Метадычная работа ў школе — асноўны інструмент прафесійнага развіцця настаўнікаў, а метадычная літаратура дапамагае сістэматызаваць такую работу і вызначыць яе прыярытэтныя кірункі. У пачатку гэтага года выйшла кніга Мікалая Запрудскага і Галіны Сухавай “Эфектыўныя практыкі метадычнай работы ў школе”, якая дапаможа зразумець сутнасць і актуальнасць метадычнай работы.
І Мікалай Іванавіч, і Галіна Анатольеўна — пастаянныя аўтары “Настаўніцкай газеты”, вядомыя метадысты ў педагагічнай супольнасці краіны, якія рэгульна праводзяць заняткі, майстар-класы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абласных ІРА, агульнаадукацыйных установах. Г.А.Сухава — настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава, настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”. М.І.Запудскі — прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА.
У сваёй кнізе за аснову аўтары ўзялі ідэю супрацоўніцтва і ўзаемнага навучання педагогаў — самага значнага фактару эфектыўнасці метадычнай работы. У сувязі з гэтым яна будзе цікавай і карыснай кіраўнікам устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі; метадыстам, настаўнікам, кіраўнікам метадычных аб’яднанняў. Дапаможнік можа выкарыстоўвацца студэнтамі педагагічных спецыяльнасцей падчас практыкі ў школе, пры падрыхтоўцы курсавых і дыпломных работ.
Пра змест і арганізацыю метадычнай работы ў школе напісана даволі шмат. Чым жа выклікана выданне гэтай кнігі? Мяняецца свет — і ў адукацыі ўвесь час адбываюцца змяненні. Іншымі сталі вучні, іх погляды. Змяніліся шляхі вучнёўскага ўзаемадзеяння, спосабы пошуку патрэбнай інфармацыі, падыходы да навучання. Стаўленне бацькоў да школы стала больш крытычным.
Іншымі сталі і настаўнікі. Цяпер іх характарызуе даследчыцкае стаўленне да прафесійнай дзейнасці, імкненне да авалодання новымі тэхналогіямі і сродкамі арганізацыі адукацыйнага працэсу. Змянілася адукацыйнае асяроддзе, сродкі навучання, з’явілася магчымасць выкарыстоўваць бязмежны патэнцыял, які даюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
Аўтары звяртаюць увагу: праведзена шмат даследаванняў, якія сведчаць, што ў традыцыйнай практыкі павышэння кваліфікацыі педагогаў у самой установе адукацыі ёсць эфектыўныя альтэрнатывы, выкарыстанне якіх адпавядае патрэбам настаўнікаў і выклікам часу. Устаноўлена, што самым важкім фактарам уздзеяння на акадэмічную паспяховасць вучняў, на якасць іх навучання з’яўляецца “калектыўная эфектыўнасць настаўнікаў”. Прасцей кажучы, гэта ўпэўненасць у тым, што калектыўна можна дасягнуць значных вынікаў (нават калі педагогам дасталіся не самыя таленавітыя і матываваныя вучні).
Акрамя таго, вынікі будуць тады, калі адукацыйнае асяроддзе школы не з’яўляецца канкурэнтным, калі яно будуецца на прынцыпах супрацоўніцтва паміж педагогамі. У педагагічнай літаратуры даецца паняцце педагагічнага супрацоўніцтва — гэта двухбаковая з’ява, якая прадугледжвае ўзаемадзеянне, давер, узаемную павагу, патрабавальнасць, высокую адказнасць абодвух суб’ектаў адукацыйнага працэсу.
