Дыялог паміж ЕАЭС і Еўрасаюзам павысіць выніковасць “Усходняга партнёрства”

- 12:57Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіла намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін — удзельніц “Усходняга партнёрства”, якая адбылася ў Тбілісі ў час шостага раўнда нефармальных міністэрскіх дыялогаў ініцыятывы, паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.

Алена Купчына падкрэсліла неабходнасць большай дыферэнцыяцыі, павышэння выніковасці ініцыятывы шляхам рэалізацыі канкрэтных рэгіянальных праектаў, а таксама наладжвання дыялогу і ўзаемадзеяння паміж двума інтэграцыйнымі аб’яднаннямі — Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрапейскім саюзам — з мэтай стварэння ў будучым адзінай эканамічнай прасторы паміж Лісабонам і Уладзівастокам.
Асноўную ўвагу ўдзельнікі сустрэчы ўдзялілі пытанням рэалізацыі ініцыятывы і перспектывам яе далейшага развіцця пасля Рыжскага саміту “Усходняга партнёрства”, у тым ліку ў кантэксце перагляду еўрапейскай палітыкі суседства. У ходзе пленарнай дыскусіі кіраўнік беларускай дэлегацыі акрэсліла прынцыповыя падыходы Беларусі да супрацоўніцтва ва “Усходнім партнёрстве”, праінфармавалі ў МЗС.
У час нефармальных міністэрскіх дыялогаў Алена Купчына сустрэлася з кіраўнікамі дэлегацый іншых краін-партнёраў, камісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні Ёханесам Ханам і намеснікам генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Шміт. “Абмеркавана шырокае кола пытанняў двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку развіцця адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам”, — адзначылі ў МЗС.