Дзецям патрэбна ўпэўненасць, што іх любяць

- 14:48Адукацыйная прастора

Многія педагогі абвінавачваюць сям’ю ў тым, што дзіця не выхоўваюць. Нярэдка такія ж прэтэнзіі бацькі выстаўляюць школе. Але замест узаемных папрокаў бацькам і педагогам трэба мацней аб’яднацца ў агульнай справе выхавання дзяцей. Сінергія нашых сумесных намаганняў абавязкова дасць станоўчы вынік.

Як класны кіраўнік я ведаю, якую вялікую аб’яднальную ролю могуць адыгрываць бацькоўскія сходы. Калі бацькі ўпэўнены, што нічога дрэннага пра сваё дзіця ў прысутнасці іншых не пачуюць і будзе канструктыўны дыялог, яны з задавальненнем прыходзяць у школу.

Заўсёды перадаю бацькам адрасныя запрашэнні на сход, дзе ўказваю тэму размовы. Такім чынам, яны ведаюць: мы будзем абмяркоўваць не толькі праблемы класа, але ў першую чаргу пагаворым пра дзяцей: як дапамагчы ім перажыць складаны перыяд сталення. Напрыклад, на апошнім бацькоўскім сходзе мы вялі размову пра самаацэнку дзяцей.

У мяне 10 клас — усяго 5 чалавек. Напярэдадні я прапанавала ім тэст на вызначэнне ўзроўню самаацэнкі. Такіх тэстаў шмат, іх заўсёды можна папрасіць у школьнага псіхолага або знайсці ў інтэрнэце. Самы просты спосаб — намаляваць на паперы лесвіцу з 10 прыступак. На верхняй прыступцы знаходзяцца самыя паспяховыя людзі — прыгожыя, удачлівыя, таленавітыя, упэўненыя ў сабе. Іх любяць, імі ганарацца. А ніжняя прыступка — для няўдачнікаў, у якіх усё дрэнна. Астатнія размяшчаюцца на іншых прыступках — хто вышэй, хто ніжэй. Дзеці паказваюць, на якой прыступцы яны бачаць сябе.

Акрамя згаданага тэста, дала вучням анкету, дзе яны адказвалі на пытанні. Звяла вынікі разам і атрымала наступную карціну: адзін чалавек паставіў сябе на 8-ю прыступку, два чалавекі — на 7-ю, адзін чалавек — на 6-ю і адзін чалавек — на 5-ю. Гэта значыць, што толькі адзін вучань з класа мае сярэдні ўзровень самаацэнкі. У астатніх чатырох узровень самаацэнкі нізкі (хваравіта рэагуюць на любыя заўвагі ў свой адрас, стараюцца падладзіцца пад меркаванне іншых людзей, моцна пакутуюць ад залішняй сарамлівасці).

У рабоце са старшакласнікамі ўзаемадзеянне з сям’ёй асабліва важнае. Гэта ў пачатковых класах бацькі прыводзяць дзетак у школу і штодня цікавяцца, як дзіця вучылася, што ела, з кім гуляла. У старшых класах цікавасць да дэталей прытупляецца.

Псіхолагі сцвярджаюць, што зніжэнне самаацэнкі — непазбежны складнік падлеткавага ўзросту. Кантакт дзяцей з бацькамі слабее, узрастае трывожнасць і няўпэўненасць у сабе. І трэба шмат такту, шчырага жадання, любові і дабрыні, каб даць ім паверыць у свае сілы.

У рабоце са старшакласнікамі ўзаемадзеянне з сям’ёй асабліва важнае. Гэта ў пачатковых класах бацькі прыводзяць дзетак у школу і штодня цікавяцца, як дзіця вучылася, што ела, з кім гуляла. У старшых класах цікавасць да дэталей прытупляецца.

— Як у школе справы?

— Нармальна.

— Урокі зрабіў?

— Ну.

