Дзеці з Гольцава, або Як школьнікі зрабілі вёску знакамітай

- 16:28Сацыяльны ракурс

На самым усходзе Германіі, усяго за сем кіламетраў ад польскай мяжы, знаходзіцца, здавалася б, зусім звычайная нямецкая вёска Гольцаў. Чаму я пішу пра яе? Ды таму, што Гольцаў, дзе зараз жывуць 840 чалавек, — вёска, вядомая не толькі ў Германіі, але і ў многіх краінах свету, нават у Аўстраліі. І гэта дзякуючы тутэйшым школьнікам.

Жыццё на кінаплёнцы

Размяшчаецца вёска ў рэгіёне Одэрбрух у даліне ракі Одэр. Мясцовасць даволі нізкая і па сваім ландшафце нагадвае Галандыю. Бургамістр (а пасада гэтая выбарная і грамадская, без зарплаты) Франк Шутц расказвае, што 260 гадоў назад па загадзе тагачаснага кайзера тут распачалі будаваць плаціну, а раней мясцовыя жыхары займаліся ў асноўным рыбнай лоўляй. “Пазней, — працягвае гер Шутц, — сяляне заняліся садоўніцтвам. Сюды прыязджалі людзі з усёй Еўропы, таму можна сказаць, што Одэрбрух — гэта Еўропа ў мініяцюры. Тут дагэтуль сустракаюцца назвы вёсак, якія маюць французскае або швейцарскае паходжанне”. А самая вялікая хваля перасялення прайшла ў гэтай частцы Германіі пасля Другой сусветнай вайны, калі сюды пераехала шмат людзей з тэрыторый, што адышлі да Польшчы, а таксама Чэхаславакіі.

“Акрамя таго, у вашых родных мясцінах гэты край, напэўна, вядомы яшчэ і тым, што тут, у Зяелаве, які вы праязджалі, адбылася апошняя буйная бітва Другой сусветнай вайны ў Еўропе, апошняя бітва перад узяццем Берліна”, — дадае бургамістр. Дарэчы, што вёска — адзін з найбліжэйшых населеных пунктаў да ўсходніх суседзяў, і не толькі да польскіх, сведчыць хаця б тое, што тут мы, група беларускіх журналістаў, заўважылі прыпаркаваны трактар “Беларус” вытворчасці прыкладна 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Старая машына блішчала на сонцы чысцюткімі бакамі і ў цэлым стварала ўражанне тэхнікі, якую вельмі шануюць і даглядаюць.

Тут наогул усё па-нямецку дагледжанае і знаходзіцца ў адмысловым стане. І кіно пра вёску, як высветлілася, здымаюць адмысловае. “Дзеці з Гольцава” — дакументальны фільм рэжысёраў Барбары і Вінфрэда Юнге, які кінастудыя “ДЕФА” пачала здымаць яшчэ ў жніўні 1961 года і здымала да 2007-га, адзнята за гэты час было 400 кіламетраў кінаплёнкі. У канчатковым зманціраваным варыянце даўжыня стужкі склала 70 кіламетраў. Пазней яна была пераведзена ў лічбавы фармат, выдадзена на DVD-дысках.

Героі вясковага летапісу — жыхары Гольцава, перш за ўсё дзеці. У маленькай кіназале тутэйшага музея мы паглядзелі першую 13-хвілінную серыю гэтага 42-гадзіннага дакументальнага серыяла. Лічыцца, што гэты доўгатэрміновы праект амаль унікальны ў свеце, ва ўсякім разе, шырока вядомы толькі тры падобныя праекты. Невыпадкова 21 студзеня 2014 года назва камуны была афіцыйна дапоўнена словамі “Месца здымак “Дзяцей з Гольцава”, што і адлюстроўвае адпаведны знак на ўездзе ў вёску. Між тым здымкі маглі адбыцца і ў якой-небудзь іншай вёсцы Германіі: рэжысёр дабраўся да Гольцава толькі таму, што дырэктар школы сустрэў яго на вакзале і давёз да месца. У выніку фільм “Дзеці з Гольцава” дэманстраваўся на Міжнародным берлінскім кінафестывалі.

