“Дзесяць” супраць “пяці”: меркаванні вучняў пра шкалу ацэнкі ведаў

- 16:53Рэспубліканскі педагагічны савет

Прапанова аб магчымым пераходзе ў Беларусі з дзесяцібальнай на пяцібальную шкалу ацэнкі ведаў выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Разгарнулася бурная дыскусія. Ініцыятыва аб вяртанні да ранейшай ацэначнай сістэмы кранула за жывое ўсіх — ад малога да вялікага. Сярод іншых актуальных пытанняў гэтая прапанова абмяркоўваецца на Рэспубліканскім педагагічным савеце, які праходзіць у Мінску. Карэспандэнты БелТА прадаставілі магчымасць выказацца тым, каго шкала ацэнак закранае непасрэдна: навучэнцам школ, гімназій, ліцэяў рэспублікі.

Яна НІКІФАРАВА, уладальніца дыплома I ступені Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, вучаніца 10 класа гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска:

— Мне бліжэй дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў, паколькі яна больш гібкая, дае вучню магчымасць ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Асабіста мяне адзнака 8 не задаволіць, 9 — значна лепш, а 10 —  ідэальна. Па пяцібальнай сістэме і 8, і 9, і 10 прыраўноўваюцца да “пяцёркі”, што, як мне здаецца, не зусім справядліва. Дзесяцібальная шкала дае магчымасць ацэньваць узровень ведаў больш аб’ектыўна. Цяперашняя сістэма мяне цалкам задавальняе. А вось мае сваякі, дарэчы, часта па інерцыі пераводзяць адзнакі ў пяцібальную сістэму.

Марыя БАРАБАШОВА, пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, вучаніца 10 класа гімназіі № 2 Віцебска:

— Па-мойму, няма асаблівай неабходнасці што-небудзь змяняць у шкале ацэнак. Для мяне і для ўсіх тых, каму знаёма дзесяцібальная сістэма, яе крытэрыі зразумелыя. Дарэчы, мая маці, настаўніца рускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі, лічыць, што дзесяцібальная сістэма прадастаўляе больш шырокі спектр пазіцый для ацэнкі ведаў і ўменняў навучэнцаў. Для сучасных бацькоў дзесяцібальная сістэма ўжо больш зразумелая, чым пяцібальная.
Галоўнае, каб ацэньвалі рэальны ўзровень ведаў і каб настаўнікі кіраваліся аб’ектыўнымі крытэрыямі пры выстаўленні адзнакі.

Юлія АЛЕЙНІКАВА, неаднаразовы прызёр Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, вучаніца 11 класа Магілёўскага дзяржаўнага ліцэя № 3:

— На мой погляд, спяшацца мяняць дзеючую сістэму ацэнкі якасці ведаў не трэба, тым больш у пачатку новага навучальнага года. Гэта негатыўна паўплывае на вучэбны працэс, паколькі да ўжо дзеючых правіл педагогі і дзеці прывыклі, перабудавацца на хаду будзе няпроста. У пяцібальнай сістэме ёсць свае перавагі, але мне ўсё ж імпануе дзесяцібальная, паколькі яна дае магчымасць больш дакладна і аб’ектыўна ацаніць веды па вучэбных прадметах.

Герман МАЛЫХІН, пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, вучань 10 класа гімназіі № 7 Віцебска:

— Пяцібальная сістэма вельмі катэгарычная. Разумееце, у атэстат пойдуць толькі чыстыя адзнакі, а мінусы і плюсы да ад знак застануцца ў дзённіках “для асабістага карыстання” вучняў і бацькоў. Адпаведна, сама ацэнка ўжо не будзе адлюстроўваць сапраўдны ўзровень ведаў. Дзесяцібальная сістэма больш гібкая. І яна па азначэнні ў два разы дакладней дае магчымасць ацэньваць веды вучня, яго работу на ўроку. Атрымаць 10 балаў не міф, гэта рэальна. У нашай у школе настаўнікі даволі часта па максімуме ацэньваюць веды лепшых вучняў.

Ганна ШУТКО, вучаніца 11 класа Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава:

— Я не вучылася ў той час, калі была пяцібальная сістэма, але мне здаецца, што яна лепшая, паколькі ў ёй было менш суб’ектывізму. Яна больш канкрэтная, простая і дзейсная, а дзесяцібальная — больш размытая і заблытаная.

Мне здаецца, што трэба вярнуцца да пяцібальнай шкалы: калі ставяць 5 — выдатна, калі 2 — не гатовы. Калі ж настаўнікі сумняваюцца, што паставіць вучню — “васьмёрку”, “дзявятку” або падцягнуць на “дзясятку”, то крытэрыі гэтага выбару не зусім зразумелыя.

