Дзе ў Беларусі знаходзіцца адно з самых выдатных месцаў для стварэння бандарных шэдэўраў?

- 16:28Образование

Лельчыцкі раён размешчаны ў самай маляўнічай глыбінцы Палесся — краі хваёвых, дубовых і бярозавых гаёў. Гэта выдатнае месца для стварэння бандарных шэдэўраў.

Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя большасць посуду ў хатняй гаспадарцы селяніна была з дрэва, што сведчыць пра вялікае значэнне бандарнага промыслу. У некаторых вёсках бондары сярод іншых рамеснікаў займалі 2-е месца, саступаючы па колькасці толькі цеслярам. Для многіх бондараў гэты промысел быў родавым заняткам.

Мы наведалі з вучнямі жыхара Лельчыц Пятра Фёдаравіча Мілічэнку. Ён сустрэў нас прыязна і прапанаваў прысесці на лаве. Я спытала ў Пятра Фёдаравіча: “А зараз вы вырабляеце бандарныя вырабы?” Ён уздыхнуў і адказаў: “Зараз я не займаюся вырабам посуду. Мне ўжо 80 гадоў, цяжка займацца такой працай. Хаця я любіў вырабляць драўляны посуд”. Тады спытала: “Як вы апрацоўвалі клёпкі?” Пётр Фёдаравіч задумаўся, а потым сказаў: “Клёпкі (падоўжныя трапецападобныя ці акруглыя планкі. — Заўвага аўтара.) я апрацоўваў на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка. Для надання клёпцы ўвагнутага профілю выкарыстоўваў скоблі і шархебель — від гэбліка з паўкруглым лязом. Больш складаным быў выраб акруглай бачарнай клёпкі. Абручы рабіў на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнуў на спецыяльнай кало­дзе. Сцягваў абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша”.

Мы пагутарылі і з Яўгенам Рыгоравічам Сігнаеўскім. Ён жыве ў вёсцы Салагубаў. Шмат гадоў мужчына працаваў ляснічым у Данілевіцкім лясніцтве. Па словах Яўгена Рыгоравіча, важным элементам у бандарнай справе было выкарыстанне той ці іншай драўніны: народныя майстры ўлічвалі пароду дрэва, яго стан, вільготнасць, умовы росту, сезон нарыхтоўкі. Адна з самых каштоўных парод — дуб. Акрамя трываласці і даўгавечнасці посуду, гэтае дрэва надае прадуктам харчавання спецыфічны смак, садзейнічае працэсу квашання.

Драўляныя ёмістасці з клёпак вырабляліся для захавання і дастаўкі прадуктаў: вадкіх, паўвадкіх і сыпучых рэчываў. Форма клёпак — падоўжная, трапецападобная ці акруглая, выпуклая, якая абумовіла форму вырабу — кадзепадобную ці бачарную. Яны адрозніваліся памерамі, прапорцыямі, наяўнасцю састаўных элементаў, матэрыяламі, пародамі дрэва. Функцыянальная мэтазгоднасць і канструктыўны рацыяналізм, лаканізм ліній і форм, сціпласць аздаблення — адметныя рысы, якія вызначалі жыццё­вую сілу народнага майстэрства.

Пашчасціла паразмаў­ляць і з майстрам бандарных вырабаў Іванам Фёдаравічам Германам. Ён паведаміў пра даёнку.

“Даёнка, а яшчэ яе называлі дойніца, — пасудзіна на 5—10 літраў, крыху шырэйшая ў верхняй частцы, выкарыстоўвалася ў час даення кароў, — расказаў Іван Фёдаравіч. — Рабілі дойніцы з хваёвых, дубовых ці кляновых клёпак. Адна падоўжная клёпка ўтварала ручку, у клёпцы насупраць рабіўся літок — губа, рыльца. Пры даенні кароў у полі выкарыстоўвалася даёнка з почапкай, яшчэ яе называлі восілкай, каб гаспадыні было зручней трымаць даёнку”.

Дзядуля адной маёй вучаніцы таксама валодаў сакрэтамі бандарнага майстэрства. Дзяўчынка прыехала да яго пагасціць у вёску Чырвонабярэжжа і ўбачыла, што ён майструе невялікую дзежачку з клёпак. Было цікава назіраць за працай. Школьніца спытала ў дзядулі, што такое вадзянка (гэтае слова прачытала ў творах беларускіх пісьменнікаў). Дзядуля прысеў і сказаў: “Унучка, ва­дзян­ка — гэта пасудзіна ў форме кадушкі ці цэбрыка, мела накрыўку. Ставілі ва­дзян­ку ў хаце каля парога ці ў сенцах”.

Не адзін раз задавала сабе пытанне: раней не было прыгожых шаф, а куды маладая дзяўчына збірала пасаг для замужжа? Вырашыла наведаць Галіну Макараўну Некрашэвіч, жыхарку Лельчыц. Я спытала ў Галіны Макараўны, куды яна складвала пасаг. На твары жанчыны прабегла ўсмешка, а потым яна сказала: “Мой бацька быў бондарам і зрабіў мне кубел, а яшчэ называлі яго бодня. Вось я і складвала сабе пасаг у бодню”.

Жанчына завяла мяне ў клець і паказала бодню, дзе зараз захоўвае зерне для корму жывёлы. Яна спрытна зачыніла дзверы клеці і ціха пачала весці гутарку: “Кубел — выраб, у якім складвалі адзенне, саматканае палатно, каштоўныя рэчы. Яго рабілі з доўгіх асінавых ці хваёвых клёпак да 120—130 сантыметраў. Радзей днішча сцягвалі 4—7 абручамі. Дзве больш доўгія процілеглыя клёпкі, што выступалі зверху, утваралі вушкі. На адным канцы цуркі часам была проразь для замка. Кожная дзяўчына на выданні мела свой кубел, у які загадзя рупліва збірала пасаг. Пасля вяселля кубел з пасагам вясельнікі грузілі на воз, пад гукі бомаў следам за маладой везлі ў харомы маладога”.

Па словах майстра Пятра Макаравіча Карася, калі пачыналі рабіць бандарны выраб, то абавязкова чыталі малітву. Некаторыя бралі благаславенне ў бацюшкі. Бондары заўсёды пачыналі справу, калі маладзік ішоў пад поўнае, бо лічылі, што тады зроблены посуд бу­дзе напоўнены агароднінай, збожжам, садавіной, мёдам.

З узнікненнем бандарнай справы з’явілася шмат прозвішчаў. Мы вырашылі падлічыць, колькі вучняў і настаўнікаў нашай школы маюць такія прозвішчы. Таксама нас зацікавіла, колькі чалавек маюць такія прозвішчы ў Лельчыцах. У народзе кажуць так: “Той, хто кіраваў майстэрняй бондараў, меў прозвішча Бондар, а той, хто быў намеснікам бондара, меў прозвішча Бандарэнка, хто выконваў усю работу па бандарнай справе, меў прозвішча Бандарчук”.

Бондарства — гэта праца, гімн адвечнаму імкненню нашых нашчадкаў да прыгожага. Бондарства — гэта выказванне свайго разу­мення жыцця, свету, хвала ўмелым рукам, светлай, добрай, паэтычнай душы чалавека.

Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ,
настаўніца гісторыі лельчыцкай сярэдняй школы № 1
Фота аўтара