Экскурсію па “Горадзе над Нёманам” праводзяць шасцігодкі

Гісторыю свайго горада маленькія выхаванцы ясляў-сада № 104 Гродна вывучаюць, знаёмячыся з архітэктурнымі славутасцямі на незвычайнай вулачцы, у якую ператварыўся калідор дашкольнай установы. Уласны дызайн-праект педагогаў “Горад над Нёманам” стаў удалым сродкам патрыятычнага выхавання дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.

З замілаваннем назіраю, як маленькая Арына Крэйза расказвае аднагрупнікам пра старажытную Каложу. “Наталля Аляксандраўна, падкажыце, як пачаць”, — расхваляваўшыся ад нечаканай увагі, звяртаецца дзяўчынка да выхавальніцы. І, атрымаўшы дапамогу, упэўнена пачынае аповед. Працягвае экскурсію па своеасаблівым музеі ў калідоры дзіцячага сада Антон Парчук. Яго расказ пра пажарную каланчу. А затым дзеці збіраюцца ў імправізаваным тэатры і трапляюць на спектакль сапраўднай батлейкі. Вось такімі цікавымі момантамі насычана жыццё выхаванцаў ясляў-сада. А ствараюць для іх займальную і пазнавальную атмасферу таленавітыя, апантаныя супрацоўнікі дашкольнай установы.

— Любоў да Радзімы пачынаецца з любові да таго, што акружае дзіця з маленства: да месца, дзе яно нарадзілася, да сваёй сям’і, роднага горада. А каб любіць сваю малую радзіму, трэба яе ведаць. Вось у нашым калектыве і нарадзілася ідэя рэалізацыі ўласнага праекта, ці, кажучы прафесійнай мовай, стварэння пазнавальна-адукацыйнага асяроддзя для займальнага знаёмства нашых выхаванцаў з гісторыяй і архітэктурай роднага горада, — расказала загадчыца ясляў-сада № 104 Гродна Ядвіга Гоман.

Праект “Горад над Нёманам” не ўзнік спантанна. Выношваліся планы даволі доўга, на працягу двух гадоў. Спачатку абмяркоўвалі мэты і задачы праекта, распрацоўвалі план, этапы яго рэалізацыі. Педагогі прадставілі цыкл пазнавальных заняткаў, экскурсій, гульняў па знаёмстве старэйшых дашкольнікаў з гісторыяй роднага горада. Падабраны матэрыял даваў магчымасць фарміраваць у дзяцей уяўленне аб тым, чым знакаміты і ўнікальны наш горад.

— Калі 2018 год быў абвешчаны Годам малой радзімы, гэтая навіна літаральна натхніла нас, — працягвае Ядвіга Андрэеўна. — Праект было вырашана візуалізаваць. Так галоўныя архітэктурныя славутасці Гродна, вобразна кажучы, і сабраліся на адной вулачцы ў калідоры нашага ясляў-сада.

Старажытная Каложа, Фарны, бернардзінскі і брыгіцкі касцёлы, кірха і пажарная каланча зараз упрыгожваюць сцены дашкольнай установы. Тут жа пазначаны галоўныя даты ў гісторыі горада. Згодна з дызайнерскай задумай, пісаліся карціны “пад даўніну” на крафтавай паперы. Побач для параўнання размясціліся дакладныя фатаграфічныя выявы архітэктурных славутасцей Гродна. Імітацыя цаглянага мура ўзмацніла дух старажытнасці, узнікае адчуванне, быццам знаходзішся на старадаўняй вулачцы. Упрыгожылі маляваную вуліцу сапраўдныя ліхтарыкі, гадзіннікі і розныя каваныя элементы.

Значная роля ў стварэнні “Горада над Нёманам” належыць выхавальніцы Наталлі Хвацюк. Гісторык па адукацыі, яна вельмі любіць свой горад і стараецца прывіць гэтую любоў сваім выхаванцам. У лістападзе мінулага года быў арганізаваны адкрыты прагляд таго, што ўвогуле атрымалася. Ва ўмовах пандэміі яго не ўдалося зрабіць для шырокага кола гледачоў, аднак усё здымалася на відэакамеру.

— Мы правялі такія цікавыя заняткі, пасля якіх дзеці захацелі намаляваць усе славутасці, — падзялілася Наталля Хвацюк. — Да таго ж разам са сваімі бацькамі дзеці адправіліся ў цэнтр горада, каб паглядзець на славутыя будынкі, пра якія яны даведаліся ў дзіцячым садку. Як потым расказвалі бацькі, дзеці задавалі шмат пытанняў, іх цікавіла ўсё — ад цэглы на мурах да арганнай музыкі. На нейкія пытанні дарослыя нават не маглі адказаць, прыйшлося папаўняць свае веды, каб потым растлума чыць усё сваім дапытлівым дзецям.

Здавалася б, праект завершаны. Гістарычная вулачка арганічна ўпісалася ў інтэр’ер дашкольнай установы, радуе дзяцей і дарослых. Тут праводзяцца заняткі для старшых груп, на якіх дзеці пазнаюць нешта новае. Аднак на гэтым тут не спыніліся. Да таго ж перад педагогамі стаіць задача па фарміраванні ў дзяцей асноў ведаў пра малую радзіму. Наталля Хвацюк распрацавала шэраг вучэбных канспектаў па дысцыпліне “Дзіця і грамадства”. Яе мэтай было пазнаёміць выхаванцаў з гістарычнымі падзеямі свайго краю, не выходзячы за сцены дзіцячага сада, прычым зрабіць гэта праз гульню.

— Тэма дастаткова складаная, можна сказаць, школьная, аднак пры стварэнні канспектаў я ўлічвала здольнасці дзяцей, старалася ўсё падаць так, каб ім было цікава, займальна і каб у іх нешта засталося ў памяці, — тлумачыць Наталля Аляксандраўна. — Вялікая ўдзячнасць бацькам, якія вельмі дапамагалі, рабілі фотагалерэю, выставу, хадзілі з дзецьмі на сапраўдныя экскурсіі і спрабавалі даць ім як мага больш інфармацыі, якую самі шукалі ў кнігах і інтэрнэце. Вельмі цікавай атрымалася прэзентацыя праекта. Гэта была агульная праца: маіх калег, бацькоў выхаванцаў і саміх дзяцей. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, усё атрымалася.

І ўсё ж на гэтым у дашкольнай установе не ставяць кропку. Пасля напісання серыі канспектаў у Наталлі Хвацюк з’явілася новая ідэя: на іх аснове стварыць відэаўрокі і нават відэафільмы ў выглядзе падарожжа па гістарычным мінулым. Напрыклад, расказваючы пра будынак Нацыянальнага банка, вярнуцца гадоў на 50 назад і паказаць, як там людзі працавалі, у што апраналіся альбо што адбывалася ў будынку Мураўёвых. Гэта было б цікава і незвычайна.

Праект у выглядзе адной гістарычнай вулачкі стаў стымулам у імкненні педагогаў узбагаціць, пашырыць і паглыбіць веды дзяцей пра гісторыю роднага горада.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.