Дзейнічаць у коле ўплыву, ці Сакрэт станоўчых змяненняў

- 10:40Адукацыйная прастора

Пачынаць працоўную дзейнасць заўсёды няпроста, таму што любыя перамены — заўсёды стрэс у той ці іншай ступені. Аднак за імі крыюцца і новыя магчымасці, перспектывы, асабісты рост. Школы маладых і пачынаючых педагогаў дапамагаюць навічкам атрымліваць каштоўныя парады і вопыт, каб затрымацца ў прафесіі і не стаяць на месцы ў сваім развіцці. 

У Школе пачынаючага настаўніка Заводскага раёна Мінска, якая працуе на базе сталічнай сярэдняй школы № 92, сёлета займалася больш за 20 маладых настаўнікаў матэматыкі, хіміі, гісторыі, замежных моў і іншых прадметаў, а таксама пачатковых класаў. Удзельнікі падвялі вынікі работы, з задавальненнем адзначыўшы агульныя і ўласныя дасягненні і змяненні.

Г.С.Крылова.

Ганна Сяргееўна Крылова — маладая настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 92. На ўласным вопыце яна ведае актуальныя праблемы навічкоў. Адна з іх — патрэба адчуць сябе больш упэўнена і атрымаць станоўчы вопыт. 

— Як паказвае вопыт мой і маіх знаёмых, даволі распаўсюджаная сітуацыя, калі прык­ладна на 4—5 курсе з’яўляюцца сумненні, ці тую спецыяльнасць ты выбраў, каб займацца ёй усё жыцце, ці не зрабіў памылку, — дзеліцца ўласнымі меркаваннямі Г.С.Крылова. — 

Я зразумела: не паспрабуеш — не даведаешся дакладнага адказу на гэтае пытанне. Толькі папрацаваўшы, можна пазбавіцца сумненняў ці, наадварот, зразумець, што шлях выбраны няправільна. У любым выпадку не варта адразу ж рабіць глабальныя высновы, бо не можа быць ўсё лёгка і проста. Важна бачыць праблемы, свае слабыя і моцныя бакі і шукаць выйсце, каб рухацца наперад у прафесіі. Пазбегнуць многіх памылак і справіцца з цяжкасцямі, набыць неабходныя навыкі і асвоіць тонкасці прафесіі мне дапамагла Школа пачынаючага настаўніка, якую ўзначальвае настаўніца ма­тэматыкі нашай школы Святлана Іосіфаўна Багдановіч. Тут і ў сваёй установе адукацыі нас акружылі цікавыя людзі — настаўнікі з вялікім стажам работы, псіхолаг. 

Для Ганны Сяргееўны першыя працоўныя гады праляцелі вельмі хутка. Сумненні засталіся ў мінулым, і работа па спецыяльнасці прыйшлася па душы. Якія ж галоўныя адкрыцці дзяўчына зрабіла дзякуючы заняткам у Школе пачынаючага настаўніка? Першае з іх гучыць так: неабходна знаходзіцца ў коле ўплыву, а не клопатаў.

— Кожны час мае свае праблемы, — адзначае маладая настаўніца. — Зараз, напрыклад, дзеці, якія выраслі ў лічбавым свеце, менш уважлівыя, часам няпроста знайсці агульную мову і з бацькамі. Аднак гісторыя даказвае: 

у любыя перыяды і часы ёсць настаўнікі і педагагічныя калектывы, якія вучаць дзяцей цікава, захоплена і эфектыўна. Гэта значыць, многае залежыць ад самога чалавека, і нельга ўсе свае паражэнні спісваць выключна на знешнія фактары. Пры гэтым заўсёды ёсць тыя, хто лічыць сябе ахвярай складанасцей, высокай нагрузкі ці нечага іншага. 

На адным з пасяджэнняў ішла гаворка аб ідэі пра кола ўплыву і клопатаў, якой падзяліўся Стывен Кові. Гэта адзін з самых бліскучых бізнес-экспертаў, аўтар некалькіх кніг, у тым ліку бестселера “Сем навыкаў высокаэфектыўных людзей”, якую часопіс Chief Executive назваў самай уплывовай дзелавой кнігай апошніх ста гадоў, а часопіс TIME ўключыў у спіс 25 ключавых бізнес-кніг. Стывен Кові прысвяціў жыццё навучанню эфектыўнаму лідарству і цэласнаму развіццю чалавека. Яго кнігі пераведзены на 40 моў свету. Дарэчы, Дэвід Кові нямала ўвагі ўдзяляў развіццю лідарскіх навыкаў у дзяцей. Яго кніга “Лідар ува мне” дапамагае раскрыць патэнцыял дзіцяці. 