І яшчэ аўтары падкрэсліваюць, што многія менеджары адукацыі, “зараджаныя” на перамогі і дыпломы вучняў у алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, стабальныя сертыфікаты на ЦТ, даволі часта ігнаруюць метадычную работу, не лічаць важнымі метадычныя ўменні настаўнікаў. А адсутнасць высокіх вынікаў у рабоце яны тлумачаць маральнай недасканаласцю настаўнікаў і вучняў. Аднак па-сучаснаму арганізаваная метадычная работа ў школе не толькі спрыяе росту вучэбных дасягненняў школьнікаў, але і не дапускае прафесійнага выгарання настаўнікаў, істотна падаўжае перыяд творчай прафесійнай актыўнасці і майстэрства педагогаў.
“Наша задача — прааналізаваць існуючую практыку метадычнай работы, выявіць недахопы і поспехі, прапанаваць інавацыйныя варыянты і тым самым натхніць кіраўнікоў устаноў адукацыі, метадыстаў і настаўнікаў, пераканаць іх у тым, што старанні будуць мець поспех. У гэтым выпадку метадычная работа не будзе здавацца педагогам непатрэбным дадаткам да асноўнай дзейнасці, бо насамрэч гэта вельмі значны сродак іх прафесійнага развіцця і павышэння якасці адукацыі вучняў”, — адзначылі Мікалай Запрудскі і Галіна Сухава.
У кнізе прадстаўлены лепшыя ідэі і прыклады арганізацыі метадычнай работы ў нашай краіне і за яе межамі, сучасныя даследаванні ў галіне адукацыі, што робіць яе каштоўным практычным дапаможнікам для кіраўнікоў школ, метадыстаў і настаўнікаў. Кожны раздзел прысвечаны аднаму з важных аспектаў цэласнай сістэмы метадычнай работы.
У першай главе — “Метадычная работа ў школе: ці патрэбна яна настаўніку?” — разглядаюцца тыя асобасныя і прафесійныя дэфіцыты, якія назіраюцца ў дзейнасці настаўнікаў, актуальныя кампетэнцыі, якімі важна валодаць, расказваецца пра ролю метадычнай работы як механізма павышэння кваліфікацыі ва ўстанове адукацыі.
Другая глава прысвечана функцыям, зместу і практыцы дзейнасці суб’ектаў метадычнай работы: дырэктара школы, яго намесніка па вучэбнай або метадычнай рабоце, настаўніка і кіраўніка метадычнага аб’яднання.
Сучасным формам метадычнай работы прысвечана трэцяя глава. Тут да ўвагі чытачоў прапануюцца варыянты ўзаемнага навучання і прафесійнага ўзаемадзеяння настаўнікаў: гутаркі пра адукацыю, настаўніцтва, папулярныя варыянты правядзення майстар-класаў, у прыватнасці, урокі для дарослых і г.д.
У заключнай главе разглядаюцца механізмы ўвядзення ў школьную практыку інавацыйнай мадэлі метадычнай работы. Мадэль мае ў пэўным сэнсе ідэалізаваны характар. Ступень набліжэння да яе напрамую залежыць ад кваліфікацыі і кіраўніцкай пазіцыі дырэктара ўстановы адукацыі.
Мадэль узнікла дзякуючы неабыякаваму стаўленню да сваіх абавязкаў настаўнікаў, кіраўнікоў устаноў і органаў адукацыі, метадыстаў, кіраўнікоў школьных і раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў. Усе яны сур’ёзна паставіліся да вырашэння праблемы павышэння эфектыўнасці метадычнай работы. У кнізе акумуляваны настаўніцкі вопыт, які дэманстраваўся ў педагагічным друку, на майстар-класах, падчас педагагічных нарад.
У ролі рэцэнзентаў выступілі вядомыя ў педагагічнай супольнасці настаўнікі: намеснік дырэктара сярэдняй школы № 19 Мінска імя Янкі Купалы Святлана Дзюбенка і дырэктар ліцэя № 1 Гродна Ігар Маслаў.
У сваёй кнізе за аснову аўтары ўзялі ідэю супрацоўніцтва і ўзаемнага навучання педагогаў — самага значнага фактару эфектыўнасці метадычнай работы.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.