Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абазначыў прыярытэты ў далейшай рабоце МУС. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў на выніковым пасяджэнні калегіі міністэрства.
Паводле слоў прэзідэнта, ёсць шэраг напрамкаў і пытанняў, якія неабходна вырашаць, не рэагуючы, а змагаючыся, не паддаючыся сумненням у правільнасці выбранага курсу.
Органам унутраных спраў трэба нарошчваць намаганні ў спыненні і прадухіленні распаўсюджвання наркаманіі, кардынальна ўзмацніць барацьбу з крадзяжамі, змяніць сітуацыю са злачыннасцю ў вёсцы.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прыярытэтную ўвагу МУС неабходна ўдзяляць абароне дзяцей і пажылых грамадзян ад злачынных замахаў.
У ліку прыярытэтаў таксама процідзеянне эканамічнай злачыннасці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым напрамку хацеў бы больш актыўнай работы з боку ведамства.
Сённяшняя сітуацыя патрабуе самага ўважлівага падыходу да падбору і расстаноўкі кадраў. “Вы на правільным шляху. Нельга спыняцца. Тых, хто заслугоўвае, трэба падтрымліваць, заахвочваць, узнагароджваць і прысвойваць званні. Здрадніцтва недапушчальна”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Акрамя таго, перад МУС пастаўлена задача глыбока і ўсебакова прааналізаваць стан крымінагеннай абстаноўкі, вызначыўшы галоўныя прычыны і ўмовы змяненняў, што адбываюцца. “Нельга дзейнічаць усляпую”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна задача заключаецца ў пераглядзе расстаноўкі існуючых сіл і сродкаў.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў рабоце міліцыі павінна праяўляцца прынцыповасць да тых, хто парушае закон. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на неабходнасць падтрымання чысціні радоў унутры саміх органаў унутраных спраў. “Вы павінны быць непадкупныя. Міліцыя пранізвае ўсё грамадства. Па вашых дзеяннях мяркуюць аб уладзе ў цэлым”, — сказаў прэзідэнт.
Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава будзе і ў далейшым надаваць прыярытэтнае значэнне пытанням барацьбы са злачыннасцю, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. “Нараўне з падтрымкай органаў унутраных спраў мае патрабаванні і спагнанне ў гэтай сферы заўсёды будуць вельмі высокімі”, — заўважыў ён.
У ходзе пасяджэння калегіі МУС па выніках работы органаў унутраных спраў за 2015 год прэзідэнту было даложана, што значная частка злачынстваў у Беларусі ўчыняецца асобамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым у грамадстве і на ўзроўні дзяржаўных органаў перыядычна ўзнікае дыскусія і прымаюцца меры па абмежаванні продажу алкагольнай прадукцыі ў пэўныя гадзіны або на шэрагу гандлёвых аб’ектаў.
Паводле слоў прэзідэнта, эфектыўнасць такіх рашэнняў знаходзіцца пад пытаннем. “Хацелася б атрымаць адэкватны і дакладны адказ: дзе забараняць, як забараняць, у які час, ці забараняць наогул або дзейнічаць нейкімі іншымі метадамі”, — адзначыў беларускі лідар.
“Дзесьці мы забаронім, але гэта эфекту не дасць. Гэта дасць работу ценевікам. Справа нават не ў бюджэце, што мы нешта там страцім. Мы тут не выйграем у грашах, таму што больш будзем траціць на раскрыццё злачынстваў”, — лічыць прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні калегіі звярнуў увагу на тое, што міліцыя сваімі дзеяннямі павінна ствараць станоўчы вобраз у народзе. “Вы павінны рабіць усё, каб спадабацца чалавеку сваімі дзеяннямі, але не залішне задобрываць кагосьці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў навагоднюю ноч, калі тыя аказвалі дапамогу грамадзянам, якія празмерна ўжылі алкаголь.