Ідэя Стывена Кові дапамагла маладой настаўніцы зрабіць штодзённае жыццё, у тым ліку і працоўныя будні, больш эфектыўнымі і, адпаведна, адчуваць задавальненне ад зроб­ленага. Кола клопатаў — тое, пра што чалавек хвалюецца штодзень, але зрабіць нічога не можа. Аднак у кожнага ёсць яшчэ і кола ўплыву — гэта якраз тое, што прама ці ўскосна падуладна кантролю чалавека, што ён у стане змяніць (напрыклад, якасць урокаў, уласны настрой, прафесіяналізм і г.д.). Розніца ў тым, што так званыя “ахвяры” пастаянна знаходзяцца ў коле клопатаў, хвалююцца з-за знешніх фактараў, дарэмна губляючы на гэта свае сілы, час і не атрымліваючы вынікаў. Адказнасць жа пачынаецца ў той момант, калі чалавек пераходзіць да канкрэтных дзеянняў у сваім коле ўплыву, а значыць, стараецца змяніць тое, на што ён можа паўплываць. 

— Раю правесці такі нескладаны, усім даступны эксперымент: кожны раз, калі будзеце гаварыць пра сваю работу, прасачыце, знахо­дзіцеся вы ў зоне клопату ці ў зоне ўплыву, — гаворыць Ганна Сяргееўна. — Вынікі мяне ўразілі і дапамаглі многае змяніць у сваіх звычках. Калі ў мове чалавека шмат выразаў накшталт “мне даводзіцца”, “я вымушаны(а)”, “мне патрэбна”, калі пераважаюць глабальныя тэмы і адмоўныя выразы, значыць, непрыметна для сябе ён трапіў у пастку кола клопатаў. Варта выбірацца з яе, займаць пазіцыю актыўнасці, самаразвіцця, і тады працаваць і жыць стане нашмат больш цікава, прыйдзе задавальненне ад таго, што ёсць пэўны рух. А станоўчыя змены “заразныя”. Нездарма ж ёсць людзі, на якіх хочацца раўняцца, каб у нечым стаць падобнымі да іх. 

Калі ж у размове пра работу пераважнае месца займаюць не праблемы, а рашэнні, калі шмат актыўных выразаў “я хачу”, “я зраблю”, то гэта ўжо зусім іншая справа. Адметнасць колаў клопату і ўплыву яшчэ і ў тым, што гэтыя парадыгмы ўласцівы ўсім сферам жыцця. Калі выбіваюць з каляіны праблемы на рабоце, малаверагодна, што чалавек з лёгкасцю будзе вырашаць сямейныя ці міжасобасныя пытанні. Любое істотнае змяненне (у школе ці за яе межамі) пачынаецца з прыняцця адказнасці за тое, што адбываецца. 

Другі важны пункт, які адкрыла для сябе Ганна Сяргееўна, — неабходна правільна ставіць мэты. На занятках Школы пачынаючага настаўніка акцэнтавалі ўвагу: важна скурпулёзна прадумаць мэты, тое, для чаго праводзіцца ўрок. Таксама дзяўчыне цікава было даведацца, што акрамя планавання на год (каляндарна-тэматычнага) і на канкрэтны ўрок (паўрочнага), можна прадумаць для сябе і планаванне тэматычнымі блокамі, каб ахапіць прамежкавыя часавыя этапы. Адзін блок у залежнасці ад інтэнсіўнасці заняткаў па канкрэтным прадмеце можа быць разлічаны на некалькі тыдняў ці месяц. Такім чынам мэты, пастаўленыя на год, драбняцца на некалькі, што дапамагае нічога не ўпусціць. 

— Я абавязана многімі ідэямі сваіх урокаў кіраўніку Школы пачынаючага настаўніка Святлане Іосіфаўне Багдановіч, — адзначае Г.С.Крылова. — Таксама вельмі ўдзячна ды­рэктару нашай сярэдняй школы № 92 Нэлі Віктараўне Зелент, яе намеснікам Ірыне Іванаўне Шкумат і Алене Іосіфаўне Малчанавай за іх здольнасць у любой сітуацыі аказаць падтрымку маладым спецыялістам, а таксама Тамары Аркадзьеўны Бялькевіч за метадычную дапамогу. Удзячна ўсім настаўнікам, якія паўплывалі на маё жыццё і працягваюць рабіць гэта сёння.

Самым натхняльным момантам у рабоце для Ганны Сяргееўны стала дзіцячая ўдзяч­насць. Калі на перапынку нечакана падыхо­дзіць нехта з вучняў і кажа дзякуй, радуецца, што ён нарэшце разабраўся ў тэме, стомленасць у маладой настаўніцы праходзіць імгненна. Такія моманты акрыляюць.

