Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

- 11:18Планёрка ў рэгіёне

“Для выпускнікоў базавых і сярэдніх школ пачалася гарачая і вельмі адказная пара, калі трэба рабіць прафесійны выбар. У некаторых установах адукацыі Мёрскага райвыканкама Віцебскай вобласці сёння рэалізоўваюцца прафарыентацыйныя праекты, якія распрацавалі навучэнцы пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў”, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мёрскага райвыканкама Віцебскай вобласці Аляксандр Іванавіч Жук.

— Так, праект “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” Чапукоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і праект “Лясныя прафесіі — выбар мужных людзей” Узменскага дзіцячага сада — базавай школы былі прызнаны лепшымі падчас абласнога этапу XVII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!”, — працягнуў Аляксандр Іванавіч. — Па выніках рэспубліканскага этапу выставы дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь III ступені былі ўзнагароджаны метадыст ВМК нашага аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Ягораўна Бандарэнка і інжынер-праграміст аддзела Алена Уладзіміраўна Немянёнак за распрацоўку матэрыялаў з вопыту правядзення конкурсу мабіфільмаў “Мы выбіраем прафесіі”.

— Якая работа праводзіцца ў школах раёна ў напрамку прафесійнага самавызначэння навучэнцаў?

— Сярод навучэнцаў 8—9 класаў праводзіцца псіхалагічная дыягностыка, анкетаванне. Даследуюцца матывацыйныя, камунікатыўна-паводзінскія, асобасныя якасці вучняў, іх інтарэсы. З бацькамі школьнікаў ладзяцца апытанні і гутаркі, каб даведацца аб іх запытах адносна дапрофільнай падрыхтоўкі дзяцей. У залежнасці ад вынікаў дыягностыкі фарміруюцца профільныя класы і групы. У 9 установах адукацыі раёна арганізаваны факультатыўныя заняткі “Асновы выбару прафесіі”. Амаль 70% школьнікаў Мёршчыны працягваюць навучанне ў 10 класе. Найбольш запатрабаванымі прадметамі ў старшакласнікаў пры выбары профільнага навучання з’яўляюцца матэматыка, фізіка, руская, беларуская і замежныя мовы, а таксама хімія і біялогія. У 2016/2017 навучальным годзе профільнае навучанне было арганізавана ў 11 установах адукацыі. У раёне дзейнічаюць 6 профільных класаў і 17 профільных груп, у якіх займаюцца 205 (54,6%) старшакласнікаў. Працуюць творчыя групы настаўнікаў матэматыкі, хіміі і біялогіі, якія падчас сумесных сустрэч распрацоўваюць матэрыялы ўрокаў, кантрольных работ, тэставых заданняў, неабходных для работы на павышаным узроўні.

— Якія інавацыі рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі вашага раёна?

— З 2015 года Чапукоўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа ўдзельнічае ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адукацыйнай прасторы”. Школа працуе ў кірунку ўкаранення экалагічнага менеджменту. Вядзецца даследчая работа па вывучэнні відавой разнастайнасці жывёл і раслін на тэрыторыі аграгарадка Чапукі, а таксама валанцёрская і асветніцкая дзейнасць. Настаўнікамі назапашаны метадычныя матэрыялы для правядзення ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, у аснове якіх — мясцовы матэрыял. Установа наладзіла супрацоўніцтва з лясніцтвам, прыродаахоўным прадпрыемствам “Ельня”. Да правядзення прыродаахоўных акцый запрашаюцца бацькі навучэнцаў. Створаны сайт, які адлюстроўвае дзейнасць школы ў інавацыйным праекце, супольнасць “Рэсурсны цэнтр: экалогія ў школе”.

— У якіх конкурсах удзельнічаюць і перамагаюць вашы настаўнікі і навучэнцы?

— Традыцыйнымі сталі ўдзел і перамогі школьнікаў раёна ў маладзёжным конкурсе сачыненняў эпісталярнага жанру пад эгідай Сусветнага паштовага саюза. У 2017 годзе вучань 9 класа Чапукоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Сямён Протас заняў 2-е месца ў краіне ў гэтым конкурсе.

