Дзіця нельга стрымліваць у развіцці

- 11:17Адукацыйная прастора

11 студзеня на базе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” адбылася сустрэча яго лідара Аляксандра Міхайлавіча Радзькова з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі, з заслужанымі педагогамі Ленінскага раёна Мінска. У мерапрыемстве таксама прыняла ўдзел намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Галіна Валянцінаўна Шкода.

Сустрэча прайшла ў межах дзейнасці рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы і была прысвечана абмеркаванню пытанняў нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Аляксандр Міхайлавіч звярнуў увагу прысутных на агульнакультурныя праблемы адукацыі, засяродзіўся на стратэгіі і ідэалогіі беларускай адукацыі. У прыватнасці, ён адзначыў, што сёння адукацыя ні ў якім разе не павінна адставаць ад часу і без ломкі сацыяльных стэрэатыпаў мы не здолеем крочыць наперад. Псіхолагі сцвярджаюць, што рух наперад немагчымы, калі мы не выйдзем з зоны камфорту.

“Мы жывём ва ўмовах шырокага распаўсюджвання і прымянення інфармацыйных тэхналогій. Адукацыя павінна дапамагаць не проста паспяваць за часам, а разумець сэнс і наступствы новых з’яў. Яна павінна вучыць арыентавацца ў сусветных тэндэнцыях і трэндах, каб мы не спыняліся ў развіцці, а маглі хутка прыстасоўвацца да новых умоў, працаваць, развіваючы патэнцыял дзяржавы. Сёння на слыху крыптавалюты, біткоіны, блокчэйн. Разуменне гэтых паняццяў патрабуе гібкасці і мабільнасці. І гэтыя якасці павінна даваць адукацыя”, — адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.

Адукацыя таксама павінна быць гібкай і мабільнай. Найперш гэта тычыцца вучэбных праграм і школьных падручнікаў, якія неабходна рэдагаваць і дапрацоўваць згодна з патрабаваннямі часу. Для дзяцей трэба ствараць умовы для руху наперад. І іх першымі арыенцірамі і дарадцамі ў сучаснай лавіне інфармацыі павінны стаць падручнікі.

Па меркаванні А.М.Радзькова, пісаць школьныя падручнікі павінны аўтарскія калектывы, у склад якіх абавязкова варта ўключаць навукоўцаў, бо менавіта яны здольны бачыць прадмет у перспектыве сусветных трэндаў развіцця сваёй прадметнай галіны. Задача педагогаў і метадыстаў — адаптаваць інфармацыю да ўзросту і інтэлектуальных патрэб дзіцяці. Пры гэтым вельмі важна захаваць базу прадмета, яго агульную культуру.

Аляксандр Міхайлавіч звярнуў увагу на праблему школьнай матэматычнай адукацыі. Менавіта матэматыка здольна даць агульную чалавечую культуру, гібкасць розуму і ўменне разбірацца ў сучасных інфармацыйных тэхналогіях. Ва ўсім свеце павышаная ўвага ў школьнай адукацыі ўдзяляецца прыродазнаўчым прадметам. Усе прарыўныя тэхналогіі заснаваны на матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі. Гэта прадметы дзяржаўнага значэння, што трэба мець на ўвазе пры распрацоўцы стратэгіі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Безумоўна, у навучанні гэтым і іншым школьным прадметам ключавая роля адводзіцца настаўніку. Запатрабаваным будзе той педагог, які не проста дасканала ведае свой прадмет, а ўвесь час развіваецца. У сувязі з гэтым дырэктар гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны Наталля Уладзіміраўна Бушная абазначыла праблему недахопу метадычнага суправаджэння настаўнікаў на ўсіх ступенях. Па яе меркаванні, метадычнае суправаджэнне таксама павінна быць мабільным і адпавядаць запытам часу. Каб настаўнік стаў сапраўднай асобай, у яго трэба ўкласціся. І гаворка ідзе не толькі і не столькі пра фінансавы складнік, колькі пра методыку і дадатковую адукацыю.

Дарэчы, пра гэта не раз у сваіх выступленнях гаварыў і першы народны настаўнік нашай краіны, настаўнік фізікі з Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Валерый Васільевіч Барашкаў. Ён лічыць, што арганізацыю адукацыі павінны забяспечваць прафесіяналы. А каб стаць прафесіяналам, трэба ўвесь час павышаць сваю кваліфікацыю і агульную дасведчанасць.

Сучасная моладзь думае на перспектыву, яе цікавіць не тое, што будзе на ўваходзе ў навучальную ўстанову, а што будзе на выхадзе — тое, чаму яны навучацца і ў якой прафесійнай галіне змогуць прымяняць свае веды. У сувязі з гэтым асаблівую актуальнасць набывае профільнае навучанне ў школах, магчымасць развівацца ў розных напрамках з першых дзён навучання. Як заўважыў Аляксандр Міхайлавіч, дзіця нельга стрымліваць у развіцці, і калі яно інтэлектуальна здольнае, то неабходна дапамагаць яму рухацца наперад.

У канцы сустрэчы начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ленінскага раёна Мінска Наталля Генадзьеўна Кучынская падзякавала Аляксандру Міхайлавічу за цікавую і актуальную сустрэчу. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць далучыцца да вырашэння агульных праблем адукацыі, што важна для фарміравання іміджу педагога і ўстановы адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.