14 і 15 ліпеня ў рамках афіцыйнай праграмы XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў горадзе над Дзвіной ярка і маляўніча пройдуць мерапрыемствы Дня моладзі, аб’яднаныя агульнай тэматыкай “Беларусь — крыніца натхнення”. Ідэйным натхняльнікам маладзёжнага свята, якое на працягу двух дзён закруціць у займальных падзеях творчую, таленавітую, крэатыўную моладзь з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама гасцей і жыхароў сталіцы фестывалю, з 2004 года выступае Грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
У пятніцу ўвечары на плошчы Перамогі пад дэвізам “Сустракаем Дзень моладзі” праграму свята адкрые Disсo-folk “Вышыванка.bу”. Вопытныя беларускія дыджэі — рэзідэнты папулярных клубаў і тыя, хто толькі пачынае іграць сэты і адточваць свой стыль за DJ-пультам, абяцаюць запаліць грандыёзную танцавальную маладзёжную вечарыну, здзівіць яе ўдзельнікаў моднымі рэміксамі беларускіх хітоў і стаць матыватарамі пазітыву і выдатнага настрою на ўсе святочныя дні.
У суботу апоўдні старт мерапрыемствам Дня моладзі на “Славянскім базары ў Віцебску” дасць арт-парад маладзёжных субкультур “БелаРусь у Сэрцы Маім!”, які пройдзе па цэнтры горада. Творчае шэсце прэзентуе папулярныя ў маладзёжным асяроддзі субкультуры і аб’яднанні: велатрыялісты, джамперы, скейтбардысты, ролеры, брэйк-дансеры, графіцісты, хадулісты, бітбоксеры, хіп-хоперы, бодзі-арт-мастакі, поп-, рок-групы, прадстаўнікі рыцарскіх клубаў, творчых груп, танцавальных школ краіны, удзельнікі маладзёжных аркестраў і музычных калектываў, маладзёжных фальклорных калектываў, маладзёжных духавых і інструментальных аркестраў, маладзёжных тэатраў, байкеры, аматары рэтрааўтамабіляў — прадстаўнікі таленавітай і адоранай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны, запрошаныя госці з блізкага і далёкага замежжа, прадстаўнікі розных нацыянальных культур і інш.
Адным з важных мерапрыемстваў Дня моладзі стане традыцыйная патрыятычная акцыя “Мы памятаем і ганарымся!” з ускладаннем кветак і вянкоў да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі.
На цэнтральнай сцэне, устаноўленай на плошчы Перамогі, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня моладзі з удзелам прадстаўнікоў таленавітых і адораных юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны.
Лепшыя танцавальныя калектывы Беларусі, Санкт-Пецярбурга і Смаленска, Расійскай Федэрацыі закруціць у харэаграфічных батлах фінал Рэспубліканскага маладзёжнага танцавальнага марафону “Агонь танца”. Упершыню ў конкурсную праграму гэтага фестывалю, які аб’яднаў розныя харэаграфічныя стылі і напрамкі, акрамя намінацый “Шоу-праграма”, “Брэйк”, “Лаціна”, “Стрыт дэнс”, “Усходні танец”, уключаны “Беларускі народны танец” і “Нацыянальны танец”.
Тут жа адначасова з “Агнём танца” разгорнецца інтэрактыўная экспазіцыя “Беларусь — крыніца натхнення”. Яе аснову складуць творчыя праекты: “Беларусь — наш родны дом”, “Зорны каскад”, майстар-класы, выстава-дэгустацыя страў нацыянальнай кухні, адзенне, сувеніры, аксесуары з беларускім арнаментам, праца фотаатэлье пад адкрытым небам, фотасесіі ў вышыванках і тэматычных тантамарэсках, фотасушкі, фотагалерэі. Часткай экспазіцыі стануць і інтэрактыўныя пляцоўкі (бодзі-арт, аквагрым, стрыт-арт).
Акрамя таго, удзельнікі і гледачы Дня моладзі змогуць наведаць фестываль маладзёжных субкультур, дзе сваё майстэрства, шырокі спектр талентаў і ўменняў прэзентуюць прадстаўнікі субкультур і экстрэмальных відаў спорту, паўдзельнічаць у майстар-класах па стрытболе, workout, crossfit, графіці, фрыстайле. Тут жа пройдуць конкурс “Аўтамотафэст”, адкрыты чэмпіянат па скейтбордынгу Belarus skаtеboard challenge, турнір па сілавым экстрыме “Моцная Беларусь”. У апошнім — чакаюцца сюрпрызы ад мясцовых асілкаў… і не толькі.
Прысады па вуліцы Б.Хмяльніцкага ўпрыгожаць “Свята гульні” і маштабная разнастайная інтэрактыўная экспазіцыя “Маладзёжны падворак”. Вобраз падворка — вялікі кірмаш, куды з’язджаюцца шматлікія госці і прывозяць лепшыя песні, таленты, тавары і інш. Адначасова на алеі будзе арганізавана эстафета “Калейдаскоп гумару” з выступленнем творчых калектываў, гуртоў і выканаўцаў, гумарыстаў каманд КВЗ, СТЭМаў і інш.
Кульмінацыяй маладзёжнага свята стане “Бітва дыджэяў “Беларусь і Я” з удзелам пераможцаў рэгіянальных тураў гэтага праекта ў 2017 годзе. Акунуцца ў атмасферу свята і нястрымнай музычна-танцавальнай эйфарыі моладзь запрашаюць будучыя каралі вяртушак — Dj Project An2An (Брэсцкая вобласць), Dj Swan (Віцебская вобласць), Dj Toha і Dj Oleg Prazdnik (Гродзенская вобласць), Dj Pogosyan (Гомельская вобласць), Dj Airo Amis (Мінская вобласць), Dj Life Energy (Магілёўская вобласць), Dj Nikolive і Dj Benjamin (Мінск) і зоркі беларускай эстрады. У сваю чаргу лепшыя фаершчыкі тэатраў агню Беларусі абяцаюць падарыць усім яркі перформанс “Вогненная феерыя”.
Падрыхтавала Святлана НІКІФАРАВА.