— Ідзі вячэраць…

Вядома, мы не вернем бацькам тую шчырую цікавасць да школы, якая была напачатку (памятаем, што не толькі дзеці, але і бацькі сталі на 10 гадоў старэйшыя). Але гаварыць пра свае назіранні (часам мы бачым дзяцей часцей, чым бацькі), нацэліць на стварэнне ў сем’ях спрыяльных умоў для развіцця ў падлетках станоўчай самаацэнкі проста неабходна, бо ад гэтага шмат у чым залежыць іх будучыня, поспехі і няўдачы.

Я паказваю бацькам вынікі тэста, і яны трохі збянтэжаны. Усе сем’і добрыя, дзеці дагледжаныя. Што ж не так? І мы пачынаем разбірацца, чаму пры знешнім дабрабыце дзеці не адчуваюць упэўненасці ў сабе.

Наша гутарка пачынаецца павольна (я добра падрыхтавалася). Знаёмлю бацькоў з прычынамі фарміравання як высокай, так і нізкай самаацэнкі падлеткаў. Прыводжу шмат прыкладаў з жыцця. Вядома, усе на свеце бацькі (за выключэннем рэдкіх “зязюль”) любяць сваіх дзяцей, але, на жаль, многія недаацэньваюць значэнне ўласных слоў. Калі кожны дзень гаварыць дзіцяці, што яно бяздарнасць і гультай, то наўрад ці гэта надасць яму ўпэўненасці і павысіць самаацэнку.

У гісторыі было шмат выпадкаў, калі здольнасці дзяцей не заўважалі, іх прыгняталі і прыніжалі. Вялікага Бетховена настаўнік музыкі называў самым бяздарным вучнем. Уладзіміра Высоцкага настаўніца спеваў выганяла з урокаў, каб не перашкаджаў дзецям прыгожа спяваць у хоры. Найвялікшага баскетбаліста Майкла Джордана не ўзялі ў школьную зборную па баскетболе з-за адсутнасці здольнасцей. Чайкоўскага ў 10 гадоў аддалі вучыцца ў вучылішча правазнаўства, пра якое ён казаў, што гэта былі выкрасленыя 9 гадоў жыцця. Чэрчыль, найвялікшы палітык і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры, лічыўся настолькі няздольным, што яго нават адлучылі ад заняткаў па латыні і грэчаскай мове. Бацька Ганны Ахматавай кпіў з вершаў дачкі, і яна мусіла ўзяць псеўданім, хоць магла праславіць бацькава прозвішча (Гарэнка).

Такіх прыкладаў мноства. Хтосьці скажа: талент усё роўна прабіўся. Але чаго каштавалі ўсе гэтыя нападкі маладым і ранімым душам, праз якія пакуты ім давялося прайсці! І страшна падумаць, колькі талентаў не змагло пераадолець бацькоўскае супраціўленне і не раскрылася…

Расказваю і свежыя прыклады з навін, калі дзеці з-за дробязей (двойка, сапсаваны тэлефон, нейкія цацкі) баяцца ісці дадому. Гэта наколькі трэба быць няўпэўненым у бацькоўскай любові, магчымасці разумення, прыняцця?! Дарослыя людзі, якія любяць, проста абавязаны давесці дзецям, што дома, якая б бяда ні адбылася, яны заўсёды знойдуць абарону і падтрымку.

Дарослыя людзі, якія любяць, проста абавязаны давесці дзецям, што дома, якая б бяда ні адбылася, яны знойдуць абарону і падтрымку.

Мы абмяркоўваем з бацькамі розныя сітуацыі, і я бачу: яны аналізуюць, параўноўваюць, спрабуюць пераканацца: “Я ж не такі, я разумею, я люблю”. І мы прыходзім да высновы, што недастаткова проста любіць дзяцей, трэба, каб яны верылі ў сілу нашых пачуццяў.

