Эфектыўная работа прадпрыемстваў і пашырэнне тавараправоднай сеткі застаюцца прыярытэтам экспартнай стратэгіі

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Трэба ўстараняць бар’еры ў гандлі з Расіяй і пашыраць таварную структуру экспарту ў краіны Еўрасаюза. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў аб выніках работы ў студзені — верасні па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту.

“Па-ранейшаму актуальная задача па ўстараненні бар’ераў у гандлі з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй. На расійскім рынку сітуацыя хоць і выраўноўваецца, але для захавання пазіцый неабходны дадатковыя рэсурсы пры ўзрастаючай няроўнасці ва ўмовах гаспадарання прадпрыемстваў Беларусі і Расіі”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, за дзевяць месяцаў 2016 года беларуская прадукцыя экспартавана ў 160 дзяржаў, год назад было 155. Колькасць экспартных таварных пазіцый у Азербайджан у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года павялічылася на 77 пазіцый, у ААЭ — на 46, ва Украіну — на 45, Расію — на 38, В’етнам — на 37.

У агульным аб’ёме экспарту доля краін ЕАЭС, уключаючы Расію, павялічылася з 39 працэнтаў да 46 працэнтаў, доля краін Еўрапейскага саюза знізілася. Пры гэтым зніжэнне паставак у Еўропу адбылося ў асноўным за кошт скарачэння вартасных аб’ёмаў экспарту нафтапрадуктаў. “Такая ж карціна назіраецца па многіх іншых таварных пазіцыях. Таварная структура экспарту ў краіны Еўрасаюза вымушае жадаць лепшага”, — канстатаваў Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, расійскі рынак застаецца прэміяльным для беларускіх харчовых тавараў, аднак канкурэнцыя з расійскімі вытворцамі нарастае. “У чым прычына, што 34 сертыфікаваныя беларускія прадпрыемствы не пачалі пастаўкі малочнай прадукцыі ў Кітай?” — пацікавіўся Андрэй Кабякоў.

Вялікія чаканні ў актывізацыі работы на новых перспектыўных рынках былі звязаны з дзейнасцю службовых асоб, замацаваных за асобнымі краінамі і рэгіёнамі. Кіраўнік беларускага ўрада прапанаваў абмеркаваць вынікі іх работы і шляхі яе ўдасканалення.

Забеспячэнне эфектыўнай работы дзеючых суб’ектаў і пашырэнне тавараправоднай сеткі за мяжой застаецца прыярытэтам экспартнай стратэгіі прадпрыемстваў. На думку прэм’ер-міністра, уласная тавараправодная сетка, якая налічвае больш за 300 суб’ектаў у 40 краінах, павінна быць апорай у рабоце па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту.

Андрэй Кабякоў закрануў тэму забеспячэння дысцыпліны разлікаў за пастаўленую на знешні рынак беларускую прадукцыю. Гэта пытанне павінна быць на пастаянным кантролі ў кіраўнікоў галін, рэгіёнаў і прадпрыемстваў-экспарцёраў. За 9 месяцаў пратэрмінаваная знешняя дэбіторская запазычанасць знізілася ў параўнанні з 1 студзеня на $33,8 млн, у параўнанні з 1 кастрычніка 2015 года — на $93,7 млн. “Задачу скарачэння ў 2016 годзе пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці на $100 млн ніхто не адмяняў, гэта адно з галоўных патрабаванняў кіраўніка дзяржавы”, — нагадаў прэм’ер-міністр.