— Стараюся, каб на маіх уроках дзецям было цікава, — дзеліцца сваім вопытам Г.С.Крылова. — У старшых класах я пакуль не выкладала. А вось у 5—8 класах вучні з цікавасцю працуюць у групах. Таксама выдатна дапамагае матываваць і далучаць усіх да работы гульнявая форма дзейнасці. Тады і час пралятае непрыметна, і матэрыял засвойваецца лягчэй і лепш. Таму пастаянна прыдумваю нешта новае, каб зацікавіць і ўцягнуць увесь клас у актыўную дзейнасць. 

Адной з любімых гульняў на ўроках матэматыкі, якую перыядычна праводзіць настаўніца, стаў “Марскі бой”. У адну каманду ўваходзяць вучні, у другую — Ганна Сяргееўна. На дошцы расчэрчваецца класічнае для такой гульні поле. На аркушы паперы, які ніхто не бачыць, настаўніца “расстаўляе” свае караблі. Па чарзе дзеці “страляюць” у квадрацікі. Калі вучань прамахваецца і трапляе ў пусты квадрацік, па правілах гульні яму неабходна рашыць задачу, прыклад ці выканаць нейкае іншае матэматычнае заданне. Часам дзеці аб’ядноўваюцца ў некалькі груп і робяць гэта сумесна. 

У ліку цікавых напрацовак настаўніцы —гульня “Поле цудаў”, якая таксама праходзіць на ўра. Спецыяльную праграму Ганна Сяргееўна распрацоўвала разам з мужам, які заўсёды прыходзіць на дапамогу. Для арганізацыі гульні патрэбна інтэрактыўная дошка ці камп’ютар з вялікім маніторам. На экране з’яўляецца кола, як у славутай тэлеперадачы. Вучні разбіваюцца на тройкі гульцоў. Кожны націскае на кнопку мышы і такім чынам круціць барабан. Затым неабходна выканаць заданне ці адказаць на пытанне, якое выпала. Прадугледжаны таксама музычныя паўзы, падчас якіх настаўніца прапаноўвае вучням праслухаць цікавыя матэматычныя факты ці нейкую іншую тэарэтычную інфармацыю. Ачкі ўдзельнікаў складваюцца, і па выніках гульні вучням выстаўляюцца адзнакі.

П.Д.Кішко.

За мінулы навучальны год, які быў першым працоўным, адчула сябе больш упэўнена і маладая настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 92 Паліна Дзмітрыеўна Кішко. Яна скончыла лінгвагуманітарны каледж Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Падчас практыкі ўпэўнілася ў сваім жаданні працаваць з дзецьмі, як і марыла амаль з дзяцінства. 

— Мне вельмі спадабалася весці ўрокі, — гаворыць дзяўчына. — Спачатку мы з аднагрупнікамі былі замацаваны па некалькі чалавек за класам, каб адпрацоўваць свае навыкі. Пасля выкладалі па двое, і нарэшце на працягу трох месяцаў можна было больш самайстойна, па адным спрабаваць сябе ў ролі настаўніка. Для мяне гэта быў самы доўгачаканы момант. Безумоўна, былі пэўныя цяжкасці пры падрыхтоўцы да ўрокаў, рэалізацыі запланаванага, аднак задавальненне ад педагагічнай дзейнасці ўсё гэта перакрывала. 

Пасля заканчэння каледжа Паліна Дзмітрыеўна не мела ніякіх сумненняў і была рада, што стала маладым спецыялістам. Хаця і вельмі хвалявалася, асабліва наконт таго, як складуцца адносіны з вучнямі, іх бацькамі і калегамі. Таксама непакоілася, ці будзе паспяваць падрыхтавацца да ўсіх урокаў, бо падчас практыкі гэта выклікала самыя вялікія цяжкасці і яна пастаянна не высыпалася. 

Маладая настаўніца задаволена тым, як прайшоў яе першы працоўны год. Дзякуючы дружнаму калектыву сярэдняй школы № 92, сустрэчам з вопытнымі педагогамі і такімі ж, як яна, навічкамі хутка адчула сябе камфортна і спакойна і ніколі не была адзін на адзін са сваімі праблемамі. 

— У мяне выдатныя вучні, — усміхаецца П.Д.Кішко. — Я выкладала ў трэціх, шостых, дзясятых і адзінаццатых класах. Прызнацца, спачатку дзеці падумалі, што я злая і патрабавальная (апошняе і сапраўды пра мяне). Мне нават не прыйшлося шукаць нейкі падыход, бо вучні самі да мяне пацягнуліся. Думаю, тут уся справа ў маладым узросце і шчырасці, якая заўсёды адчуваецца. Даволі хутка мы знайшлі агульную мову, я была рада стаць для іх старэйшым сябрам. Радуе, што вучні мне давяраюць. Адчуваю адказнасць за тое, як я іх вучу, якія даю парады і прыклад. 

