Эксперымент адкрывае новыя перспектывы

- 11:44Суразмоўца

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1199, у нашай краіне з 1 студзеня 2015 года праводзіцца фінансавы эксперымент, які прадугледжвае прымяненне нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў у разліку на аднаго навучэнца агульнаадукацыйнай установы і пашырэнне правоў яе кіраўніка па кіраванні выдаткаванымі фінансавымі сродкамі.
Найбольш маштабны праект па апрабацыі механізма нарматыўнага фінансавання рэалізоўваецца ў Баранавічах. Там эксперыментам ахоплена 21 установа агульнай сярэдняй адукацыі. Паралельна з гэтым праектам 5 навучальных устаноў сталі эксперыментальнымі пляцоўкамі па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў, згодна з пастановай Міністэрства адукацыі № 86. Пра ўсе падрабязнасці гэтага эксперымента нашы чытачы могуць даведацца ў інтэрв’ю з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама Аленай Сяргееўнай САЛАВЕЙ.

— Алена Сяргееўна, ваш горад стаў найбольш маштабнай пляцоўкай па правядзенні эксперымента па нарматыўным фінансаванні. Ці праводзілі вы папярэднюю падрыхтоўку да яго або адразу акунуліся ў эксперымент?
— Парадак і ўмовы ўключэння ў праект устаноў адукацыі Баранавіч абмяркоўваліся паміж Міністэрствам адукацыі, упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, кіраўніцтвам Баранавіцкага гарвыканкама, фінансавым аддзелам і аддзелам адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама. Хачу адразу адзначыць, што магчымасць уступлення ў праект па нарматыўным фінансаванні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі разглядалася і ацэньвалася намі не лакальна, а з пазіцыі разумення агульнага падыходу да рэалізацыі канцэптуальнай мадэлі адукацыі ў нашай краіне, пры якім адукацыя інтэгруецца ў сістэму дзяржаўнага кіравання развіццём эканомікі. Пры такім падыходзе фарміраванне кадравых рэсурсаў і ўвогуле развіццё чалавечага патэнцыялу становіцца ключавым момантам у далейшым развіцці нашай краіны і ў цэлым сістэмы адукацыі. Такая пазіцыя ў адукацыйнай сферы горада вызначалася і ўмацоўвалася яшчэ задоўга да ўступлення ў праект. Мы імкнуліся не толькі ўсвядоміць і асэнсаваць асноўныя мэты новай формы фінансавання сістэмы адукацыі, але і стварыць умовы для яе рэалізацыі і нарошчвання эканамічнага складніка праекта. У падрыхтоўцы да праекта мы аналізавалі як сітуацыю ў цэлым па горадзе, так і ў кожнай канкрэтнай установе адукацыі. Была праведзена прынцыповая аналітыка таго, наколькі там створана неабходная абстаноўка для эксперымента. У прыватнасці, праводзілася работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі горада, іх забяспечанасці кадрамі, матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі.

— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна аб гэтых кроках.
— Калі гаварыць пра аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі, то яна распачалася, як я ўжо сказала, намнога раней, чым мы ўвайшлі ў эксперымент. Толькі за апошнія тры гады ў горадзе было закрыта некалькі ўстаноў адукацыі розных тыпаў. У першую чаргу гэты працэс закрануў міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі навучэнцаў № 1 і № 2. Таксама ў лік ліквідаваных увайшлі ўстанова дадатковай адукацыі “Шматпрофільны цэнтр па працы з дзецьмі, падлеткамі і моладдзю па месцы жыхарства” і Баранавіцкі аэраклуб.
Крыху змянілася сітуацыя і ў кадравых суадносінах. У перыяд з 2013 па 2015 год педагагічных работнікаў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі горада зменшылася на 152 чалавекі (было 1684, стала 1532), што склала 9%.
Колькасць навучэнцаў у школах Баранавіч пачынаючы з 2013/2014 навучальнага года павялічылася з 17 545 чалавек у 2013 годзе да 18 638 у 2015 годзе. Колькасць класаў скарацілася з 804 у 2013 годзе да 773 у 2015 годзе. Пры гэтым напаўняльнасць класаў павялічылася з 21,8 да 24,1 чалавека. Адпаведна змяніліся і кадравыя суадносіны настаўнік—вучань. Калі ў 2013 годзе гэта быў: адзін настаўнік на 10,3 вучня, у 2014 годзе — ад зін настаўнік на 11,2 вучня, то ў 2015-м — ад зін настаўнік на 12,7 вучня. Як бачна, кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі зрабілі захады па найбольш рацыянальнай расстаноўцы кадраў і павелічэнні напаўняльнасці класаў. Прамая залежнасць нарматыўнага фінансавання ад колькасці навучэнцаў вольна або мімаволі павінна была дапамагчы выявіць узровень канкурэнтаздольнасці асобна ўзятай установы. Пры гэтым кожны кіраўнік разумеў, што пры граматным размеркаванні рэсурсаў установы нельга адмовіцца ад якасці адукацыі як галоўнай умовы функцыянавання і прызначэння школы. Таму адказнасць за якасць прадастаўлення адукацыйных паслуг і вынік па ўсіх крытэрыях ацэнкі функцыянавання школы кожны кіраўнік прымае як неабходны фактар у далейшай паспяховай рэалізацыі праекта.