“Гэта значыць, па-людску, па абстаноўцы глядзіце. Усё ў законе не прапішаш, і вы павінны дзейнічаць такім чынам, каб абараніць каго трэба, дапамагчы каму трэба”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
“Вы ад участковага да міністра ўнутраных спраў сваёй структурай непасрэдна пранізваеце ўсё наша грамадства. І калі б у нас была ідэальная міліцыя, у нас быў бы ідэальны парадак”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт паведаміў, што работа міліцыі пастаянна на вачах, і дробязей у ёй не бывае. “Вы для нашых грамадзян — самыя блізкія прадстаўнікі закона, увасабляеце для іх справядлівасць і бяспеку”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што чалавек, які трапіў у бяду, пры звароце ў міліцыю чакае ў першую чаргу ўважлівага стаўлення. “Вы павінны аб’ектыўна, усебакова, своечасова разглядаць скаргі, заявы нашых людзей, раскрываць злачынствы, вырашаць іншыя жыццёва важныя пытанні, якія часам нават не ўваходзяць у кампетэнцыю МУС. Таму што людзі на вас глядзяць, як на ўладу, а для ўлады няма абыякавых пытанняў, няма пытанняў, якія яе не датычацца”, — адзначыў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў на пасяджэнні калегіі прымаць самыя жорсткія меры ў адносінах да тых, хто ўчыняе правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення, і асабліва па чыёй віне гінуць людзі. “Каб выпіў і баяўся да аўтамабіля падысці. Ды і колькі забойстваў у п’яным выглядзе…”, — адзначыў прэзідэнт.
Тым больш недапушчальна, калі такія злачынствы ўчыняюць людзі, надзеленыя ўладай. “Ты з вялікім партфелем чалавек, прадстаўнік улады. Ты сеў за руль аўтамабіля і забіў чалавека. Якое ты маеш права пасля гэтага чалавекам звацца?” — падкрэсліў беларускі лідар.
“Нам трэба рабіць пакаранне за гэта не проста непазбежным, а жорсткім. І мы атрымаем пэўны эффект”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Ацэньваючы работу беларускай міліцыі, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў пасяджэнні на калегіі, што яна дае магчымасць забяспечыць належны ўзровень грамадскай бяспекі ў краіне.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта пацвярджаюць вынікі работы ўсіх структур МУС у 2015 годзе. “Вы ўпэўнена кантралюеце абстаноўку, вы здольны папярэдзіць абвастрэнне крымінагеннай сітуацыі, абараніць грамадства, кожнага грамадзяніна ад любых замахаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Я нават часам так стаўлю перад сабой пытанне: не дай бог узнікла б нейкая надзвычайная сітуацыя — мы змаглі б з міліцыяй адрэагаваць? І адразу сабе адказваю: абсалютна! Міліцыя стала зусім іншай, — лічыць прэзідэнт. — Я абсалютна ўпэўнены, што, калі трэба, амаль сто працэнтаў складу нашай міліцыі гатовы належным чынам адрэагаваць у любой кропцы на дэстабілізацыю і навесці парадак”. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў рабоце міліцыі яшчэ ёсць недахопы, якія трэба выпраўляць.
“Па выніках вашай работы грамадзяне ацэньваюць здольнасць улады забяспечыць правапарадак у краіне, асабістую бяспеку, абарону законных правоў і інтарэсаў. Найважнейшыя крытэрыі гэтай ацэнкі — магчымасць спакойна знаходзіцца ў любы час на вуліцах, быць упэўненым у бяспецы дзяцей, не апасацца за захаванасць сваёй маёмасці”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя незалежнага сацыялагічнага даследавання, згодна з якім амаль 80 працэнтаў грамадзян выказалі ўпэўненасць у сваёй бяспецы. На думку прэзідэнта, гэта сведчыць аб тым, што народ высока ацэньвае работу міліцыі. “Я цудоўна разумею, што і сярод работнікаў ДАІ, і сярод міліцэйскага складу, чыноўніцкага — людзі розныя. Але ў цэлым нават не толькі наш народ, але і госці ацэньваюць вашу работу нядрэнна. За гэта я вам вельмі ўдзячны”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.