З любоўю і клопатам — менавіта так ставяцца да кожнага выхаванца ў дзіцячым садзе аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна. Педагогі тут працуюць сумленна і самааддана. Вынікі адпаведныя: летась сад быў прызнаны лепшай сельскай дашкольнай установай краіны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Сакрэт нашага поспеху — у штодзённай плённай працы калектыву. У нас няма выпадковых людзей. Усе педагогі — кваліфікаваныя прафесіяналы, для якіх выхаванне падрастаючага пакалення — жыццёвае прызванне. Яны ў літаральным сэнсе гараць сваёй справай, імкнучыся кожнага малыша акружыць любоўю, увагай, цеплынёй і клопатам, — паведаміла загадчыца дзіцячага сада Ларыса Петрусёва.
Сёння дашкольную ўстанову ў Кадзіне наведваюць 116 выхаванцаў. Для іх тут створана камфортнае развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе. Групавыя памяшканні аснашчаны сучаснай мэбляй, цацкамі і гульнявым інвентаром, тэхнічнымі сродкамі навучання. Маляўнічы, утульны інтэр’ер памяшканняў стварае дамашнюю атмасферу. Нядзіўна, што мясцовая дзятва штодзень бяжыць у садок з радасцю і жаданнем.
— Дзеці — наш галоўны прыярытэт. Мы імкнёмся ствараць усе ўмовы для іх паўнавартаснага развіцця. У нас функцыянуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, інфармацыйна-метадычны цэнтр, аб’яднанні па інтарэсах. Выхавальнікі пастаянна ўдасканальваюць традыцыйныя метады навучання, актыўна займаюцца інавацыйнай дзейнасцю і асваеннем перадавых тэхналогій. Такі падыход дазваляе забяспечваць варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, арыентавацца на індывідуальнасць дзіцяці і запыты сям’і, — расказала Ларыса Іванаўна.
Апошнім часам шмат інавацыйных ідэй педагогі сада распрацавалі ў напрамку грамадзянскага і патрыятычнага выхавання. Агульнымі намаганнямі ва ўстанове рэалізавалі два рэспубліканскія інавацыйныя праекты: стварылі ўласныя мадэлі фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці і сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый дзяцей.
— Дашкольны ўзрост з’яўляецца ключавым перыядам станаўлення асобы. І важная роля ў гэтым працэсе якраз належыць дзіцячаму саду. Стараемся выхоўваць дзетак на духоўных і культурных каштоўнасцях беларускага народа, прывіваць ім любоў да Радзімы, павагу да сваёй гісторыі і культуры. У рамках ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці педагогі распрацавалі дыдактычныя гульні па знаёмстве дзяцей з нацыянальнай кухняй, народнымі святамі і цацкамі. А стварэнне шэрага турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў дазволіла нашай установе стаць абласным рэсурсным цэнтрам у гэтым напрамку, — заўважыла Ларыса Петрусёва.
Паводле яе слоў, зараз калектыў працуе над інавацыйным праектам па фарміраванні грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў. І ўжо ёсць аўтарская распрацоўка: педагогі робяць настольную гульню “Сцежкамі малой радзімы”. Простая і займальная гульня адпраўляе дзяцей у захапляльнае падарожжа па самых прыгожых і значных мясцінах Магілёўскага раёна, знаёміць з гісторыяй Кадзіна і знакамітымі ўраджэнцамі вёскі. У ходзе гульні ў дзяцей абуджаецца цікавасць да краязнаўства, яны адчуваюць гордасць за родны край і дасягненні знакамітых землякоў.
— Грамадзянскасць і патрыятызм фарміруем у дзяцей у цесным узаемадзеянні з бацькамі. Мы стараемся, каб мамы і таты былі не назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу — нашымі партнёрамі ў выхаванні. Бо ўсе самыя галоўныя якасці закладваюцца ў маленькага чалавека ў сям’і, — адзначыла Ларыса Іванаўна.
Партнёрскія ўзаемаадносіны дзіцячы сад аграгарадка Кадзіна выбудоўвае і з калегамі. Педагогі рэгулярна трансліруюць свае эфектыўныя напрацоўкі на рэгіянальных метадычных семінарах і канферэнцыях. А не так даўно ўстанова наладзіла міжнароднае супрацоўніцтва з адным з дзіцячых садоў Бранскага раёна Расіі.
— Абмен вопытам стымулюе да ўдасканалення работы. У нас шмат дасягненняў: установа неаднаразова прызнавалася лепшай у раёне і вобласці, а па выніках 2022 года стала лепшай у краіне. Мы ганарымся ўзнагародамі, бо гэта пацвярджэнне працавітасці і адказнасці калектыву, аднак рух наперад не спыняем, — падкрэсліла Ларыса Петрусёва. — Планаў на будучыню мноства, але ўсе зводзяцца да аднаго — гарманічнага развіцця нашых дзяцей. Будзем працягваць вучыць выхаванцаў шчыра любіць Радзіму, выхоўваць іх дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара