Эфектыўнасць, сістэмнасць, прафесіяналізм — прыярытэты рэгіянальнай адукацыйнай палітыкі

- 11:40Адукацыйная прастора

Прынцыповая і дакладная ацэнка вынікаў дзейнасці рэгіянальнай сістэмы адукацыі была дадзена ў дакладзе начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хомы. У абмеркаванні даклада выступілі загадчык ясляў-сада № 2 Докшыц Ірына Курушка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкама Уладзімір Навічонак, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталля Шчаглова, дырэктар Аршанскага ЦКРНіР Ірына Кіхцева, дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Страленка, дырэктар Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа Ігар Кунцэвіч.

— Асноўнай задачай з’яўляецца забеспячэнне якасці адукацыі, — адзначыў у сваім выступленні старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. — На цэнтралізаваным тэсціраванні толькі па адным з 15 вучэбных прадметаў — грамадазнаўстве — нашы выпускнікі паказалі вынікі вышэйшыя за рэспубліканскія. Стабальныя вынікі прадэманстравалі навучэнцы Віцебска, Аршанскага, Докшыцкага, Лепельскага і Лёзненскага раёнаў. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах заваявана 70 дыпломаў, як і ў папярэднім годзе. Можна задаволіцца тым, што падзення не адбылося, але давайце будзем настройвацца на тое, што мы сёння фарміруем стартавую пляцоўку для таго, каб быць лепшымі.

Мікалай Мікалаевіч прывёў у прыклад установы адукацыі, якія штогод маюць стабільна высокія вынікі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: гімназіі №№ 1, 2 і 8 Віцебска. Добрыя словы прагучалі ў адрас гімназій № 7 Віцебска і № 2 Наваполацка, полацкай гімназіі № 2. На міжнародных алімпіядах навучэнцы вобласці прадэманстравалі 100-працэнтны вынік: сярэбраны медаль ХХІХ Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы — у навучэнца гімназіі № 8 Артура Петухоўскага (настаўніца Вераніка Лакціна), бронзавы медаль ХХХІ Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды — у навучэнца гімназіі № 1 Віцебска Ягора Гафарава (настаўніца Людміла Карніенка), бронзавы медаль ІV Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды школьнікаў краін балтыйскага рэгіёна — у навучэнца 10 класа гімназіі № 2 Віцебска Антона Жыльцова (настаўнік Сяргей Крывенка). Ёсць і адваротныя прыклады, калі ў гімназіях за апошні час не было падрыхтавана ніводнага пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. “Не павінна быць такіх гімназій”, — падвёў выснову губернатар і даручыў упраўленню адукацыі па выніках наступнага навучальнага года аб’ектыўна разабрацца і ўнесці прапанову аб змяненні статусу асобных гімназій на сярэднія школы.

— Упраўленню і аддзелам адукацыі, спорту і турызму неабходна кардынальна перагледзець работу ўстаноў, стварыць эфектыўную сістэму яе ацэнкі, забяспечыць кантроль і адказнасць кожнага настаўніка-прадметніка, дырэктара за вынікі выпускных экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання, якасць прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, арганізацыю занятасці дзяцей у вольны час, у тым ліку ў выхадныя дні, — падкрэсліў Мікалай Шарстнёў. — Якасць адукацыі ў цэлым залежыць ад работы кожнага асобна ўзятага педагога, яго прафесіяналізму, мабільнасці, любові да сваёй справы. Таму і адказнасць за вынікі працы павінна быць індывідуальная.

