Дзіцячы сад+бацькі: фарміруем псіхалагічную гатоўнасць да школы

- 14:45Якасць адукацыі

Пры падрыхтоўцы дзяцей дашкольнага ўзросту да навучання ў школе арыентацыя на пераемнасць дашкольнай і І ступені агульнай сярэдняй адукацыі можа змякчыць працэс адаптацыі, захаваць гульнявую дзейнасць як вядучую на этапе пераход у “дзіцячы сад — школа”, забяспечыць узаемную арыентацыю адукацыйнага працэсу на псіхічнае развіццё дзіцяці і псіхолага-педагагічныя заканамернасці праходжання адукацыйнага працэсу.

Для таго каб навучанне дзяцей у школе было паспяховым, патрэбна не толькі наяўнасць у дашкольнікаў неабходнага аб’ёму ведаў, але і разумовае развіццё. Выхавальнік і псіхолаг у працэсе выхавання і навучання выкарыстоўваюць гульні і практыкаванні для развіцця памяці, мыслення і ўвагі, а таксама карыстаюцца спецыяльнымі вучэбнымі заданнямі. Аднак дашкольнікам патрэбна дапамога і саміх бацькоў, бо ў сям’і павінны быць закладзены правільныя адносіны да школы і навучання. Паступаючы ў школу, дзеці павінны дакладна ўяўляць сабе, для чаго неабходна добра вучыцца ў школе.

Намі было праведзена дыягнастычнае абследаванне псіхалагічнай гатоўнасці дзяцей старшых груп да навучання ў школе. Дзеці паказалі сярэдні ўзровень псіхалагічнай матывацыйнай гатоўнасці да школы. Аналізуючы атрыманыя дыягнастычныя даныя, мы зрабілі выснову пра тое, што неабходны карэкцыйныя заняткі, накіраваныя на павышэнне матывацыі да школьнага навучання, развіцця пазнавальных псіхічных працэсаў і адвольнай сферы дашкольнікаў.

З мэтай далучэння бацькоў да падтрымкі і стымулявання пазнавальнай актыўнасці дзяцей быў праведзены гульнявы трэнінг для бацькоў “Займальныя практыкаванні і гульні для развіцця пазнавальнай актыўнасці дашкольніка”. Мы прапанавалі бацькам “узброіцца” гульнямі і практыкаваннямі для развіцця інтэлектуальна-пазнавальнай сферы дашкольнікаў. Быў прапанаваны шэраг гульняў рознай накіраванасці:

— для развіцця ўвагі: “Знайдзі адрозненні”, “Будзь уважлівы” (выкананне гімнастычных практыкаванняў па слоўнай камандзе), “Назаві, што бачыш” (дзіця за адну хвіліну павінна назваць як мага больш прадметаў, якія знаходзяцца навокал);

— для развіцця памяці: “Піраміда” (развіццё кароткатэрміновай механічнай памяці ў працэсе запамінання шэрага слоў), “Кароткае апавяданне” (дзіця павінна перадаць апавяданне, прачытанае дарослым), “Фігурка з палачак” (дарослы складае фігурку з палачак; дзіця запамінае яе і па памяці складае такую ж), “Жыў-быў кот…” (складанне рада азначэнняў да назоўніка);

— для развіцця мыслення: “Назаві адным словам”, “Знайдзі лішняе слова (карцінку)”, “Гавары наадварот”, “Раскладзі па парадку” (паслядоўнасць падзей), “Лагічныя канцоўкі”;

— для развіцця ўяўлення: “Да чаго гэта падобна” (выказаць здагадку, на што падобны сімвал), “Бывае

— не бывае”, “Чароўны лес” (дамаляваць незакончаныя фігуркі).

Далейшая работа з бацькамі ўключала правядзенне практыкуму “Асобасная і сацыяльна-псіхалагічная гатоўнасць да школы. Валявая гатоўнасць”, які быў накіраваны на фарміраванне ў бацькоў уяўленняў пра віды гатоўнасці дзяцей да школы.

