Дзіцячы неўроз. Што рабіць?

- 15:51Адукацыйная прастора

У школе нямала педагогаў і бацькоў сутыкаюцца з невытлумачальнымі і незвычайнымі паводзінамі сваіх дзяцей. Раней радаснае задаволенае дзіця становіцца зласлівым, плаксівым, апатычным, з’яўляецца хуткая стамляльнасць, сыходзіць у сябе, становіцца адзінокім сярод сваёй сям’і і сяброў. Што ж адчуваюць бацькі? Назіраючы за тым, як мяняюцца паводзіны дзіцяці, як яно становіцца закрытым і зласлівым, бацькі адчуваюць страх, бяссілле, трывогу і неспакой. Наступствы такога стану могуць быць розныя. Дзеці і дарослыя пачынаюць часцей хварэць, аддаляцца адно ад аднаго. У падлеткавым узросце дзіця можа знайсці дрэнную кампанію, могуць з’явіцца розныя залежнасці і суіцыдальныя паводзіны. Такая праблема можа ўзнікнуць у любой сям’і, у багатай і беднай, добранадзейнай і нядобранадзейнай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.

З кожным годам колькасць дзяцей з такімі паводзінамі ўзрастае. Вопыт паказвае, што большасць бацькоў тлумачыць такія паводзіны нейкімі сітуатыўнымі падзеямі. Як правіла, рэдка надаюць гэтаму вялікае значэнне. Толькі ў выпадках, калі ў дзіцяці яўна выяўлены фізіялагічныя дысфункцыі, бацькі пачынаюць падымаць трывогу і шукаць прычыну недамагання.

Прывяду прыклад са сваёй практыкі. Па кансультацыю звярнулася сям’я (бабуля і дзядуля) з прычыны стану сваёй унучкі. Дзяўчынцы 10 гадоў. Яна вучыцца ў 3 класе. На момант звароту ў дзіцяці назіраліся частыя змены настрою, плаксівасць, зласлівасць. Адзначалася парушэнне сну. Дзіця жыло разам з бацькам, бабуляй і дзядулем. Маці дзяўчынкі памерла, калі дзіцяці споўнілася 2 гады. Ролю маці цалкам выконвала бабуля. Для дзяўчынкі былі створаны ўсе ўмовы ўсебаковага развіцця: яна займалася гімнастыкай, любіла маляваць, лёгка наладжвала кантакт, дружалюбная. Актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемствах. Здавалася б, што магло ста ць прычынай такога змянення дзіцяці. Пры далейшай рабоце з сям’ёй было выяўлена, што прычынай такога стану стала змяненне сямейнай сітуацыі і з’яўленне неадчэпных думак у дзяўчынкі. У дзіцяці сфарміравалася ярка выяўленае жаданне мець маму і называць маму мамай. Адначасова з гэтым у бацькі наладжваюцца адносіны з іншай жанчынай. Дзяўчынка адразу яе прыняла і пачала называць мамай. Аднак з боку жанчыны такіх цёплых пачуццяў у адносінах да дзяўчынкі не было. Дзіця гэта пачало разумець. Бацька дзяўчынкі быў настроены сур’ёзна і планаваў пераехаць жыць асобна з дачкой і сваёй жанчынай у іншы горад. Дзяўчынка катэгарычна адмаўляецца. Бацька прыняў рашэнне пакінуць дзіця з бабуляй. Такая сітуацыя і стала першапачатковай прычынай неўрозу. У дзіцяці сфарміравалася ярка выяўленае пачуццё адзіноты ў выніку непрымання яе мачахай. Пазней дзяўчынцы была аказана дапамога, і ў цяперашні час сям’я справілася з гэтай сітуацыяй. Цяжка ўявіць, чым бы магла скончыцца гэтая гісторыя без своечасовага ўмяшання спецыяліста.

Паводле даных даследаванняў савецкага і расійскага псіхолага доктара псіхалагічных навук А.І.Захарава, палова выпускнікоў пачатковай школы або хварэла на неўрозы, або знаходзіцца ў гэтым стане.

Як вызначыць неўроз? Такое пытанне я чую ад бацькоў на кожным семінары. На жаль, няма дакладна абазначаных сімптомаў дзіцячых неўрозаў. Аднак існуе шэраг змен у паводзінах і самаадчуванні дзіцяці, на якія бацькі і педагогі могуць звярнуць увагу: замкнутасць, плаксівасць, парушэнне ўвагі, зніжэнне памяці, змяненне харчовых паводзін, расстройства стрававання, парушэнне сну, дыхання, змены на ўзроўні саматычнага здароўя.

