Эколагі правялі маніторынг БелАЭС

Эколагі з Беларусі і Расіі правялі сумесны маніторынг будаўніцтва АЭС у Астраўцы, паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня савета Беларускага грамадскага аб’яднання “Экалагічная ініцыятыва” Юрый Салаўёў.

Расійскія эколагі праводзілі вымярэнні з дапамогай уласнага абсталявання. Праведзены дазіметрычныя вымярэнні матэрыялаў, металапракату і абсталявання, што выкарыстоўваюцца для будаўніцтва атамнай станцыі. Раней эколагі не мелі вынікаў такіх даследаванняў на пляцоўцы ў Астраўцы.

Старшыня міжрэгіянальнага грамадскага экалагічнага руху “Ака” Алан Хасіеў (“Ака” прымала ўдзел у маніторынгу ад расійскага боку) падкрэсліў адкрытасць Беларусі ў пытаннях прадастаўлення інфармацыі па будаўніцтве АЭС. “Мы атрымалі адказы на ўсе пытанні, у поўнай меры былі задаволены нашы пажаданні па месцах замераў. Ніводнай адмовы мы не атрымалі — гэта надзвычай важна”, — лічыць Алан Хасіеў.

Паводле яго слоў, прадстаўнікі “Акі” мелі магчымасць правесці вымярэнні ў 220 кропках непасрэдна на самой станцыі і паблізу Астраўца.

“Вынікі ўсіх экспедыцый заносяцца ў пратаколы, яны пацвярджаюцца фота- і відэаматэрыяламі. Гэта дае магчымасць нам аб’ектыўна адлюстроўваць рэальны стан рэчаў. Мы абапіраемся толькі на факты, а не домыслы і ўсялякія выдумкі”, — падкрэсліў Алан Хасіеў. На яго думку, тэму экалогіі недапушчальна выкарыстоўваць у палітычных мэтах або для арганізацыі нядобрасумленнай канкурэнцыі.

Эколагі Расіі станоўча адазваліся аб рабоце інфармацыйнага цэнтра АЭС. “Такім чынам, грамадскасць і экалагічныя арганізацыі могуць знаёміцца з сітуацыяй на станцыі. У інфацэнтры створаны для гэтага вельмі добрыя ўмовы”, — лічыць старшыня руху “Ака”.

Міжрэгіянальны грамадскі экалагічны рух “Ака” створаны ў 1989 годзе. Асноўныя задачы арганізацыі — распрацоўка і вывучэнне пытанняў экалагічнай і энергетычнай бяспекі. Экспедыцыя арганізавана па доўгатэрміновай праграме “Грамадскі кантроль у атамнай энергетыцы”. З 2010 года “Ака” арганізавала амаль 30 экспедыцый на АЭС.