Сваім галоўным дасягненнем маладая настаўніца лічыць тое, што вучні на ўроках актыўныя, не баяцца выказваць свае думкі, будаваць выказванні на замежнай мове. Маладому педагогу ўдалося пераадолець свае страхі і палепшыць веданне замежнай мовы вучняў, павысіць іх зацікаўленасць прадметам.

І.Р.Міхалевіч.

Яшчэ адзін наведвальнік Школы пачынаючага настаўніка Заводскага раёна Іван Рыгоравіч Міхалевіч выкладае матэматыку ў сярэдняй школе № 135. З самага пачатку ў сваёй педагагічнай дзейнасці ён кіруецца словамі кітайскага стратэга і мысліцеля Сунь Цзы: “У навучанні нельга прыпыняцца”. На першы год работы ў школе паставіў сабе некалькі мэт: набыццё вопыту, атрыманне прафесійных навыкаў і самаразвіццё праз навукова-пазнавальную дзейнасць. 

Спачатку самым складаным было пабудаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з вучнямі. Хацелася лепш даведацца і зразумець дзяцей. На гэта спатрэбіўся час, але кантакт быў наладжаны — маладому настаўніку і вучням стала камфортна разам, нібы яны даўно знаёмыя. 

— Урокі, стымулюючыя заняткі з высокаматываванымі вучнямі, падтрымліваючыя заняткі з непаспяваючымі дапамаглі за год набыць пэўны вопыт, — гаворыць І.Р.Міхалевіч. — Свой плён дала і пазаўрочная дзейнасць, у якую уваходзіць работа ў шосты школьны дзень і ў школьным лагеры ў перыяд канікул. Гэта дало магчымасць у розных сітуацыях адкрыць для сябе сваіх вучняў.

Малады педагог адзначае, што яму важна было палепшыць свае навыкі аратарскага майстэрства. У гэтым дапамагаюць рэгулярная падрыхтоўка да ўрокаў, вывучэнне дома адпаведных матэрыялаў па тэме. Справіцца з цяжкасцямі, у прыватнасці, з праблемай, як правільна ацэньваць вучня і палепшыць навыкі сваёй кантрольна-ацэначнай дзейнасці, ён змог дзякуючы Школе пачынаючага настаўніка. Таксама цікава было стаць удзельнікам канферэнцыі ўстаноў адукацыі Заводскага раёна “Адукацыйная прастора мегаполіса: актуальныя пытанні, дасягненні і інавацыі”. Малады педагог на­прыканцы года падвёў уласныя вынікі: некаторых мэт удалося дасягнуць, аднак варта працягваць працаваць далей, да таго ж з часам фарміруюцца новыя мэты. Так што Іван Рыгоравіч на ўласным вопыце пераканаўся: у педагагічнай прафесіі заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. 

Настаўнік стараецца выкладаць свой любімы прадмет так, каб вучні не былі заняты аднастайнай дзейнасцю і пераймалі яго адносіны да матэматыкі. Нестандартнасць заняткаў пабуджае навучэнцаў з цікавасцю адносіцца да прапанаваных заданняў. Дастаткова часта педагог выкарыстоўвае гульнявыя моманты. Творчасці на ўроках таксама ёсць месца. На­прыклад, калі вывучалі тэму “Аб’ёмныя фігуры”, дзеці збіралі такія фігуры з разгортак. У выніку яны ўбачылі, як з плоскага малюнка ўтвараецца аб’ёмная фігура. Гэта адразу выклікала інтарэс да тэмы, імкненне да таго, каб далей разбірацца ў асаблівасцях такіх фігур, і матэрыял быў добра засвоены. 

Часам урокі матэматыкі праходзяць у камп’ютарным класе. Іван Рыгоравіч загадзя рыхтуе прэзентацыі, уключаючы ў іх малюнкі для нагляднасці, тлумачэнні, міні-тэсты і іншыя заданні, якія трэба выканаць кожнаму вучню. На ўроках педагог удзяляе ўвагу не толькі фарміраванню матэматычных уменняў і навыкаў, але і развіццю ўвагі, памяці. На наступны год настаўнік таксама паставіў сабе канкрэтныя мэты. Прынамсі яму цікава паспрабаваць рыхтаваць вучняў да прадметных алімпіяд. Малады чалавек перакананы: бязмэтнае хаджэнне на работу не прывядзе да выдатнага выніку. Проста плыць па цячэнні ён не хоча і нікому не раіць. Варта дак­ладна ведаць, чаго ты сам хочаш, і рухацца да гэтага. Сваіх вучняў Іван Рыгоравіч таксама імкнецца матываваць ставіць перад сабой пэўныя мэты і працаваць над іх дасягненнем.

Таццяна ШЫМКО.