Знешні паказчык узнікнення неўрозаў — гэта перш за ўсё эмацыянальнае расстройства. Прычына — міжасобасны канфлікт у сям’і сярод дарослых або крызісны стан сям’і. Гэтая сітуацыя прыводзіць да адхілення маці ад дзіцяці, пазней — да адхілення бацькі ад дзіцяці. Як вынік — у дзіцяці ўзнікае пастаяннае пачуццё трывогі, страху і раздражнення, якое прыводзіць да змянення паводзін. У такой сітуацыі дзіця пры звароце да яго з пытаннем можа несвядома называць ілжэпрычыны сваіх паводзін. “Чаму ў цябе дрэнны настрой?” “Мяне аббрахаў сабака, на мяне налаяўся настаўнік, я атрымаў дрэнную адзнаку, я пасварылася з сяброўкай” і г.д.

Псіхолагамі, псіхатэрапеўтамі вызначна, што ў 80% выпадкаў сапраўдная прычына неўрозаў — у сямейных адносінах. Часта прычынамі неўрозаў у дзяцей становяцца сваркі паміж бацькамі, высвятленні адносін у сям’і. Дзіця выступае пасіўным слухачом гэтых сварак. У такіх сітуацых рэкамендуецца засцерагчы дзіця ад удзелу ў канфлікце. Неўроз можа ўзнікнуць па прычыне, калі бацькі прад’яўляюць завышаныя патрабаванні да дзіцяці. У такіх выпадках важна памятаць, што ў дзіцяці павінна быць дзяцінства. Яшчэ адна прычына — гіперапека. У такіх сем’ях важна развіваць самастойнасць у дзіцяці. Сам псіхалагічны клімат у сям’і, нядобры псіхічны стан бацькоў або аднаго з бацькоў непасрэдна адбіваецца і на псіхічным стане дзіцяці. Бацькі павінны ўсведамляць і прызнаваць сваё нервова-псіхічнае здароўе і звяртацца па прафесійную дапамогу.

У літаратуры апісаны віды неўрозаў, якія найбольш часта сустракаюцца ў дзяцей, і прычыны іх узнікнення:

• неўроз страху часта ўзнікае пры засынанні і адзіноце, можа з’явіцца энурэз;

• неўроз неадчэпных станаў: неадчэпныя дзеянні, абсесіі (моргаць, шморгаць носам, розныя вакалізацыі, пакашліванні і інш.);

• нервовы цік: апраўданыя дзеянні на нядобрым фоне, потым замацоўваюцца і становяцца неадчэпнымі;

• фабічныя неўрозы: страх смерці ці хваробы, клаўстрафобія, некрафобія і інш.;

• дэпрэсіўныя неўрозы, уласцівыя дзецям у перыяд палавога выспявання: імкненне да адзіноты, заніжэнне самаацэнкі, нервова-псіхічная лабільнасць, бяссонніца;

• істэрычныя неўрозы (назіраюцца ў дашкольнікаў). Канфлікт паміж “я хачу”, “мне трэба” і “гэта ёсць на самай справе”: уяўнае ўдушша, істэрычны кашаль, ірвота, расстройства дыхання, парушэнні адчувальнасці скуры;

• неўрастэнія ў школьнікаў з-за нагрузак: няўседлівасць, стамляльнасць, раздражняльнасць;

• іпахандрычны неўроз: заклапочанасць сваім станам і здароўем;

• лаганеўроз: заіканне, запінанне;

• нервовая анарэксія: адмаўленне ад ежы;

• асобны від неўрозу, які выяўляецца праз энурэз, энкапрэз.

Вопыт паказвае, што большасць бацькоў не можа самастойна справіцца з гэтай праблемай. Неўроз, хаця і з’яўляецца зваротным станам, можа ўзмацняцца і з часам перарасці ў сур’ёзныя праблемы з псіхаэмацыянальным станам. Таму пры ўзнікненні самага малога падазрэння пра наяўнасць у дзіцяці неўрозу неабходна своечасова звярнуцца да спецыяліста для атрымання комплекснай медыка-псіхалагічнай дапамогі.

Вольга СІДОРЫК,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 136 Мінска.