Асобна кіраўнік вобласці спыніўся на стратэгіі развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі. “Неабходны цесны сімбіёз тэорыі і практыкі, адукацыі і вытворчасці, — паставіў мэту губернатар. — У корані трэба змяніць вучэбны працэс з улікам павелічэння практыкі, абавязкова на лепшых прадпрыемствах. Установы адукацыі павінны інтэнсіўна ўзаемадзейнічаць з галінамі сацыяльна-эканамічнага комплексу і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, рабіць набор, рыхтаваць спецыялістаў і рабочых пад канкрэтныя прадпрыемствы і арганізацыі, рабочыя месцы. Аптымальна выбудаваць сетку ўстаноў прафесійнай адукацыі і вызначыць пералік адзінкавых кваліфікацый у адпаведнасці з развіццём інавацыйнай сферы эканомікі — задача, якую трэба вырашыць. Я хацеў бы звесці ў адно мэтавае навучанне з магчымасцю даплат навучэнцам з боку базавых гаспадарак і арганізацый. Разам будзем вучыць, рыхтаваць, выхоўваць, фінансаваць дадаткова праз базавае прадпрыемства і такім чынам працаваць на ўзмацненне аўтарытэту прафесійна-тэхнічнай адукацыі”.

У ліку стратэгічна важных умоў дзейнасці сістэмы адукацыі — забеспячэнне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі, харчаваннем, арганізацыя падвозу да месца навучання і выхавання. Важнейшым пытаннем з’яўляецца бяспека навучэнцаў падчас падвозу. Усе асноўныя мерапрыемствы па ўдасканаленні сістэмы адукацыі ў новым навучальным годзе неабходна завяршыць. За мінулы год праведзена вялікая работа па павышэнні эканамічнай эфектыўнасці, трэба, каб яна была працягнута. Усе вызваленыя ў выніку аптымізацыі грашовыя сродкі будуць накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ, куды пераведзены навучэнцы, а таксама набыццё вучэбнага і лабараторнага абсталявання, сучасных сродкаў навучання, школьных аўтобусаў. Так, сёлета на падрыхтоўку да новага навучальнага года накіравана больш за 22 млн рублёў — амаль у 3,5 разу больш, чым у мінулым. Ужо набыта 30 аўтобусаў (падчас канферэнцыі сертыфікаты на іх кіраўнік вобласці ўрачыста перадаў начальнікам аддзелаў адукацыі, спорту і турызму), пастаўлена 40 камп’ютарных класаў. Па выніках 2016—2017 гадоў будзе сэканомлена больш за 11 млн, эканомія ў 2018 годзе складзе каля 23 млн рублёў. Мікалай Шарстнёў яшчэ раз падкрэсліў, што старшыні рай(гар)выканкамаў пад персанальную адказнасць павінны забяспечыць поўнае асваенне выдзеленых на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі грашовых сродкаў.

Дасягненняў і перамог у педагогаў Віцебшчыны ў гэтым годзе нямала, што адзначана на самым высокім узроўні. Гімназія № 1 Віцебска па выніках работы занесена на Рэспубліканскую дошку гонару, медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Іван Абаровіч, дырэктар Відзаўскага дзяржаўнага ПТК Міхаіл Смірноў, дырэктар Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа Ігар Кунцэвіч, настаўніца гімназіі № 8 Віцебска Вераніка Лакціна, настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 20 Оршы Валерый Герасімаў. Званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” прысвоена дырэктару Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандру Ласякіну, рэктару Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрыю Лазоўскаму.

Начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак уручыў лепшым з лепшых узнагароды Міністэрства адукацыі. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў ад імя дэпутацкага корпуса адрасаваў узнагароды Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў таленавітым педагогам. Ён таксама перадаў грашовыя сертыфікаты 27 установам, якія прадэманстравалі высокія вынікі ў рабоце з адоранымі дзецьмі. Узнагароды ўпраўлення адукацыі і сертыфікаты на атрыманне камп’ютарных класаў і камп’ютарнай тэхнікі васьмі лепшым ліцэям, каледжам і Віцебскаму абласному палацу дзяцей і моладзі ўручыў Дзмітрый Хома. А святочны настрой падарылі ўсім прысутным юныя артысты і педагогі лепшых самадзейных калектываў устаноў адукацыі вобласці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.