Кацярына БЕНЯШ, дыпламант Міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу па англійскай мове “Алімпіс-2017”, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 40 Гродна:

— Дзесяцібальная сістэма, як і пяцібальная, мае свае перавагі і недахопы. З плюсоў, напрыклад, можна назваць магчымасць для настаўніка больш гібка ацэньваць веды вучня. У тую ж “пяцёрку” па пяцібальнай сістэме могуць уваходзіць сённяшнія “васьмёрка”, “дзявятка”, “дзясятка”. Згадзіцеся, гэта ўсё ж розны ўзровень. Што такое “дзесяць”? Гэта выдатныя веды, творчы, нестандартны падыход да рашэння задачы, выканання таго ці іншага задання.

Зрэшты, для мяне прынцыповай розніцы паміж адзнакамі 9 і 10 няма. Больш важна адчуваць, што ты добра падрыхтаваны, ведаеш прадмет.

Суб’ектывізм з боку настаўніка магчымы пры любой шкале. Але я не сутыкалася з сітуацыяй, калі б ставілі наўмысна заніжаную адзнаку.

Упэўнена, што пераход на пяцібальную сістэму, калі ён адбудзецца, вучням нязручнасцей не прынясе. Больш складана будзе настаўнікам, паколькі нанава давядзецца выпрацоўваць крытэрыі ацэнкі і асвойваць іх.

Аліна ЛАГУНОВА, уладальніца дыплома I ступені Рэспубліканскай алімпіяды па французскай мове, вучаніца 11 класа гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля:

— Лічу, што дзесяцібальная сістэма лепшая за пяцібальную. На асабістым вопыце паспрабавала розныя сістэмы ацэнак — ад зорачак да 20 балаў (на стажыроўцы ў французскім Клермон-Феранэ). На маю думку, аптымальны спосаб ацэнкі ведаў вучняў — гэта 10-бальная сістэма. Яна дапамагае лепш зразумець узровень падрыхтоўкі навучэнцаў. З іншага боку, дае ім магчымасць раскрыцца і прадэманстраваць свае здольнасці. У таго, хто імкнецца да “дзясяткі”, ёсць стымул, каб атрымаць ведаў значна больш, чым у школьным падручніку.

Ганна АЛЯКСАНДРАВА, прызёр Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па англійскай мове, вучаніца 11 класа Магілёўскага дзяржаўнага ліцэя № 3:

— Мне імпануе дзесяцібальная сістэма. І не толькі таму, што і мы, і педагогі да яе прывыклі. Па-першае, яна больш зручная ў прымяненні і дае выкладчыку больш магчымасцей для аб’ектыўнай ацэнкі. Па-другое, яна важная для абітурыентаў пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову, дае магчымасць правесці дакладную дыферэнцыяцыю, паколькі часам ролю адыгрывае і адна дзясятая бала. Па-трэцяе, калі змяненне сістэмы ацэнкі не ўплывае на якасць адукацыі, навошта яе мяняць?

Магчыма, існуючую шкалу трэба ўдасканаліць, вызначыўшы больш дакладна крытэрыі выстаўленых балаў.

Аляксандра ЛАБАНАВА, уладальніца дыплома I ступені Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, выпускніца гімназіі Светлагорска, навучэнка Ліцэя БДУ:

— Мне здаецца, дзесяцібальная сістэма больш справядлівая: у ёй дакладныя і зразумелыя крытэрыі ацэнкі. Пры пяцібальнай сістэме, асвоіўшы прадмет па-рознаму, вучні атрымлівалі “пяцёрку” (прычым яна магла быць з мінусам або плюсам). У дзесяцібальнай шкале ўлічваюцца многія нюансы, атрымаць вышэйшы бал больш складана, а гэта добры матыватар.

Антон ЗАСІМУК, пераможца Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі, вучань 11 класа гімназіі № 1 Брэста:

— Дзесяцібальная сістэма павялічвае каштоўнасць атэстата пры паступленні ва УВА. Згадзіцеся, залатыя медалісты ж могуць быць як з сярэднім балам 9,1, так і 9,9. Адпаведна, узмацняецца канкурэнцыя паміж вучнямі. Пры пяцібальнай сістэме ўсе былі б з сярэднім балам 5,0.
З іншага боку, пяцібальная сістэма аблягчае выстаўленне адзнакі для настаўніка, дае канкрэтнае паняцце адзнакі, а не такое размытае, як пры дзесяцібальнай шкале. Складана зразумець гэтую тонкую грань паміж “шасцёркай” і “сямёркай”, а пры пяцібальнай сістэме ёсць дакладнае адрозненне “тройкі” і “чацвёркі”.

Па матэрыялах БелТА.