Мы адзначылі, што асобасная гатоўнасць да школы выяўляецца ў імкненні дзіцяці заняць такую сацыяльную пазіцыю, якая праяўляецца ў яго адносінах да школы, навучання, да настаўніка і да сабе як да вучня, да прыняцця новай “сацыяльнай пазіцыі” — пазіцыі школьніка, які мае кола пэўных важных абавязкаў і правоў, які ўжо займае становішча ў грамадстве. Адным з аспектаў асобаснай гатоўнасці да школы з’яўляецца матывацыя да вучэбнай дзейнасці. У першакласнікаў першае месца займае матыў дабрабыту (атрымліваць добрыя адзнакі) і матыў абавязку перад настаўнікам. Пазнавальныя матывы навучання займаюць апошняе месца.

Гаворачы пра сацыяльна-псіхалагічную падрыхтаванасць, мы звярнулі ўвагу бацькоў на гатоўнасць дзіцяці да пазітыўнага ўзаемадзеяння з навакольнымі, да змены сацыяльна-псіхалагічнага статусу ў школьным калектыве. Сфарміраванасць гэтага кампанента прадвызначае эмацыянальны дабрабыт дзіцяці ў школе, яго псіхалагічнае здароўе.

Сацыяльна-псіхалагічная гатоўнасць да школы, эмацыянальны дабрабыт дзіцяці, сацыяметрычны статус у калектыве равеснікаў — усе гэтыя з’явы непарыўна звязаны. Даказана, што дзеці з нізкім сацыяметрычным статусам (“адрынутыя”) знаходзяцца ў групе рызыкі ў адносінах да школьных цяжкасцей (адмаўленне ад навучання, пакіданне школы).

Яшчэ адзін аспект сацыяльна-псіхалагічнай падрыхтаванасці да школы — гатоўнасць дзіцяці да зносін з настаўнікам. Такія зносіны характарызуюцца патрэбай дзіцяці ва ўвазе і суперажыванні дарослага і яе задавальненнем. Для дзяцей, якія дасягнулі гэтай формы зносін, тыповай з’яўляецца ўвага да дарослых, імкненне пачуць і зразумець іх зварот, а таксама ўпэўненасць у такой жа ўвазе да сябе з боку дарослага.

З мэтай выяўлення псіхалагічнага настрою бацькоў да пачатку навучання дзяцей у школе мы правялі апытанне “Хутка ў школу”. Па выніках апытання выяўлена: 54,4% апытаных бацькоў упэўнены ў поспеху сваіх дзяцей, настроены пазітыўна. Важна такім бацькам не абмяжоўваць дзіця ўвагай і кантролем. 28,6% апытаных бацькоў не ўпэўнены ў магчымасцях і ведах сваіх дзяцей, такім бацькам патрабуецца кансультацыя настаўніка, падтрымка педагогаў. 20% бацькоў вельмі апякуюць дзяцей, не пакідаючы магчымасці самастойнасці. Такім бацькам патрабуецца перагледзець свае пазіцыі і даць дзецям крыху свабоды.

У час практыкуму для бацькоў “Дзіця на парозе школы” сумесна з бацькамі мы абмеркавалі ролю сям’і ў перадшкольны перыяд жыцця дзіцяці. Неабходна было даць зразумець бацькам, што шмат у чым праблема псіхалагічнага здароўя і паспяховай вучэбнай дзейнасці залежыць менавіта ад душэўнага настрою дзіцяці. Адны дзеці адкрыта гавораць пра сваё нежаданне вучыцца, другія — адчуваюць незразумелыя для дарослых цяжкасці. Зразумець прычыны нежадання і дапамагчы дзіцяці хацець вучыцца — найбольш эфектыўны шлях, хоць і патрабуе ад дарослых нямала душэўнай спагады і працы.

