Эфектыўнаму вопыту — камерцыйная аснова

На базе гімназіі і Цэнтра культуры і народных традыцый Іванава прайшоў рэгіянальны этап Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый. Падчас незвычайнага мерапрыемства, якое, дарэчы, праводзілася ўпершыню на Брэстчыне, яго ўдзельнікі прадавалі і куплялі аўтарскія праекты адкрытых урокаў, методыкі навучання і перадавыя педагагічныя ідэі.

— Кірмаш — выдатная пляцоўка для прыцягнення і прасоўвання новых методык і тэхналогій, аўтарскіх праектаў і адметных ідэй, якія дазваляюць эфектыўна вырашаць многія праблемы навучання і выхавання школьнікаў, — расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама Р.М.Сыса. — Такая форма работы дазваляе зацікавіць і захапіць педагогаў, дапамагае ім выбудаваць прафесійную і жыццёвую траекторыю развіцця.
Удзельнікі кірмашу, якімі сталі больш за 80 педагогаў Іванаўскага і Столінскага раёнаў, а таксама расійская дэлегацыя з Атрадненскага ўпраўлення Міністэрства адукацыі і навукі Самарскай вобласці, атрымалі цудоўную магчымасць для прафесійных зносін і абмену лепшым вопытам: прэзентавалі аўтарскія ідэі і тэхналогіі як прадукты інтэлектуальнай працы па пэўных коштах. Гэта новы падыход да ацэнкі дасягненняў у практычнай дзейнасці педагогаў.
Галоўная асаблівасць кірмашу, падкрэсліў Р.М.Сыса, заключалася ў тым, што ён паказаў настаўнікам спосабы дасягнення паспяховасці і кар’ернага росту ў грамадстве з рыначнымі адносінамі. Мерапрыемства навучыла педагогаў дастойна ацэньваць сябе і сваю працу, быць мабільнымі і запатрабаванымі не толькі ў сферы адукацыі, але і ў іншых сферах жыцця.
Работа кірмашу была арганізавана па шэрагу напрамкаў, якія ахоплівалі розныя пытанні развіцця адукацыйнай галіны: інавацыйныя рашэнні ў сферы адукацыі (кіраўніцкая дзейнасць, распрацоўка і выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій, мадэлі вывучэння прадметаў на павышаным узроўні, дыстанцыйная адукацыя, прафесійнае самавызначэнне, новыя формы работы з адоранымі дзецьмі і дзецьмі з АПФР); фарміраванне здаровага і бяспечнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі, выхаванне асобы бяспечнага тыпу (распрацоўка і выкарыстанне праграм і праектаў у сферы экалагічнай адукацыі, фарміраванне ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу навыкаў здаровага ладу жыцця і талерантнасці ва ўмовах мультыкультурнага грамадства, новыя формы работы па развіцці масавага фізкультурна-спартыўнага руху); сучасныя формы работы з сям’ёй, развіццё сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі; захаванне і развіццё духоўных, гістарычных і культурных каштоўнасцей; фарміраванне грамадзянска-прававых кампетэнцый вучняў; развіццё сацыяльнага партнёрства ў кіраванні адукацыяй; інавацыйныя формы і метады выхаваўчай работы; інавацыйныя мадэлі арганізацыі метадычнай дзейнасці ў сферы адукацыі і інш.
Аўтарскія работы прадстаўляліся ў выглядзе стэндавых прэзентацый, майстар-класаў і аўкцыёнаў. Лоты для аўкцыёну папярэдне адбіраліся экспертным саветам. Па выніках кірмашу ўсе лоты былі прададзены: самы танны — за 80 тысяч рублёў, самы дарагі — за 190 тысяч рублёў. Кошт распрацовак вызначалі іх аўтары. Так, настаўнік інфарматыкі Аляксей Барташ з Рудскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна прапанаваў калегам праект “Інтэрактыўны дадатак “Асновы алгарытмізацыі і праграміравання PascalABC. 8 клас”, калектыў гімназіі Іванава прэзентаваў педагагічную тэхналогію “Інтэрактыўны педсавет як цэнтр калектыўнай прафесійнай думкі”, настаўнік матэматыкі Валерый Рудзецкі з Цярэбліцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Столінскага раёна прыехаў з электронным сродкам навучання “Геаметрыя і стэрэаметрыя. 10 клас”, а намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аляксандр Гарахоўскі з Яечкавіцкай сярэдняй школы Іванаўскага раёна прадставіў электронную праграму па маніторынгу выніковасці навучанасці дзяцей і аналізе пропускаў заняткаў.
— Галоўная задача кірмашу заключалася не ў тым, каб выгадна прадаць пэўную распрацоўку, а найперш пазнаёміцца з цікавым вопытам калег, наладзіць з імі карысныя кантакты, — адзначыў Р.М.Сыса.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ,
Фота Ганны ПЕТРАЧЭНКА.