Дзеля поспеху кожнага вучня

- 11:24Адукацыйная прастора

— Настаўніцкае шчасце складаецца з вучнёўскіх перамог, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 18 Брэста Святлана Уладзіміраўна Мартысюк. — Што неабходна рабіць, каб вучні былі паспяховымі? Ці заўсёды паспяховыя школьнікі становяцца паспяховымі людзьмі? Кожны педагог шукае адказ на гэтыя пытанні. Задача настаўніка — стварыць умовы для раскрыцця і развіцця здольнасцей дзяцей з мэтай іх наступнай рэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці. Вырашыць гэтую задачу дапамагае кампетэнтнасны падыход, які рэалізоўваецца ў нашай школе найперш праз профільнае навучанне і інавацыйную дзейнасць.

З мінулага навучальнага года ўстанова працуе над інавацыйным праектам па ўкараненні мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення. Мэта праекта, у якім удзельнічаюць старшакласнікі, заключаецца ў фарміраванні ключавых кампетэнцый інтэлектуальна адораных і высокаматываваных вучняў шляхам іх псіхолага-педагагічнага і цьютарскага суправаджэння падчас прафесійнага станаўлення.

— Вучні фарміруюць адукацыйныя запыты, а настаўнікі павінны арганізаваць адукацыйную траекторыю развіцця кожнага дзіцяці, — расказвае С.У.Мартысюк. — На першы план выходзіць індывідуальны падыход і дыферэнцыяцыя навучання. Індывідуальную адукацыйную праграму ствараюць настаўнікі-цьютары. Сярод іх — настаўнік гісторыі Сяргей Аляксандравіч Сярко і настаўніца рускай мовы і літаратуры Раіса Баталбіеўна Магаметава, пад кіраўніцтвам якіх цьютаранты неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і гарадскіх творчых конкурсаў і прадметных алімпіяд, удзельнічалі ў міжнародных спаборніцтвах.

С.У.Мартысюк лічыць, што вельмі важна арганізаваць не толькі сутворчасць настаўнікаў і вучняў, але і супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі горада для большага развіцця творчага патэнцыялу дзяцей. Так, вялікую падтрымку ў рабоце з высокаматываванымі вучнямі аказвае Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Брэсце, які прапаноўвае цікавыя формы сумеснай дзейнасці. Вучні ўдзельнічалі ў міжнароднай акцыі “Татальная дыктоўка — 2016”, перамаглі ў конкурсе “Я — брэстаўчанін. Я — беларус. Я — славянін” сярод устаноў адукацыі Ленінскага раёна Брэста, якія займаюцца інавацыйнай дзейнасцю, увайшлі ў склад зборнай каманды горада і сталі пераможцамі міжрэгіянальнай гульні “Што я ведаю пра Расію?”. Сёння школа падключылася да праектаў РЦНК “Лінгвістычны марафон” і “Інтэрнэт-віктарына”. Акрамя таго, навучальная ўстанова на працягу некалькіх гадоў паспяхова супрацоўнічае з БрДТУ: раз у месяц выкладчыкі кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту праводзяць са старшакласнікамі заняткі па фінансавай дасведчанасці.

— Надзвычай актуальным напрамкам работы з’яўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне вучняў з мэтай фарміравання іх прафесійнага самавызначэння і паспяховай сацыялізацыі, — адзначае С.У.Мартысюк. — У другім паўгоддзі бягучага навучальнага года стартуе праект “Прафпробы” для цьютарантаў, якія змогуць паспрабаваць сябе ў некаторых прафесіях. Цьютаранты — гэта вучні класа грамадазнаўчага напрамку, дзе профільнымі прадметамі з’яўляюцца гісторыя Беларусі і грамадазнаўства. Профільны клас мае асаблівы статус у школе. Яго вучні ўжо сфарміравалі свае адукацыйныя мэты і прафесійныя намеры.

С.У.Мартысюк прызнаецца, што з выбарам профілю навучання ў школе праблем не было. Для гэтага ва ўстанове ёсць усё неабходнае: высокакваліфікаваныя кадры, добрыя ўмовы, дакладныя запыты і традыцыі. Гісторыя школы — гэта і гісторыя профільнай адукацыі. Шмат гадоў навучальная ўстанова мела гістарычны ўхіл.

— Многія пытаюцца: “Навошта вывучаць гісторыю?” Адказ відавочны: вывучаючы мінулае, мы будуем будучыню, кіруючыся багатым вопытам папярэдніх пакаленняў. Вывучэнне гісторыі і грамадазнаўства на павышаным узроўні дазваляе сфарміраваць у вучняў такія важныя якасці і навыкі, як самасвядомасць, адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці, аратарскае майстэрства, культура і інтэлігентнасць. Акрамя таго, навучанне ў профільным класе дапамагае дзецям рыхтавацца да паступлення на гуманітарныя факультэты. Узровень ведаў па ўсіх прадметах у вучняў профільнага класа больш высокі, чым у звычайным. Цьютаранты — пераможцы школьнага конкурсу “Клас года — 2016”. Прыемна, што выпускнікі з году ў год становяцца студэнтамі гістарычных факультэтаў УВА, — падагульняе С.У.Мартысюк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.