Разглядаючы гэтую праблему, мы звярнулі ўвагу бацькоў на тое, што часам крыніцай адмоўных эмоцый становяцца старэйшыя брат або сястра, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў навучанні. Шасцігадовае дзіця, бачачы адносіны бацькоў да старэйшых дзяцей, гаворыць: “Хутка я пайду ў школу, і мяне будуць увесь час лаяць, як Вову”. Нярэдка дарослыя з самых добрых перакананняў запужваюць дзіця: “Ну, што ты круцішся? Вось пачакай, пойдзеш у школу — там настаўніца навучыць цябе сядзець спакойна!” Не трэба, аднак, упадаць і ў іншую крайнасць, ствараючы вобраз школы як месца безупынных радасцей і поспехаў. Мы ж яшчэ не ведаем, як пойдзе ў дзіцяці вучоба, як наладзяцца адносіны з равеснікамі і настаўнікамі. І тады дзіця, якое чакала ад школы вельмі многа прыемнага і таго, што даецца лёгка, рызыкуе “зламацца” пры першых сутыкненнях са школьнай рэальнасцю.

Не трэба скажаць веру дзіцяці ў сябе як будучага школьніка ні страхам, ні “ружовай” заслонай палегчаных чаканняў. Няхай яно ўвойдзе ў школу як у новую, цікавую справу — з верай у свае магчымасці і гатоўнасцю выпрабаваць сябе. Каб сфарміраваць такую веру і такую гатоўнасць, трэба добра ведаць дзіця, цвяроза ацэньваць яго здольнасці і схільнасці, уяўляць межы яго магчымасцей.

Актуальным пытаннем нашай дыскусіі была і праблема адаптацыі дзіцяці да школы і псіхагеннай школьнай дэзадаптацыі. Школьныя страхі, неўрозы ў дзіцяці — гэта ўсё вынікі школьнай дэзадаптацыі. Да школьных неўрозаў могуць прыводзіць на першы погляд бяскрыўдныя стэрэатыпы бацькоўскага выхавання. Такія фразы, як, напрыклад, “Вось пойдзеш у школу, там табе…”, “Ты, напэўна, будзеш двоечнікам!..” стымулююць пачуццё трывогі, нявер’я ў свае сілы; фраза “Паспрабуй мне толькі яшчэ зрабіць памылкі ў дыктоўцы!” — у дзіцяці пад пастаянным цяжарам пагрозы пакарання могуць узнікаць варожыя пачуцці да бацькоў, развівацца комплекс непаўнацэннасці. Важна заняць правільную пазіцыю ў адносінах да дзіцяці, даць яму магчымасць рабіць самому ўсё, што яно можа зрабіць само. Пазіцыя гіперапекі — рабіць за дзіця яго школьныя справы, ісці ў яго на павадку, адносячыся паблажліва да яго стомленасці, — можа прынесці пазней масу непрыемнасцей і бацькам, і самому дзіцяці.

Мы прапанавалі бацькам звярнуць увагу і на тое, як дзіця рэагуе на пахвалу і ганьбаванне, перамогу і паражэнне. Адных дзяцей няпоспех літаральна паралізуе, у другіх — выклікае бурны пратэст, а трэціх — мабілізуе і стымулюе на новыя намаганні. Ёсць дзеці, якіх пахвала падахвочвае дзейнічаць з патроенай энергіяй, але ёсць і схільныя спачываць на лаўрах. Пры крайніх тыпах рэакцый дзіцяці на поспех і няпоспех трэба паспрабаваць іх ураўнаважыць. Такім дзецям больш дарэчна сказаць што-небудзь на-кшталт: “Давай зробім гэта яшчэ лепш, ты ж умееш”. Важна, каб зварот улічваў рэакцыю дзіцяці і ў любым выпадку не быў крыўдным.

Каб адаптацыя да школы прайшла лёгка, мы парэкамендавалі перад школай наведваць заняткі для будучых першакласнікаў. Навучанне можна праводзіць і дома ў гульнявой форме: “Мама дома — проста мама, добрая і ласкавая, а на рабоце яна ўрач, бухгалтар, і таму становіцца там іншай — строгай, дзелавой, сабранай. У цябе цяпер таксама новая роля — роля школьніка, і паводзіць сябе трэба адпаведна”.

