я выкладаў. У тым жа годзе пайшоў у войска. Служыў у СПА ў Свярдлоўскай ваеннай акрузе. Звольніўся старшыной — самая высокая пасада, якую можна атрымаць за 2 гады тэрміновай воінскай службы.
Хацеў звязаць лёс са службай у арміі, але па сямейных прычынах не атрымалася. Паступіў на біяфак БДУ — у вайсковай форме здаваў уступныя іспыты. 4 гады працаваў настаўнікам пачатковых класаў. У 25 гадоў стаў дырэктарам Харашанскай базавай школы — маёй роднай… 8 гадоў працаваў на гэтай пасадзе. А потым школу закрылі з-за рэарганізацыі. Другая школа, у якой я працаваў, памерла…
Затым працаваў у Смалявіцкім аграрна-тэхнічным ліцэі выкладчыкам біялогіі, потым — у Мінаблвыканкаме ў адукацыйнай сферы. А потым мяне запрасілі ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях як спецыяліста з вопытам у адукацыйнай галіне. Мне было тады 35 гадоў. Апранулі на мяне форму лейтэнанта… Думаў ужо, што МНС — гэта на ўсё жыццё. Але потым мне як чалавеку з пагонамі прапанавалі арганізаваць і ўзначаліць у 170-й мінскай школе цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі Маскоўскага раёна сталіцы. Усё пачыналі з нуля. У 2011 годзе ўрачыста адкрылі яго — амаль увесь трэці паверх будынка аддалі. А яшчэ праз тры гады мяне прызначылі дырэктарам гэтай школы.
Падымаемся з Яўгенам Пятровічам Гунько на трэці паверх 170-й мінскай школы, які зараз належыць цэнтру дапрызыўнай падрыхтоўкі Маскоўскага раёна сталіцы. Ён паказвае фотаздымкі герояў Вялікай Айчыннай вайны, Афганскай вайны і расказвае пра іх.
— Я неафіцыйна называю наш цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі ваеннай кафедрай, — гаворыць Яўген Пятровіч. — У нас працуюць 6 афіцэраў. Ёсць свая структура: кабінет гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, кабінет агнявой і тактычнай падрыхтоўкі, кабінет біяхімічнай абароны, кабінет арганізацыі баявой дзейнасці — усе кірункі, якія вывучаюцца ў рамках курса “Пачатковая вайсковая падрыхтоўка”. На 6 дзён у годзе дзеці пагружаюцца ў гэтае вайсковае асяроддзе. Але іх трэба камусьці пагрузіць у яго. Як вытрымаць такую падрыхтоўку? Без мастацтва, без музыкі ніяк. Таму я і кажу сваім афіцэрам: “Вы павінны быць артыстамі: танцаваць, спяваць, іграць на інструментах!” Так яно і ёсць. Яны ўсе ў мяне музычныя.
Я разумею, што пра цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі Яўген Пятровіч Гунько можа гаварыць бясконца, таму скіроўваю нашу гутарку крыху ў іншы бок.
— Яўген Пятровіч, як дырэктара школы што вас найбольш хвалюе?
— Імідж школы. Мая сённяшняя асноўная задача — работа на імідж школы. Мікрараён Паўднёвы Захад даволі стары. Паміж школамі, якія тут знаходзяцца, дастаткова жорсткая канкурэнцыя. Дамоў тут даўно не будавалася. І школ таксама… І без усялякай хвальбы хачу сказаць, што мы павысілі наш імідж. Калі 5 гадоў назад мы з цяжкасцю набіралі адзін першы клас, то з 2012 па 2014 год набіралі першыя два класы, у 2015 годзе набралі тры першыя класы, а сёлета — чатыры.
У нашай гутарцы ўтвараецца паўза. І я разумею, што Яўгену Пятровічу нешта вельмі хочацца мне сказаць. І… я яго разумею.
— Калі адна з мам маіх выхаванак прапанавала мне зладзіць у школе творчы праект “Душою прычасціцца да вытокаў”, я быў бязмежна шчаслівы. Кожны месяц на працягу 9 месяцаў у нас праходзілі творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, бардамі, музыкантамі, тэатральнымі артыстамі, мастакамі, каскадзёрамі, клоўнамі, свяшчэннікамі. Гэта былі незабыўныя святы для дзяцей.
