Дзень дзяцінства

- 10:37Адукацыйная прастора

У сярэдняй школе № 3 Зэльвы стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць “Дзень дзяцінства” для выпускнікоў 11-х класаў. Развітанне з дзяцінствам для кожнага выпускніка даволі хвалюючае і кранальнае.

“Дзень дзяцінства” — адзін з самых незвычайных і доўгачаканых свят для ўсіх выпускнікоў школы, што, на наш погляд, вельмі важна маладым людзям, якія пачынаюць нялёгкае дарослае жыццё. Яго любяць усе вучні без выключэння. У гэты дзень ва ўсіх адзінаццацікласнікаў цудоўны настрой, яны проста свецяцца ад радасці. Шчыра кажучы, у мае школьныя гады свята не адзначалася, таму я сама з задавальненнем удзельнічаю ў гэтым працэсе.

Канечне, хтосьці скажа, што ўсё гэта дзівацтва, нечы капрыз, аднак, як паказвае практыка, свята дазваляе дзецям, якія пасталелі, выпускнікам школы адчуць сябе маленькімі, без турбот і клопатаў. Адзінаццацікласнікі, развітваючыся з самай светлай і бесклапотнай парой свайго жыцця, прыходзяць у школу ў дзіцячых сукеначках і штоніках, з цацкамі, з хвосцікамі, банцікамі і касічкамі.

Свой “Дзень дзяцінства” выпускнікі 2017 года правялі не зусім звычайна — у дзіцячым садзе. Дарэчы, вельмі радуе, што выхаванцы дзіцячага сада № 3 нашага пасёлка амаль у поўным складзе для навучання выбіраюць нашу ўстанову.

Дзеці пайшлі да малышоў не з пустымі рукамі: у кожнага з іх былі паветраныя шары як сімвал лёгкасці і бесклапотнасці дзяцінства. Атмасфера дзіцячага сада захапіла вялікіх “дзядзяў” і “цёць” — так называлі выпускнікоў самыя маленькія дашкаляты. Тут было ўсё: і складванне пірамідак, і аказанне цырульніцкіх паслуг, і арганізацыя святочнай вечарыны, і гульні. Дарослыя выпускнікі правялі незабыўны час з маленькімі выпускнікамі сада на рэпетыцыі выпускнога балю, дзе гучалі песні, вершы і адчувалася мора задавальнення ад развучвання танцаў.

Адзначу той факт, што многія з выпускнікоў некалі выйшлі са сцен гэтага сада і былі ў іх тыя ж выхавальнікі, якія з задавальненнем адзначалі, гледзячы на дзяцей, як хутка ляціць час.

А колькі радасці было ад прагулкі на гульнявой пляцоўцы: горка, арэлі, пірагі з пяску, нават міні-чэмпіянат па футболе!

Напярэдадні выпускнога балю, будучых іспытаў на цэнтралізаваным тэсціраванні дзень поўнага шчасця, лёгкасці і бесклапотнасці, на мой погляд, вельмі патрэбны нашым навучэнцам.

Канечне, зараз выпускнікі яшчэ дзеці, але ўжо вельмі хутка ім трэба будзе акунуцца ў дарослае жыццё, якое не бывае без праблем. Дык няхай “Дзень дзяцінства” стане тым шчаслівым момантам, які яны будуць успамінаць, гледзячы на фотаздымкі і ўзгадваючы адчуванне радасці, перажытае ў канцы іх знаходжання ў школе.

Шчаслівай дарогі, дарагія выпускнікі!

Таццяна БАБАРЫКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 3 Зэльвы Гродзенскай вобласці.