У той год, калі распачаліся здымкі, героі карціны пайшлі ў першы клас. Усяго першакласнікаў было 24, але ў фільме з-за розных прычын здымаліся 18. “Вось гэты хлопчык ужо памёр, а настаўніца, якой у 1961 годзе было васямнаццаць, жыве ў суседняй вёсцы”, — расказвае гер Хартынгер, мясцовы жыхар і наш экскурсавод. На экране дзеці вучацца пісаць літару А, робяць гімнастыку для пальцаў, спяваюць песню пра першы клас, глядзяць у акно, за якім ходзіць кацяня… Нездарма ў кнізе водзываў так шмат кранальных запісаў: “У маёй школе было так, як і ў вас”. Любы, хто вучыўся ў савецкай школе, паверце, можа сказаць тое ж самае. Дзеці з Гольцава — гэта мы.

Сучасны працяг

Калісьці ў Гольцаве было аж тры вакзалы, бровар, конны завод, цукровая фабрыка, вялікая сядзіба. Але і з гэтай заходнееўрапейскай глыбінкай адбываецца тое ж, што і з многімі вёскамі ў іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі: моладзь жадае жыць у вялікім горадзе і пакідае вёску. І мінулай вясной, за шэсць месяцаў да пачатку новага навучальнага года, высветлілася, што рэгіянальнае ўпраўленне па справах школ адмовіла пачатковай школе ў Гольцаве ў адкрыцці першага класа, бо для гэтага неабходна не менш за 15 вучняў, а столькі ў мястэчку не было. А што значыць, закрыць школу ў вёсцы? Гэта хутчэй за ўсё стане пачаткам яе канца, маруднай смерці. Таму цалкам зразумела, што мясцовыя жыхары не на жарт устрывожыліся: пад пагрозай іх любімы Гольцаў.

І вось тут ужо знаёмы нам бургамістр Франк Шутц прыняў даволі смелае рашэнне: ён адважыўся запрасіць у Гольцаў некалькі сем’яў сірыйскіх бежанцаў з дзецьмі, каб пачатковая школа, а разам з ёй і ўсё мястэчка, працягвала сваё жыццё. Не сказаць, каб усе ўспрынялі гэтае рашэнне адназначна станоўча, але, як кажа мудры бургамістр, трэба як мага больш размаўляць з людзьмі — і яны ўсё зразумеюць. У рэшце рэшт перспектыва застацца без школы хвалявала людзей куды больш, чым суседства з бежанцамі. Праўда, ад стварэння ў спартыўнай зале часовага прытулку для маладых мужчын-бежанцаў сяляне ўсё ж адмовіліся, вырашылі, што не пацягнуць такой нагрузкі.

Пачатковая школа ў Гольцаве, між тым, жыве, першакласнікаў тут 19. Усяго ў школе зараз вучацца 130 дзяцей з першага па шосты клас — гэта не толькі мясцовыя жыхары, але і малыя з навакольных мястэчак, якіх прывозяць школьныя аўтобусы. Працягваюць адукацыю тутэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі ў суседніх гарадах, дзе ёсць і старшая школа, і гімназія. А што будзе са школай, калі сем’і бежанцаў у будучыні ўсё ж пакінуць Гольцаў? Франк Шутц гаворыць: “Што-небудзь прыдумаем”. І яму адразу верыш, бо падчас візіту ў Гольцаў мы дакладна пераканаліся ў крэатыўнасці і ініцыятыўнасці і самога бургамістра, і яго аднавяскоўцаў.

Пакуль жа мясцовы тэлеканал зняў фільм пра сірыйскіх бежанцаў, якія жывуць у знакамітай вёсцы. Паўгадзінная стужка “Дарогі, па якіх мы ідзём” расказвае і пра тое, як сірыйцы дабіраліся да Германіі, і пра тое, як іх сустрэлі ў камуне, як яны чакалі атрымання нямецкіх дакументаў, пра поспехі новых юных жыхароў мястэчка ў вучобе. Гісторыя дзяцей з Гольцава, такім чынам, працягваецца і ў рэальным жыцці, і ў адлюстраванні на кінастужцы. А гасцінны і шчыры бургамістр вёскі Франк Шутц напрыканцы нашай размовы запрашае маленькія беларускія школы да супрацоўніцтва, бо, як ён лічыць, нам ёсць якім вопытам падзяліцца. Не магу з ім не пагадзіцца.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.