Дыстанцыйныя алімпіяды — крок да поспеху

- 12:00Рознае, Якасць адукацыі

Сучасная адукацыя цесна звязана з інфарматызацыяй грамадства, магчымасцю выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў у адукацыйных мэтах. У Поразаўскай школе ўдзел у дыстанцыйных алімпіядах стаў добрай традыцыяй. Дыстанцыйныя алімпіяды разглядаюцца тут як якасна новы від навучання, які грунтуецца на самастойнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, сучасных метадах навучання, тэхнічных сродках і спосабах перадачы інфармацыі.

Умовы правядзення дыстанцыйных алімпіяд розныя, што спрыяе развіццю творчых і індывідуальных здольнасцей высокаматываваных навучэнцаў.

Як адзначыла навучэнка 11 класа Лізавета Балюк, удзел у дыстанцыйных алімпіядах дазволіў ёй ва ўмовах псіхалагічнага камфорту праверыць глыбіню сваіх ведаў па біялогіі і прымяніць іх у нестандартнай сітуацыі, пашырыць кругагляд, эрудыцыю і развіць лагічнае мысленне, параўнаць свой узровень ведаў з узроўнем ведаў навучэнцаў Беларусі і краін СНД.


— Асаблівасцю дыстанцыйных алімпіяд — Міжнароднай анлайн-алімпіяды Фоксфарда і Першай біялагічнай алімпіяды БДУ, — расказвае Лізавета, — з’яўляецца тое, што пасля выканання заданняў праводзіцца іх відэаразбор. Найбольш даступнымі і змястоўнымі былі каментарыі Дзмітрыя Барысавіча Сандакова, старшыні аргкамітэта біялагічнай інтэрнэт-алімпіяды дацэнта кафедры фізіялогіі біялагічнага факультэта БДУ, і Аляксея Віктаравіча Лагодзіна, дацэнта кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ. Цяпер я з вялікай цікавасцю знаёмлюся з інфармацыяй, якую арганізатары алімпіяды размяшчаюць “УКантакце” ў суполцы “Біялагічная інтэрнэт-алімпіяда”. Змест заданняў спаборніцтваў дазваляе гаварыць аб дыстанцыйнай алімпіядзе як магчымым варыянце дыстанцыйнага навучання.

Дарэчы, Лізавета стала абсалютнай пераможцай Першай біялагічнай анлайн-алімпіяды БДУ, атрымала два дыпломы І ступені на этапах алімпіяды Фоксфарда.

5 дыпломаў рознай ступені на дыстанцыйных алімпіядах па вучэбных прадметах заваяваў навучэнец 10 класа Павел Бялава.

— Я прымаў удзел у дыстанцыйных алімпіядах па біялогіі, беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры, хіміі. Дыстанцыйная алімпіяда, — разважае Павел, — дапамагае выявіць узровень валодання вучэбным матэрыялам. Алімпіяда Фоксфарда па біялогіі дапамагла атрымаць новыя веды, паколькі ўдзельнікам давалася магчымасць даць адказ не адразу, а папрацаваўшы над матэрыялам, які выклікаў пытанні. Алімпіяда, што праводзілася Слонімскім раённым ліцэем, патрабавала асаблівай дысцыплінаванасці і адказнасці ў выкананні заданняў: неабходна было выканаць 100 заданняў (па некаторых прадметах 90) за 1 гадзіну або за 45 мінут. Было дастаткова складана выконваць заданні з-за іх вялікай колькасці і абмежаванасці ў часе.

Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, лічу, што ўдзел у дыстанцыйнай алімпіядзе — добрая трэніроўка для тых падлеткаў, якія рыхтуюцца да здачы ЦТ і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Пра выніковасць работы ўстановы ў кірунку развіцця навучэнцаў сродкамі дыстанцыйных алімпіяд сведчаць наступныя паказчыкі: за ўдзел у І этапе алімпіяды Фоксфарда дыпломы атрымалі 3 навучэнцы школы (І ступені па біялогіі, ІІ і ІІІ ступені па рускай мове і літаратуры), на ІІ этапе — 7 навучэнцаў (па біялогіі, англійскай мове, рускай мове і літаратуры).

Чатыром навучэнцам установы — Паўлу Бялаве, Маргарыце Друць, Канстанціну Каскевічу, Віялеце Базыльчык — на свяце апошняга званка былі ўручаны дыпломы VІІІ адкрытай інтэрнэт-алімпіяды Слонімскага раённага ліцэя па біялогіі, рускай і беларускай мове і літаратуры, што паслужыць стымулам да далейшага ўдзелу ў падобных мерапрыемствах.

Можна з упэўненасцю сказаць, што кожная дыстанцыйная алімпіяда — гэта чарговая прыступка да вяршыні ведаў, ключ да поспеху, развіцця творчага патэнцыялу.

Ларыса ПАПЛАЎСКАЯ,
дырэктар Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.