Дзве нівы Уладзіміра Нікалаюка

- 11:37Людзі адукацыі

Настаўнік і камбайнер… У гэтым няма нічога незвычайнага і дзіўнага. Ёсць людзі, якім адначасова падабаецца і на зямлі шчыраваць, і дзяцей вучыць, цалкам аддаючы сябе любімай справе. Да іх ліку належыць настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Фёдаравіч Нікалаюк з Пажэжынскай базавай школы Маларыцкага раёна.

Лета для У.Ф.Нікалаюка — гэта не толькі час для адпачынку. Штогод у ліпені—жніўні Уладзімір Фёдаравіч дапамагае ААТ “Рыта” ва ўборцы ўраджаю. З пачаткам жніва ён выйшаў у поле на зернеўборачным камбайне “Палессе”. Прафесіяналізм і вопыт У.Ф.Нікалаюка дапамагаюць убіраць без страт нават “экстрэмальныя” палеткі. Уладзімір Фёдаравіч ва ўсім любіць дысцыпліну і парадак, працуе адказна і з усведамленнем важнасці той справы, якую робіць.

— Інакш ужо не магу, — прызнаецца У.Ф.Нікалаюк. — Праца на зямлі — справа надзвычай складаная і адказная. Зямля любіць, каб на ёй працаваў сапраўдны гаспадар. Ураджайнасць у нашай гаспадарцы сёлета адносна невысокая, але ўбраць без страт неабходна ўсе засеяныя палеткі. Настрой і жаданне працаваць ёсць, тэхніка ў парадку. Спадзяёмся, што і надвор’е не падвядзе. Пакуль свеціць сонца і няма дажджавых хмар, выкарыстоўваем кожную хвіліну. Нездарма кажуць, што летні дзень год корміць.

Цягне, вабіць зямелька Уладзіміра Фёдаравіча. Ды і жаданне працаваць на ёй пакуль не знікла. З асалодай і нейкім асаблівым хваляваннем, далікатна і беражліва кожны раз бярэ мужчына прыгаршчы зерня новага ўраджаю. Вабіць іх пах і важкасць.

— Гэта наш скарб, аснова дабрабыту, багацце краіны! І так хочацца засыпаць яго як мага больш у засекі дзяржавы. Усе ж добра разумеюць: будзе хлеб — будзе і песня, і ўсё астатняе, — разважае У.Ф.Нікалаюк.

Працаваць на зямлі Уладзіміра Фёдаравіча прывучылі бацькі. Юнак заўсёды дапамагаў ім у гаспадарцы. Пасля заканчэння Чарнянскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна паступіў вучыцца ў Кіеўскае ваеннае вучылішча, але перадумаў і забраў дакументы. На два гады лёс закінуў юнака ў Кандагар. Афганскае пекла стала добрай школай жыцця, асэнсаваннем перажытага, часам сталення і ўзмужнеласці.

Пасля была вучоба на спартыўным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. На першае месца працы маладога спецыяліста накіравалі ў Пажэжынскую сярэднюю школу, якой Уладзімір Фёдаравіч застаўся верным да гэтага часу.

Любоў і адданасць роднай зямлі заўсёды прыцягвалі і ніколі не пакідалі У.Ф.Нікалаюка, таму падчас студэнцкіх канікул ён дапамагаў мясцовай гаспадарцы: уладкоўваўся на час жніва камбайнерам.

— Яшчэ ў час вучобы ў школе наведваў заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце, — гаворыць Уладзімір Фёдаравіч. — На службу ў армію пайшоў, маючы пасведчанне трактарыста-машыніста і шафёра.

У.Ф.Нікалаюк на педагагічнай ніве шчыруе з 1991 года, а на хлебаробчай — на два гады раней. Так і жыве, аддаючы частку сябе то адной, то другой справе. У 1989 годзе, калі ён першы раз уладкаваўся ў калгас памочнікам камбайнера, кіраўніцтва сельгаспадаркі адразу звярнула ўвагу на ўдумлівага, стараннага, адказнага і разважлівага юнака, таму на другі год запрасіла яго працаваць ужо камбайнерам. З таго часу так і павялося, што на час жніва амаль кожны год Уладзімір Фёдаравіч з радасцю і задавальненнем мяняе настаўніцкую прафесію на хлебаробчую.

— Гэта надае сілы і зараджае станоўчай энергіяй, — упэўнены У.Ф.Нікалаюк. — Штогод заўсёды з нецярпеннем чакаю час жніва, загадзя рыхтуючы камбайн да выхаду ў поле. Праца на зямлі дае не толькі дадатковы заробак, але і вялікае маральнае задавальненне, усведамленне патрэбнасці і значнасці таго, што раблю ад душы і шчыра. А яшчэ, пэўна, нагадвае мне, што мара маленства ўсё ж такі здзейснілася. У дзяцінстве хацелася быць лётчыкам і ўзнімацца над аблокамі ці стаць мараком і плаваць на бязмежных прасторах акіянаў. Задуманае ўвасобілася ў працы хлебароба, дзе я, камбайнер, як капітан стэпавага карабля, плыву па жытнёвым полі, пакідаючы за сабой скошанае ржышча. Сэрца напаўняецца ў такія хвіліны радасцю ад таго, што за бортам гайдаюцца важкія каласы збажыны і сінеюць валошкі, а побач лятаюць не чайкі, а буслы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара
па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.