— Навошта вам гэта было? — пытаюся ў Яўгена Пятровіча.
— Як навошта? Гэта ж культура. Гэта ж наша душа, — адказвае мой субяседнік. — Акрамя таго, наша школа доўгі час мела музычны ўхіл. Гэты імідж мы таксама захавалі. У рамках факультатыву вучым дзяцей ігры на баяне, акардэоне, фартэпіяна, скрыпцы, гітары, цымбалах, духавых інструментах.
Штосьці яшчэ не дагаворана, штосьці яшчэ не даспявана… І я пытаюся ў Яўгена Пятровіча:
— А вы самі не закаханы ў музыку, як у “Калашнікава”?
— Мабыць, нават больш, чым у аўтамат. У нас ёсць ансамбль педагогаў народнай музыкі “Весялуха”, якім кіруе Ларыса Георгіеўна Баброўская. Сёлета мы двойчы сталі лаўрэатамі міжнародных конкурсаў.
— Вы гаворыце пра ансамбль “мы”… Значыць, вы — у ім?
— Я там саліст. Хаця і на гітары іграю, і на акардэоне, і на ўдарных. На ўсіх інструментах умею, акрамя флейты. Гэта заслуга майго педагога ў вучылішчы, якая аднойчы сказала: “Я зраблю з цябе артыста…”
— А раней музыка была з вамі?
— Калі пасля вучылішча выкладаў у вясковай школе ў малодшых класах, уключаў класічную музыку на ўроках. Мяне мала хто разумеў тады. А сёння гэта пашыраная практыка. І ў маіх дзетак рукі не трасліся, калі яны прапісвалі літаркі.
— Вам сапраўды падабаюццца народныя беларускія песні?
— Гэта мая душа. Гэта ўсё пра любоў, пра адносіны людзей, пра тое, што прыстутнічала спакон веку і пра што гаварылі людзі, пра што спявалі. Адкуль словы бяруцца? З жыцця. Спявалі пра тое, што пражывалі, што перажывалі…
— Яўген Пятровіч, якое ваша жыццёвае крэда?
— Я прыхільнк выхавання ў дзяцей патрыятызму, іх грамадзянскай пазіцыі. Імкнуся давесці ім думку пра тое, што любіць Радзіму — гэта не абстрактнае. Я пытаюся ў іх наўпрост: “Колькі ў вас чалавек, для якіх вы гатовы здзейсніць учынак?” Я гавару менавіта пра ўчынак, а не пра подзвіг, каб не было занадта шмат пафасу. Пра ўчынак, дастойны мужчыны. У нейкага хлопца гэта ўсяго адзін чалавек, у другога — два, у трэцяга — пяць… Гавару ім тады: “Вось разумееце, гэта вашы родныя блізкія людзі, за якіх вы гатовы стаяць гарой”. А потым мы пачынаем лічыць гэтых блізкіх і родных людзей: 5, 7, 12, 23, 43… У выніку ў класе такіх людзей — 59. Я кажу тады дзецям: “У нашым класе наша маленькая радзіма — гэта 59 чалавек. Столькі людзей, якія стаяць за вашымі шырокімі плячамі, якіх вы гатовы абараніць… А цяпер падумайце, колькі гэтых людзей у маштабах краіны. Падумайце, колькі людзей вы маглі б абараніць, што такое любоў да Радзімы ўвогуле. Гэта не абстрактнае. Гэта ваш блізкі, родны чалавек, якога вы абараняеце.
…Пасля наведвання 170-й сталічнай школы размаўляю са сваёй знаёмай Юліяй Савіцкай, чыя дачка вучыцца ў гэтай установе адукацыі.
— Ты не ўяўляеш, Мікола, які гэта класны чалавек! Які гэта цудоўны чалавек! Які гэта выдатны дырэктар!
— Уяўляю, Юля. Я толькі што з ім размаўляў.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.