Безумоўна, кожны з бацькоў хоча, каб жыццё дзіцяці склалася лепш, чым у яго. Некаторыя думаюць: будзе добра вучыцца — даб’ецца поспеху. Але вельмі многае залежыць ад самаацэнкі дзіцяці. Таму прашу бацькоў: “Захапляйцеся сваімі дзецьмі!” Праз паўтара года яны скончаць школу, і кожны выбера сваю дарогу. Трэба толькі падбадзёрыць: “Ты справішся, у цябе ўсё атрымаецца!” Калі сын ці дачка набывае ўпэўненасць у сваіх сілах і распраўляе крылы, гэта значыць бацькі выканалі сваю задачу — іх дзіця знойдзе магчымасць рэалізаваць сябе ў дарослым жыцці.

Мы з бацькамі разам фармулюем правілы, якіх трэба прытрымлівацца ў зносінах з падлеткамі.

*Часцей падбадзёрваць дзіця, гаварыць, якое яно разумнае, здольнае, таленавітае (бо гэта праўда: кожны чалавек у чымсьці таленавіты). Дзяўчынцы абавязкова трэба чуць, што яна прыгожая. Гэта той выпадак, калі лепш перахваліць, чым недахваліць.

*Сачыць за паставай дзіцяці: распраўленыя плечы, горда паднятая галава, усмешка. Усё гэта станоўча ўплывае як на самога чалавека, так і на адносіны да яго навакольных людзей.

*Пастаянна праяўляць зацікаўленасць справамі дзіцяці. Яно павінна адчуваць падтрымку і клопат блізкіх.

*Быць прыкладам для свайго дзіцяці, не прыдзірацца, старанна падбіраць выразы. Памятаць, што толькі ўпэўнены ў сабе чалавек, які ўсведамляе каштоўнасць сваёй асобы, здольны бачыць, прымаць і паважаць іншых людзей.

Вядома, што падлеткі бачаць у бацьках узор для пераймання і з часам становяцца ў многім падобнымі на іх, таму неабходна ўсведамляць сілу ўласнага ўплыву на дзяцей і кантраляваць свае дзеянні. Калі гаварыць сыну ці дачцэ, што нельга цэлы дзень сядзець у смартфоне, і пры гэтым самім не вылазіць з-за камп’ютара, то дзіця ўспрыме не словы, а дзеянні. Тое ж і з цыгарэтамі, алкаголем. Нават палітычныя погляды дзяцей, як правіла, падобны да бацькоўскіх.

Заўсёды нагадваю бацькам вядомы выраз: “Не выхоўвайце дзяцей, усё роўна яны будуць падобныя на вас. Выхоўвайце сябе”. Яблычак ад яблыні далёка не адкочваецца. Нашы продкі былі ўпэўнены, што дзяўчыну з добрай сям’і можна сватаць не гледзячы. Таму толькі асабісты прыклад, толькі любоў, толькі дабрыня. Моцная, мудрая сям’я — найлепшы выхавальнік.

Наш сход завяршаецца. Я задаволена. Мы былі шчырыя, зацікаўленыя, удумлівыя. І мы былі разам.

Веру, што, прыйшоўшы дадому, бацькі, перш чым акунуцца ў свае вечаровыя справы, зайшлі ў дзіцячыя пакоі, абнялі сваіх амаль дарослых сыноў і дачок і сказалі ім такія важныя для іх словы падтрымкі. Незалежна ад таго, якія адзнакі ў дзённіку і ці зроблены ўсе хатнія справы. Адзнак будзе яшчэ шмат — добрых і дрэнных, і душэўны дабрабыт намнога важнейшы за нейкія знешнія праявы. А дзіця чакае. Яму важна быць упэўненым, што яго любяць безумоўна, проста за тое, што яно ёсць. І няхай заўтра яго самаацэнка будзе хаця б на прыступку вышэйшай.

Валянціна ЖАЎНЕРКА,
класны кіраўнік 10 класа Любушанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.