Ва ўстановах прафтэха заўсёды ёсць свае зорачкі. А калі ў педагагічным калектыве знаходзіцца той, хто ўмее іх запальваць і здольны гарэць разам з імі, добрага выніку доўга чакаць не прыйдзецца.
Таццяна Дзядкова і Уладзіслаў Яўменаў — будучыя кухары-пекары. Гэтую спецыяльнасць яны атрымліваюць зараз у Гомельскім дзяржаўным прафесійным ліцэі рачнога флоту. Іх таленты, грамадская актыўнасць у справах ліцэя і лідарскія якасці робяць хлопцаў мясцовымі знакамітасцямі, а адміністрацыя і педагогі ўстановы ўскладаюць на Таццяну і Уладзіслава вялікія надзеі.
— Другакурсніца Таццяна ў нас сапраўдная зорачка, — расказвае намеснік дырэктара ліцэя рачнога флоту па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аксана Грабок. — Дзякуючы яе зацікаўленасці, у ліцэі ўзніклі цікавыя праекты. А ў мінулым годзе ўстанова прыняла ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “Арт-вакацыі”, дзе Таня выступала з аўтарскім танцавальным нумарам.
Уладзіслаў усяго некалькі месяцаў як навучэнец ліцэя, але за гэты час ужо змог паказаць сябе з лепшага боку ў многіх справах. Пра яго Аксана Аляксандраўна кажа “адораны хлапчук”.
Запальвае зорачкі ў ліцэі метадыст Іна Гашко. Для яе гэта не абавязак, а хутчэй любімы занятак.
Ліцэй рачнога флоту, які бярэ свой пачатак з адкрыцця рамеснага вучылішча ў 1940 годзе, у Гомелі з’явіўся невыпадкова. У свой час рака Сож, над якой раскінуўся абласны цэнтр, была даволі значнай часткай суднаходства, што адыгрывала важную ролю ў развіцці горада. Гэтую гісторыю беражліва захоўваюць і папаўняюць новымі знаходкамі і справамі выкладчыкі і навучэнцы ліцэя. Тут створаны музей пад прывабнай назвай “Рамантыкам блакітных магістралей прысвячаецца”. А нядаўна метадыст Іна Канстанцінаўна разам з навучэнцамі стварыла віртуальны музей, і цяпер кожны жадаючы можа пазнаёміцца з экспанатамі на сайце ўстановы.
Яшчэ адзін важны кірунак І.К.Гашко з навучэнцамі — гэта даследчая дзейнасць. Здаецца, у яе ёсць сапраўдны талент уцягваць юнакоў і дзяўчат у гэтую справу. Нядаўна на абласным конкурсе сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Спадчына” Гомельскі прафесійны ліцэй рачнога флоту прадставіў цікавую даследчую працу “Турыстычны маршрут па набярэжнай ракі Сож”, якую выдатна абаранілі перад журы конкурсу Таццяна Дзядкова і Уладзіслаў Яўменаў.
Экскурсія прызначана для падлеткаў, навучэнцаў ліцэяў і каледжаў, але не менш цікавай яна будзе таксама дарослым і гасцям горада.
— Распрацаваны экскурсійны маршрут можа быць выкарыстаны класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі-прадметнікамі, кіраўнікамі гурткоў, намеснікамі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, — гаворыць Іна Гашко. — Прадстаўленыя матэрыялы дапамогуць педагогам адукацыйных устаноў складаць экскурсійныя маршруты па вуліцах горада, а таксама навучыць гэтаму навучэнцаў.
— Распрацоўка экскурсіі ўздоўж берага Сожа вельмі захапіла нас, — расказвае Таццяна. — Гэта такі наглядны працэс паказу мінулага і сучаснасці нашага горада на прыкладзе асобна абранай мясцовасці, і было цікава збіраць звесткі і шукаць старыя фотаздымкі, параўноўваць дзень сённяшні з мінулым, назіраць, як відазмянялася набярэжная з цягам часу.
Аўтары даследчай працы нездарма ганарацца тым, што яны стварылі. Па-першае, распрацаваны імі маршрут нясе вучэбна-пазнавальную каштоўнасць. Экскурсантам даецца пэўнае кола ведаў па гісторыі роднага горада, будаўніцтве гарадской набярэжнай і яе аб’ектаў, наогул пашыраецца кругагляд, тым больш што многія аб’екты звязаныя з канкрэтнымі падзеямі, жыццём і дзейнасцю гістарычных асоб. Па-другое, ён зроблены маладымі людзьмі з улікам інтарэсаў іх узросту, а таму будзе цікавы равеснікам.
Магчыма, прыклад Таццяны і Уладзіслава натхніць іншых навучэнцаў на даследчую дзейнасць. Харызматычныя, мэтанакіраваныя і зацікаўленыя, яны ўмеюць павесці за сабой. Няма сумненняў, што мы яшчэ пачуем гэтыя імёны.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.