Дзяржаўныя ўзнагароды — лепшым

- 11:06Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 1 чэрвеня ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам працоўных калектываў.

“Сёння ў першы каляндарны дзень лета па даручэнні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі будуць уручаны заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў нашай краіны. У гэтай зале — прадстаўнікі розных прафесій: сацыяльныя работнікі, урачы, выкладчыкі, вучоныя, работнікі прамысловасці і будаўнікі, прадстаўнікі мытных органаў, дзяржаўныя служачыя, журналісты, творчая інтэлігенцыя. Кожны з вас унёс уклад у развіццё незалежнай і квітнеючай Беларусі”, — адзначыў Андрэй Кабякоў, звяртаючыся да прысутных.

Паводле яго слоў, сімвалічна, што ў Дзень абароны дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня, дзяржаўныя ўзнагароды атрымліваюць сацыяльныя работнікі. “У Беларусі ахова дзяцінства, абарона правоў і інтарэсаў дзяцей — адзін з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці дзяржавы. Рэалізацыя сацыяльнай палітыкі, накіраванай на забеспячэнне дастойнага дзяцінства, з’яўляецца неабходнай умовай устойлівага развіцця краіны як на найбліжэйшым этапе, так і ў доўгатэрміновай перспектыве”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.

Дзяржава захоўвае свае сацыяльныя абавязацельствы па падтрымцы сем’яў і дзяцей. У краіне забяспечаны рост памераў дапамог па доглядзе дзяцей, уведзены дадатковыя віды матэрыяльнай падтрымкі сем’яў, прадастаўляецца шырокі спектр сацыяльных паслуг. Сістэма падтрымкі мнагадзетных сем’яў узмоцнена ўвядзеннем сямейнага капіталу.

Прэм’ер-міністр уручыў падзякі прэзідэнта за забеспячэнне датэрміновага ўводу ў эксплуатацыю Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. “Абсталяванне цэнтра дапамагае ажыццяўляць раннюю дыягностыку захворванняў, назначаць схему лячэння, выбіраючы лякарства, якое падыдзе пацыенту лепш за ўсё”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Таксама падзякі прэзідэнта атрымалі людзі, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. “За мінулыя гады ў рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый былі ўкладзены дзясяткі мільярдаў долараў, і затрачаныя намаганні былі не дарэмнымі, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Нядаўна на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы мы з расійскім калегам прыйшлі да агульнага меркавання ў пытаннях аказання комплекснай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян Беларусі і Расіі, пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС. Аказанне такой дапамогі плануецца ажыццявіць на базе трох спецыялізаваных медцэнтраў нашых краін”.

Сярод узнагароджаных — група работнікаў Аршанскага льнокамбіната.

За шматгадовую плённую дзейнасць, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай журналістыкі аб’яўлена падзяка прэзідэнта прадстаўнікам рэдакцыі “Сельскай газеты”.

Асобныя словы ўдзячнасці Андрэй Кабякоў сказаў настаўнікам, выкладчыкам і вучоным. “Вы ўносіце вялікі ўклад у развіццё навукі, станаўленне інавацыйнай эканомікі, эканомікі ведаў, прафесійную падрыхтоўку падрастаючага пакалення”, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Высока ацэнены дасягненні Мінскай вобласці. Сярод узнагароджаных — супрацоўнікі аблвыканкама.
“Усе вы ведаеце, што 2016 год аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры, таму мне ўдвайне прыемна ўручыць узнагароды нашай творчай інтэлігенцыі”, — сказаў прэм’ер-міністр. Ён уручыў медалі Францыска Скарыны папулярным акцёрам і тэлевядучым.

Андрэй Кабякоў завяршыў выступленне словамі Бенджаміна Франкліна: “Вы будзеце мець усё, калі не будзеце перажываць, каму дастануцца ўзнагароды за вашы заслугі”.

Усяго дзяржаўныя ўзнагароды з рук прэм’ер-міністра атрымалі больш як 50 чалавек.