Гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне Беларусі з Пакістанам абавязкова выйдзе на ўзровень палітычных адносін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 кастрычніка на сустрэчы з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго цяперашні афіцыйны візіт у Пакістан стаў асаблівым, бакі зрабілі нямала для ўмацавання адносін паміж краінамі. “Адчуваю, што лёд крануўся, крануўся салідна, і праз чатыры гады мы дасягнём жаданых вынікаў, пабудуем фундамент нашых адносін у выглядзе гандлю і вырашэнняў пытанняў у сферы эканомікі”, — сказаў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Пакістанам абавязкова выйдзе на ўзровень палітычных адносін паміж краінамі і іх лідарамі.
Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што ў час сустрэч, праведзеных 5 кастрычніка, бакі дакладна вызначылі, у якім напрамку рухацца далей і якія сферы дзейнасці ўяўляюць узаемны інтарэс. “Цяпер засталося гэтыя напрамкі “зазямліць”, гэта значыць, звесці беларускую кампанію з пакістанскай або прадаставіць ім магчымасць працаваць бесперашкодна і ствараць за чатыры гады той $1 млрд, аб якім мы гаварылі”, — звярнуў увагу беларускі лідар.
У сваю чаргу Мамнун Хусэйн падкрэсліў, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан умацуе не толькі гандлёва-эканамічныя адносіны паміж краінамі, але і ўзаемадзеянне ў навуковай, культурнай, адукацыйнай і іншых сферах.