Электраэнергія патаннее

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Міністэрства энергетыкі агучыла планы па карэкціроўцы тарыфаў на электраэнергію пасля запуску Беларускай АЭС. Аб магчымых тарыфах расказаў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык на Беларускім энергетычным і экалагічным форуме.

У 2018 годзе плануецца знізіць тарыфы для ўсяго рэальнага сектара эканомікі на 0,6 цэнта за 1 кВт.гадз. Яшчэ больш прыметнае зніжэнне тарыфаў прадугледжваецца для асобных груп спажыўцоў, якія маюць энергаёмістую вытворчасць, удакладніў Уладзімір Патупчык.

На момант уводу Беларускай АЭС тарыф на электраэнергію для прамысловай групы спажыўцоў будзе складаць 7,25 цэнта за 1 кВт.гадз. “Гэта абсалютна прымальная велічыня, яна сувымерная з тарыфамі ў краінах Заходняй і Усходняй Еўропы, Расіі і іншых партнёраў па ЕАЭС”, — лічыць міністр.

Кіраўнік Мінэнерга таксама звярнуў увагу, што сабекошт вытворчасці электраэнергіі з уводам АЭС знізіцца.

Адказваючы на пытанні журналістаў, як у найбліжэйшыя гады зменіцца тарыф на электраэнергію для насельніцтва, Уладзімір Патупчык растлумачыў, што будзе дзейнічаць тарыф, які забяспечыць стапрацэнтнае пакрыццё затрат энергетыкаў. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што канчатковую лічбу па тарыфе для насельніцтва пасля запуску АЭС цяпер называць рана. “Калі б цяпер былі даныя аб тым, якім будзе курс беларускага рубля, кошт газу і іншыя паказчыкі, што ўплываюць на тарыф, я назваў бы яго. Гэты параметр можа рухацца. Усё будзе залежаць ад таго, якія працэсы будуць адбывацца ў эканоміцы, вакол сферы энергетыкі, — гэта ўсё неабходна ўлічваць”, — адзначыў ён.

Што тычыцца тарыфаў на цеплавую энергію, то яны будуць ніжэйшыя, чым ва ўсіх краін-суседзяў. “Гэта прадвызначаецца станам асноўных фондаў беларускай энергасістэмы і праведзенай мадэрнізацыяй”, — растлумачыў Уладзімір Патупчык. У Беларусі ўдзельны расход паліва на вытворчасць электраэнергіі складае 225 г умоўнага паліва на 1 кВт.гадз, у той жа час у партнёраў па ЕАЭС гэты паказчык у 1,5 разу вышэйшы.