У Жабінкаўскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат да новага навучальнага года паступілі дзесяць электронных кіёў для дзяцей, якія слаба бачаць. Гэта падарунак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Настаўнік карэкцыі школы Ала Мікалаеўна Акуліч расказала пра карэкцыйна-развіццёвую работу, якую яна праводзіць з навучэнцамі на занятках “Прасторавае арыентаванне і мабільнасць”, у прыватнасці па асваенні новых электронных прыстасаванняў.
Галоўная мэта карэкцыйна-развіццёвай работы — сацыяльная адаптацыя і інтэграцыя ў грамадстве дзяцей з парушэннямі зроку, іх падрыхтоўка да самастойнага жыцця. У гэтай рабоце вылучаюць чатыры асноўныя кірункі: па развіцці пазнавальнай дзейнасці (устараненне прычын цяжкасцей у засваенні адукацыйнай праграмы), па развіцці зрокавага ўспрымання, па сацыяльна-бытавой арыенціроўцы і прасторавым арыентаванні і мабільнасці.
— Уменне невідушчага самастойна і свабодна арыентавацца і перамяшчацца ў прасторы залежыць ад шматлікіх фактараў, — гаворыць Ала Мікалаеўна. — Сярод іх найважнейшае месца належыць сфарміраванасці ўяўленняў аб навакольным свеце: аб разнастайнасці прадметаў, што ў ім знаходзяцца, аб замкнёнай прасторы, аб вуліцах горада, аб памяшканнях і г.д. Галоўная накіраванасць курса “Прасторавае арыентаванне і мабільнасць” — сфарміраваць уменні самастойна арыентавацца ў навакольнай прасторы, выкарыстоўваючы розныя тыфлатэхнічныя сродкі і аналізуючы інфармацыю аб сігнальных прыметах аб’ектаў, інфармацыю, якая паступае ад розных органаў пачуццяў (зрокавага, слыхавога, датыкальнага і іншых аналізатараў).
Што такое белы кій для чалавека з парушэннямі зроку? Гэта вызначальнік перашкод на шляху. Яго дзеці дасканала асвойваюць пачынаючы з 1 класа. Нядаўна мы пазнаёміліся з навінкай — электронным кіем Ray аўстрыйскай вытворчасці. Гэты адчувальны прыбор з’яўляецца дапаўненнм да белага кія. Яго работа заснавана на адлюстраванні ўльтрагукавых хваль ад перашкод. Зваротная сувязь з карыстальнікам ажыццяўляецца праз вібрацыю ручкі альбо гукавое апавяшчэнне. Ray — невялікае, лёгкае (50 г) партатыўнае прыстасаванне даўжынёй 12 сантыметраў. Яно працуе ад 2 акумулятарных батарэек і змяшчаецца ў любой кішэні, прыстасаванне можна павесіць на шыю на шнурок. Электронны кій распазнае перашкоды на адлегласці да 2,85 метра. Прыбор апавясціць пра гэта яго ўладальніка. Чым бліжэй перашкода, тым мацнейшым будзе сігнал. Спецыяльны рэжым Escape дае магчымасць вызначыць месцазнаходжанне дзвярных праёмаў або праходаў праз натоўп людзей. Ray мае таксама функцыю светлавога зонда. Такім чынам, прыбор выяўляе рэчы, недасягальныя для звычайных кіёў.
На сёння навінка добра сябе паказала для арыенціроўкі ў закрытай прасторы, у памяшканні нашай школы. Кій добра рэагуе на перашкоды, якія знаходзяцца на ўзроўні грудзей, твару чалавека. На тыя, што знаходзяцца ніжэй пояса, рэагуе слабей. На адкрытай прасторы, асабліва калі чалавек не ведае мясцовасці, электронны кій мэтазгодна выкарыстоўваць як дапаўненне да белага кія.
Дзеці, якія паспрабавалі перамяшчацца з электроннай навінкай, адзначылі, што гэта дазваляе ім не прыцягваць залішнюю ўвагу людзей, якія побач, што з кіем яны сябе адчуваюць упэўнена ў закрытай прасторы, нават калі знаходзяцца ў новым для сябе памяшканні. Напрыклад, у магазіне з электронным прыстасаваннем прасцей, бо звычайным кіем ты можаш каго-небудзь закрануць. Але і на добра знаёмым маршруце на вуліцы школьнікам таксама было камфортна з электронным кіем.
Электронныя навінкі мы будзем перш за ўсё выдаваць для карыстання дзецям, якія зусім не бачаць, не маюць рэшткаў зроку, або ў якіх глыбокае слабабачанне. Такіх у школе 15 чалавек, а ўсяго ў нас вучацца 115 дзяцей. У той жа час можна з упэўненасцю сказаць, што ў пытаннях зручнага перамяшчэння невідушчых усе сродкі будуць дарэчы: і электронны кій, і навігатар, і стары добры белы кій.
Надзея ЦЕРАХАВА.