Дзень пазітыву

- 14:33Спецыяльная адукацыя

Як часта мы жывём і не заўважаем таго, што адбываецца навокал. Вечныя справы і клопаты, штодзённая мітусня прымушаюць нас забыць пра галоўнае — радасць жыцця. Мы пастаянна некуды спяшаемся, абдумваючы на хаду нейкія важныя для нас думкі, але часта нам не хапае ні часу, ні сіл, ні жадання на жывую, непасрэдную ўвагу і зносіны. Прычым не толькі з іншымі, але і з самім сабой.

Для вырашэння гэтай праблемы і стварэння здаровага псіхалагічнага клімату ў Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку штогод праводзіцца псіхалагічная акцыя “Дзень пазітыву”. Асноўная мэта ўсіх мерапрыемстваў акцыі — фарміраванне пазітыўнага мыслення (адносін да жыцця) ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Дэвіз акцыі гэтага навучальнага года — “И хорошее настроение не покинет больше вас».

На працягу дня дзяцей і дарослых чакала мноства сюрпрызаў. Ужо з першага моманту знаходжання ў школе жадаючыя дарослыя і дзеці ўключаюцца ў творчую і святочную атмасферу. Ствараць яе нам дапамагаюць шматлікія спонсары — неабыякавыя, добрыя і шчодрыя людзі. Супрацоўнік студыі свята на 100% зарадзіў пазітывам і ўзняў усім настрой сваім крыа-шоу; прадстаўнікі прыватнай кампаніі аформілі паветранымі шарамі школу-інтэрнат, правялі з дзецьмі забаўляльную праграму з гульнямі і дзіцячым шоу мыльных бурбалак, вясёлы і гарэзлівы клоўн-аніматар падарыў сапраўдную весялосць выхаванцам старшай дашкольнай групы і навучэнцам 1—6 класаў; пазітыўная мастачка кожнаму жадаючаму намалявала на твары сонца, сэрцайка, усмешку, забаўны тварык; дзякуючы прадстаўнікам гісторыка-патрыятычнага клуба і клуба лучнікаў кожны змог пастраляць з лука, а “салодкім акордам” дня пазітыву стаў пачастунак для дзяцей.

Флэш-моб “Вялікае сэрца”, арганізаваны старшакласнікамі школы-інтэрната, дапамог кожнаму даросламу і дзіцяці адчуць сябе жаданым і патрэбным у вялікім школьным калектыве. Навучэнцам, педагогам і іншым работнікам школы, а таксама бацькам было прапанавана ўклеіць сваё маленькае сэрцайка ў вялікае сэрца ўсяго калектыву.

А для педагогаў у гэты день быў арганізаваны семінар-трэнінг “Я ўмею быць шчаслівым чалавекам”. У нефармальнай атмасферы, за кубкам чаю педагогі абмеркавалі праблемы ўзаемаадносін у школьным калектыве. Педагог-псіхолаг прапанавала метады і прыёмы, якія дапамагаюць стрымліваць свае эмоцыі ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

“Дзень пазітыву” — свята ўнікальнае і ўсімі любімае ў школе-інтэрнаце. Яно поўнае сюрпрызаў, узнімае настрой, дорыць радасць, праганяе сумныя думкі. Кожны чалавек здольны ўпрыгожыць сваю жыццёвую дарогу яркімі фарбамі сяброўства, дабра, разумення і супрацоўніцтва. А калі яшчэ побач добрыя і спагадлівыя людзі, то праблемы вырашаюцца хутчэй і іх становіцца менш.

Аксана ПРАКАПЕНКА,
педагог-псіхолаг Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната
для дзяцей з парушэннямі зроку.