— Але, згадзіцеся, шмат у чым суадносіны “сэканоміць і пры гэтым не страціць якасць” будуць залежаць ад кіраўніцкай пазіцыі дырэктара ўстановы адукацыі.
— Так, сапраўды. Знайсці аптымальны баланс, уключыць усе магчымыя рэсурсы, раскрыць чалавечы патэнцыял можа толькі прафесійна падрыхтаваны, творчы, ініцыятыўны, адказны кіраўнік.
Ці настолькі адпавядаюць сёння гэтым якасцям дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі? На жаль, не зусім.Таму гэты праект разглядаецца не толькі як фінансава-эканамічны, які забяспечвае развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, але і як сацыяльны, які закранае чалавечы фактар. І паспяховасць праекта залежыць у тым ліку і ад гэтага фактару, ад стаўлення кіраўніка і яго калектыву да пастаўленай мэты і яе далейшай рэалізацыі. Перш за ўсё гэта тычыцца статусу кіраўніка ўстановы, які набывае новыя рысы, новае прызначэнне. Кіраўніцкая пазіцыя ўмацоўваецца за кошт пашырэння функцыянальных абавязкаў: гаспадарча-эканамічных, фінансавых, юрыдычных, пры гэтым актывізуецца функцыя менеджара, павышаецца адказнасць за развіццё матэрыяльнай базы сваёй установы, захаванне клімату даверу і справядлівасці ў калектыве.
Калектывы ўсіх нашых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прайшлі падрыхтоўку ў форме гутарак, семінараў, якія забяспечылі дастатковы ўзровень разумення сваёй місіі ў рэалізацыі гэтага праекта.
Кіраўнікам устаноў адукацыі для ажыццяўлення самастойнай фінансавай дзейнасці неабходна атрымаць сур’ёзную базу ведаў, якая б дазволіла забяспечыць зладжанасць, надзейнасць у фінансава-эканамічных адносінах, паколькі гэта адмысловыя веды, якія гарантуюць парытэтныя адносіны і ўзаемасувязь са структурнымі падраздзяленнямі розных галін.

— Наколькі змяніўся працэс узаемадзеяння структурных звёнаў гаспадарчага кіравання? Якая роля адведзена ў гэтым бухгалтэрыі?
— Так званы ланцужок узаемадзеянняў размеркавання і адказнасці ў структурных звёнах гаспадарчага кіравання, безумоўна, мяняецца. Раней працэс размеркавання сродкаў па ўстановах выглядаў такім чынам: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму абазначаў прыярытэты — цэнтралізаваная бухгалтэрыя аддзела размяркоўвала сродкі — група матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння выконвала работы — кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі згаджаўся і рэалізоўваў.
Цяпер гэты ланцужок выглядае інакш: кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі пазначае прыярытэты развіцця сваёй установы — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму ўзгадняе ўсе выбраныя пазіцыі — цэнтралізаваная бухгалтэрыя аддзела ўзгадняе і вывярае правільнасць каштарысаў — група матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння выконвае работы.
Вядома ж першымі памочнікамі для кіраўнікоў на гэтым этапе з’яўляюцца работнікі цэнтралізаванай бухгалтэрыі, хаця і ў іх з’явіліся новыя дадатковыя абавязкі. Гэта сур’ёзная і адказная работа па разліку аб’ёмаў фінансавання па кожнай прыступцы навучання для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў залежнасці ад колькасці навучэнцаў, суадносін вучань—настаўнік, напаўняльнасці класаў, штомесячная статыстычная справаздачнасць. Улічваючы павышэнне загружанасці бухгалтарскіх работнікаў і ў сувязі са змяненнем структуры працы бухгалтэрыі з’явілася неабходнасць камп’ютарызацыі іх работы і набыцця камп’ютараў на кожнае рабочае месца. Дзякуючы трывалай падтрымцы і сродкам, вылучаным Баранавіцкім гарадскім выканаўчым камітэтам, была ўдасканалена праграма “Мапсофт”, якая дазваляе весці ўлік расходавання сродкаў у разрэзе адной канкрэтнай установы адукацыі адносна кожнага артыкула расходаў.
Сумесная праца кіраўнікоў і бухгалтэрыі накіравана на складанне каштарысаў па кожным артыкуле расходаў для кожнай установы, узгадненне штатнага раскладу, штомесячны аналіз артыкулаў.
Асабліва старанна арганізавана дзейнасць ва ўзаемасувязі кіраўнік—бухгалтар у аналізе эксперымента па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў.