У канцы навучальнага года намі было праведзена паўторнае дыягнастычнае абследаванне псіхалагічнай гатоўнасці дзяцей старшых груп да навучання ў школе. Аналізуючы атрыманыя дыягнастычныя даныя, можна зрабіць выснову, што карэкцыйныя заняткі, накіраваныя на павышэнне матывацыі да школьнага навучання, развіцця пазнавальных псіхічных працэсаў дашкольнікаў, аказаліся карыснымі і дзеці дасягнулі больш высокіх вынікаў у параўнанні з пачаткам навучальнага года. Карыснай была работа, праведзеная з бацькамі, дапамога ў рабоце па замацаванні атрыманых навыкаў і ведаў у дзіцячым садзе, выбудоўванні павільнай пазіцыі школьніка, што паўплывала на фарміраванне ў дзяцей псіхалагічнай гатоўнасці і матывацыі да школьнага навучання.

Школьная гатоўнасць — гэта сплаў ведаў і навыкаў, неабходных для паспяховага навучання, і здольнасці да супрацоўніцтва і пераадолення цяжкасцей, станоўчых адносін да школы і навучання. Важна душой адчуць складанасць перажыванняў дзіцяці пры такой вялікай змене жыцця, як паступленне ў школу, і дапамагчы яму. Гэта, да ўсяго іншага, не толькі павялічыць яго гатоўнасць да школы, але і захавае яму псіхалагічнае здароўе.

Гульні і практыкаванні для будучых першакласнікаў

Гэтыя гульні дапамогуць стварыць добрыя ўмовы для развіцця адвольнай увагі, назіральнасці, памяці, уяўлення, лагічнага і вобразнага мыслення дзяцей, а таксама дазволяць вызначыць, на якія бакі псіхалагічнай гатоўнасці да школы трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

РАЗВІВАЕМ АДВОЛЬНУЮ ЎВАГУ

Дзіцяці даюць ліст паперы, каляровыя алоўкі і просяць намаляваць у рад 10 трохвугольнікаў. Калі гэтая работа будзе скончана, дзіця папярэджваюць пра неабходнасць быць уважлівым, таму што інструкцыя прамаўляецца толькі адзін раз. “Будзь уважлівым, заштрыхуй чырвоным алоўкам трэці, сёмы і дзявяты трохвугольнікі”. Калі дзіця перапытвае, адказаць: “Рабі так, як разумееш”. Калі дзіця справілася з першым заданнем, можна працягнуць работу, паступова ўскладняючы заданні”.

РАЗВІВАЕМ НАЗІРАЛЬНАСЦЬ

На стале з’яўляюцца ў любым парадку 10 цацак або прадметаў. Папрасіце дзіця ўважліва паглядзець на іх на працягу 10—20 секунд, а потым адвярнуцца. Вы ў гэты час перастаўляеце цацкі ў іншым парадку, можна нават схаваць 1—2 цацкі, а пасля гэтага прапануйце дзіцяці рас-
ставіць усё, як было раней. Калі яно ўспомніла 6 і менш прадметаў, трэба яшчэ папрактыкаваць памяць і ўвагу, калі ўспомніла 7 ці больш — цудоўны вынік!

РАЗВІВАЕМ ПАМЯЦЬ

У гэтую гульню можна гуляць, напрыклад, у час доўгіх паездак. Дарослы пачынае гэтую гульню і гаворыць: “Я паклаў у мяшок яблыкі”. Наступны гулец паўтарае сказанае і дадае што-небудзь яшчэ: “Я паклаў у мяшок яблыкі і бананы”. Трэці гулец паўтарае ўсю фразу і дадае што-небудзь ад сябе. Можна проста дадаваць па адным слове, а можна падбіраць словы па алфавіце.

ТРЭНІРУЕМ ВОБРАЗНАЕ МЫСЛЕННЕ І ЎЯЎЛЕННЕ

Прапануйце дзіцяці гульню “Як гэта можна выкарыстаць” — знайсці як мага больш варыянтаў выкарыстання якога-небудзь прадмета. Напрыклад, вы называеце слова “аловак”, а дзіця прыдумляе, як яго можна выкарыстоўваць — пісаць, маляваць, як палачку, указку, градуснік для лялькі, вудачку і г.д.

Алена СПАЎСЦІНАЙЦІС,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 62 Гродна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.