Дыялог і супрацоўніцтва не маюць альтэрнатывы

Супрацоўніцтва Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) і Беларусі ў выбарчым працэсе асабліва важнае, заявіў дакладчык па Беларусі камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні падчас круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

“Наогул, я лічу, што беларусы павінны запрашацца на ўсе мерапрыемствы ПАСЕ ў гэтай сферы”, — сказаў Андрэа Рыгоні. Прадстаўнік ПАСЕ адзначыў, што, напрыклад, хацеў бы запрасіць беларускіх прадстаўнікоў на канферэнцыю, якая звязана з тэмай работы СМІ на выбарах. Яна пройдзе 5 чэрвеня ў Берліне.

“Для мяне гонар прадстаўляць тут ПАСЕ ў якасці дакладчыка. Мы пачалі думаць аб правядзенні гэтага круглага стала ўжо адразу пасля выбараў 2015 года”, — сказаў Андрэа Рыгоні. Паводле яго слоў, мэтазгодна абмеркаваць, што добра працавала ў Беларусі ў час выбарчай кампаніі — 2015, а якія моманты ў выбарчым працэсе трэба змяніць.

Акрамя таго, на думку дакладчыка ПАСЕ, трэба ўзмацніць супрацоўніцтва Беларусі з Венецыянскай камісіяй.

Андрэа Рыгоні звярнуў увагу, што ўсе члены Савета Еўропы і АБСЕ рэгулярна атрымліваюць рэкамендацыі па паляпшэнні выбарчага працэсу, таму гэта тычыцца не толькі Беларусі. Ён падкрэсліў, што ў яго вопыт назірання за выбарамі з 2001 года ў складзе 55 місій. “Ва ўсіх краінах мы стараемся і будзем старацца палепшыць базавыя стандарты для выбараў”, — акцэнтаваў дакладчык.

Выбары ў беларускі парламент, якія маюць адбыцца ў верасні, будуць, на яго погляд, фундаментальным этапам для Беларусі і для нармалізацыі яе адносін з Саветам Еўропы і Еўрасаюзам. “Мы ўсе перакананы, што Беларусь павінна ўвайсці ў ПАСЕ”, — падкрэсліў Андрэа Рыгоні. Ён выказаў надзею, што ПАСЕ зможа назіраць за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў гэтым годзе.

Дакладчык выступае за далейшае збліжэнне Савета Еўропы і Беларусі крок за крокам. “Дыялог і супрацоўніцтва не маюць альтэрнатывы. Гэта адзіны шлях, які можа дапамагчы”, — заявіў Андрэа Рыгоні.

Прадстаўнік ПАСЕ, а таксама прадстаўнікі АБСЕ, Еўрапарламента, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Венецыянскай камісіі, Цэнтра еўрапейскай перспектывы і члены абедзвюх палат беларускага парламента прынялі ўдзел у круглым стале па стандартах правядзення выбараў і пытаннях паляпшэння выбарчага заканадаўства ў Палаце прадстаўнікоў. На ім таксама прысутнічала старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *