Дзіўны свет навукі

- 11:42Выбар прафесіі

Дэманстрацыі фізічных доследаў, майстар-класы, экскурсіі — цікавую і пазнавальную праграму прапанавалі арганізатары фестывалю навукі і лічбавых тэхналогій  DigiPhys 3.0, які прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Папярэднія фестывалі паказалі вялікую зацікаўленасць навучэнцаў школ, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў, бацькоў дзяцей і настаўнікаў да гэтых мерапрыемстваў.

— Сёлета мы правялі фестываль у абноўленым фармаце з улікам вопыту правядзення іх у мінулыя гады, — гаворыць дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Герман. — Адразу пачалі з інтэрактыву, няма ў гэтым годзе дакладаў і афіцыйнай часткі. Практычная частка — гэта больш за 20 пляцовак у двух корпусах універсітэта.

Для ўдзельнікаў, якія папярэдне рэгістраваліся, былі складзены маршруты наведвання пляцовак, каб яны маг­лі ўбачыць як мага больш.

— Нас радуе, што колькасць удзель­нікаў фестывалю штогод расце, — працягвае Андрэй Яўгенавіч Герман. — За час правядзення яго наведалі каля 3 тысяч чалавек. Фестываль аб’ядноўвае дзяцей рознага ўзросту — старшакласнікаў, якія робяць выбар прафесіі і для якіх фестываль з’яўляецца прафарыентацыйным мерапрыемствам, і навучэнцаў малодшых класаў. Позна пачынаць, калі дзеці ў выпускных класах. Каб зацікавіць іх фізікай, інфарматыкай, дапамагчы выбраць прафесію, а таксама адкрыць свет навукі і яе дасягненні, трэба працаваць з імі ўжо ў пачатковай школе.

Забіць цвік бананам ці атры­маць электрычнасць з яблыкаў, лімонаў, бульбы маглі дзеці падчас крыя-шоу ад дацэнта кафедры агульнай фізікі Наталлі Валько. Яна змяшчала ў вадкі азот розныя прадметы і нават жывую ружу, а пасля яны рассыпаліся на часткі ці служылі малатком на майстар-класе “Экстрэмальны холад”. У такіх эксперыментах з задавальненнем удзельнічалі малодшыя школьнікі і іх бацькі. Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся ствараць электронныя міні-паштоўкі з дапамогай штучнага інтэлекту.

З цікавымі фактамі і гісторыяй з’яўлення лазера школьнікаў азнаёміў намеснік дэкана фізіка-тэхнічнага факультэта Вікенцій Таркоўскі. Вікенцій  Вікенцьевіч праводзіў эксперыменты з электрычнымі разрадамі ў рамках майстар-класа “Займальныя лазеры і квантавы свет”. На навуковай дэманстрацыі “Гукавая феерыя”, якую праводзіў старшы выкладчык кафедры агульнай фізікі Валянцін Аскірка, дзеці маглі запусціць гукавую хвалю шклянкамі з вадой. Загадчык кафедры агульнай фізікі доктар фізіка-матэматычных навук Аляксандр Маскевіч разам са школьнікамі право­дзіў аптычныя эксперыменты на май­стар-класе “Дзіўнае святло”.

Доследы і эксперыменты былі цікавыя дзецям усіх узростаў. Напрыклад, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Гродна Таццяна Прыскока прыйшла на фестываль з высокаматываванымі старшакласнікамі, а загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гро­дзенскага раёна Леакадзія Цімафеева прыехала са сваім унукам Давідам, другакласнікам Парэцкай сярэдняй школы.

— Не скарыстацца такой магчымасцю не маглі, — гаворыць Леакадзія Іванаўна. — Тут усё бясплатна, цікава і даступна нават для малодшых школьнікаў. Давід займаецца музыкай, але, як усе дзеці, цікавіца камп’ютарамі. Мы пабывалі на некалькіх майстар-класах і ўбачылі робатаў, азнаёміліся з сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі.

Для навучэнцаў выпускных класаў выкладчыкі фізіка-тэхнічнага факультэта правялі прафарыентацыйныя кансультацыі, расказалі пра сучасныя спецыяльнасці, такія як “Камп’ютарная фізіка”, “Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы”, “Інфармацыйна-вымяральная тэхніка”, па якіх рых­туюць на фізіка-тэхнічным факультэце.

Партнёрамі фестывалю выступілі вучэбна-вытворчы цэнтр “Тэхналаб”, Гродзенскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці, школа лічбавых тэхналогій “Фарсайт”, адукацыйны цэнтр “Стэмлаб”, адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій.

Пад дэвізам “IT — наша будучыня! Выберы сваю IT-прафесію” праходзілі майстар-класы ад Iteen Academy і It-Academy адукацыйнага цэнтра ПВТ для школьнікаў, якія жадалі паспрабаваць сябе ў ролі распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння, вэб-дызайнера, праграміста, smm-спецыя­ліста.

На майстар-класах школы лічбавых тэхналогій “Фарсайт” для самых маленькіх удзель­нікаў арганізавалі  работу з планшэтамі, на якіх ажывалі малюнкі, пачыналі размаўляць анімацыйныя жывёлы. Вучні 3—6 класаў на майстар-класах асвойвалі мабільнае кіраванне робатам, вучыліся карыстацца электронным канструктарам. Школьнікам 7—11 класаў расказалі пра спецыфіку і прынцыпы 3D-мадэлявання. Яны стваралі аб’ёмныя мадэлі самых розных рэчаў, каб потым надрукаваць іх на 3D-прынтары.

Удзельнікі фестывалю азнаёміліся з магчымасцямі Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ, абмеркавалі маладзёжны стартап-рух і пытанні стварэння ўласнага бізнесу. Былі арганізаваны экскурсіі ў суперкамп’ютарны цэнтр і навукова-даследчую лабараторыю малекулярнай спектраскапіі і оптыкі нана­структур універсітэта.

Сёлета ўдзельнікамі фестывалю навукі і лічбавых тэхналогій  DigiPhys 3.0 сталі каля 700 чалавек. З імі працавалі 24 выкладчыкі і 36 студэнтаў-валанцёраў фізіка-тэхнічнага факультэта.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.