— Адна з задач эксперымента, пра які вы зараз сказалі, — гэта павышэнне заработнай платы работнікаў адукацыі.
— Правільна. Гэтае павышэнне адбываецца за кошт уключэння ўсіх механізмаў, якія спрыяюць эканоміі сродкаў, што дазваляе вырашыць праблему дадатковых выплат для калектыву ў цэлым.
Так, у рамках выканання Дэкрэта № 29 для кожнага педработніка павялічыўся працэнт выплат у кантракце з 13,5% да 30,2%.
У цэлым заработная плата ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі павялічылася. Хачу прадставіць карціну па заработнай плаце ў разрэзе праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання, эксперымента па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў Баранавіч, Брэста і Брэсцкай вобласці. Так, сярэдняя заработная плата педработнікаў па выніках 2015 года ў нарматыўным фінансаванні склала 5879,2 млн рублёў, у галіновай аплаце працы — 6858,8 млн рублёў, педработнікаў Баранавіч — 5444,8 млн, педработнікаў Брэста — 5365,7 млн, педработнікаў Брэсцкай вобласці — 5236,4 млн рублёў.

— Якія, на ваш погляд, праблемы выявіў праект па нарматыўным фінансаванні?
— Ёсць праблема з выкананнем расходаў па арт. 10.03.05 (іншыя расходныя матэрыялы і прадметы забеспячэння). Сродкі, выдзеленыя на пашырэнне матэрыяльнай базы, могуць быць рэалізаваны толькі ў трэцім і чацвёртым кварталах. Так, з запланаваных на год 6531,7 млн рублёў у першым паўгоддзі намі зрасходавана 806,5 млн рублёў, гэта склала толькі 12,3%. Аднак мы разумеем, што ў параўнанні з 2014 годам расходы на гэты артыкул значна павялічыліся: у 2014 годзе — 1329,2 млн рублёў, у 2015-м — 6531,7 млн рублёў.
Найбольш востра паўстала праблема з выкананнем артыкулаў у фінансаванні, накіраваных на бягучы і капітальны рамонты. Калі ў 2014 годзе на гэтыя артыкулы было выдзелена 27 554,9 млн рублёў, то за 2015 год расход склаў 12 993,6 млн рублёў.

— Баранавічы традыцыйна з’яўляюцца ўзорам для іншых рэгіёнаў у развіцці сістэмы адукацыі. Заўжды на слыху высокія паказчыкі навучальных устаноў горада ў выніковай атэстацыі выпускнікоў, у цэнтралізаваным тэсціраванні, у прадметных рэспубліканскіх алімпіядах. Ці ёсць у гэтым заслуга эксперыментальнай дзейнасці устаноў па нарматыўным фінансаванні?
— Адназначна, ёсць. Менавіта апошні год, калі нашы ўстановы ўступілі ў фінансавы праект, даў самыя высокія вынікі. Калі больш канкрэтызаваць, то ў цэнтралізаваным тэсціраванні 2015 года ў цэлым па горадзе мы маем 11 чалавек, якія атрымалі 100 балаў (у пазамінулым годзе было 7 чалавек). У 2015 годзе навучэнцы атрымалі 21 дыплом на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды (у 2014 годзе — 15). А ў гэтым годзе па выніках абласных этапаў прадметных алімпіяд навучэнцы з Баранавіч атрымалі 90 дыпломаў.
Калі глядзець у разрэзе дзейнасці кожнай сярэдняй школы, гімназіі, ліцэя нашага горада, то ўсе ўстановы павялічылі свае паказчыкі ў якасці адукацыі.
Вось з такімі вынікамі завершаны год работы нашых устаноў у эксперыменце. Працяг яе патрабуе аналізу фактараў, якія спрыяюць развіццю ў гэтым напрамку. Так, далей будзе працягнута работа па аптымізацыі сеткі. Праз памяншэнне класаў, павелічэнне іх напаўняльнасці, дбайнае стаўленне да фарміравання штатаў, павелічэнне нагрузкі на педработнікаў за кошт прадастаўленай магчымасці праз выкарыстанне крытэрыяў па павелічэнні грашовых выплат па эксперыменце па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў.

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.