Педагогі школ, навучэнцы ахвотна ўдзельнічаюць у абласных, рэспубліканскіх конкурсах і канферэнцыях па ІКТ, мерапрыемствах з удзелам калег з іншых краін. У Абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “ІКТ у кіраванні адукацыяй” работа “Дыстанцыйны курс “Вывучаем і асвойваем сэрвісы і тэхналогіі Wев 2.0” метадыста ВМК аддзела адукацыі Алены Васільеўны Белавус заняла 2-е месца, а на рэспубліканскім — выйшла ў фінал. Настаўніца рускай мовы Слабадскога дзіцячага сада — базавай школы Алена Фёдараўна Быкава адзначана дыпломам па выніках удзелу ў ІІ Міжнародным экаўроку “Захавальнікі вады”.

У 2016 годзе школьнікі раёна прымалі ўдзел у конкурсе сачыненняў, прысвечаным 55-годдзю Беларускага фонду міру, “Шчасце жыць у мірнай краіне”. Вучань Дзісненскай сярэдняй школы Іван Кавалеўскі заняў 1-е месца падчас абласнога этапу конкурсу. Навучэнцы гэтай жа школы пад кіраўніцтвам настаўніка курса “Даследуючы гуманітарнае права” ўдзельнічалі ў абласных Дзюнанаўскіх чытаннях, прысвечаных 95-годдзю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Аксана Каскевіч, вучаніца Павяцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, атрымала дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Ліст сябру “Аб Радзіме сваёй спяваю” конкурсу “Юныя журналісты Беларусі і Расіі пра Саюзную дзяржаву”, які праводзіла газета “Пераходны ўзрост”. Дыпломы II ступені атрымалі вучні Мілашоўскага дзіцячага сада — базавай школы ў Міжнародным конкурсе “Алімпіс-2015”.

Вучні Мёрскай сярэдняй школа № 3 імя Героя Савецкага Саюза Ягора Андрэевіча Тамко пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Ларысы Генрыхаўны Лапкоўскай штогод удзельнічаюць у міжнародных конкурсах: дзіцячым Пушкінскім конкурсе, конкурсе “Білінгва” і інш. Іх запрашаюць для ўдзелу ў міжнародных фестывалях аматараў рускай мовы ў Маскве, дзе ў мінулым навучальным годзе каманда школы заняла 3-е месца, а вучні ў некаторых намінацыях заваявалі 1-е і 2-е месцы. Сама настаўніца — пераможца Пушкінскага конкурсу і іншых міжнародных конкурсаў.

Школьнікі і педагогі раёна займаюць прызавыя месцы ў Рэспубліканскім конкурсе паэтычных твораў “Рыфма.by”. У мінулым навучальным годзе нашы настаўнікі беларускай мовы і літаратуры арганізавалі ўдзел навучэнцаў у сацыяльна-культурнай акцыі, прысвечанай 90-годдзю з дня выхаду паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. За лепшыя работы вучні і іх педагогі былі запрошаны на заключнае свята ў музей Якуба Коласа ў Мінску. Настаўнікі-беларусазнаўцы ўдзельнічалі таксама ў адкрытым дыстанцыйным конкурсе па беларускай літаратуры, прысвечаным 85-годдзю з дня нараджэння У.Караткевіча, у конкурсе з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы “Звычаі i абрады ў вершах Р.Барадуліна”.

— Якая праблема сёння найбольш вас непакоіць?

— У сувязі з аптымізацыяй сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі павышанай увагі патрабуе арганізацыя падвозу дзяцей. Аўтобусны парк аддзела адукацыі, спорту і турызму зношваецца і старэе, па магчымасці імкнёмся яго абнаўляць. Хвалюе нас і якасць набытых аўтобусаў. Яны не заўсёды падыходзяць для сельскіх дарог, якія маюць як асфальтавае, так і гравійнае пакрыццё і патрабуюць частага рамонту ўжо ў першы-другі год эксплуатацыі. Акрамя таго, узнікла неабходнасць увядзення ў штатны расклад адукацыйных устаноў пасад спецыялістаў па абслугоўванні аўтатранспарту.

Надзея ЦЕРАХАВА.