“Электронная школа”: новыя сэрвісы і магчымасці

- 13:31Суразмоўца

Навукова-тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы. Тое, што зусім нядаўна здавалася фантастычным і нязбытным, сёння становіцца рэальнасцю. Праект “Электронная школа” ўжо другі год рэалізоўваецца ў рэспубліцы. У практыку работы школ паступова ўваходзяць электронныя журналы і дзённікі і выцясняюць свае папяровыя аналагі. І цяпер пераправіць слабенькую “троечку” на “васьмёрку”, завесці дублікат дзённіка для дрэнных адзнак, “забыцца” паведаміць маме ці тату пра тое, што іх выклікаюць у школу, умудрыцца “згубіць” дзённік з дрэннай адзнакай ці заўвагай не атрымаецца. Аб выніках рэалізацыі праекта, яго запатрабаванасці ў сферы адукацыі, фактарах, якія стрымліваюць яго распаўсюджанне, і перспектывах развіцця мы гутарым з дырэктарам кіруючай кампаніі ААТ “Адукацыйныя сістэмы” Наталляй ЧОРНАЙ.

— Наталля Іванаўна, раскажыце, калі ласка, у чым заключаецца асноўная ідэя праекта?
— Платформа schools.by існуе з 2010 года. Яна распрацавана беларускімі праграмістамі — на той час студэнтамі БДУ. Менавіта для зручнасці вучобы, улічваючы недахопы расійскага праекта “Дневник.ru”, які падаўся ім не вельмі ўдалым, маладыя людзі вырашылі распрацаваць сваю платформу. І менавіта на асабістых сувязях праходзіла першапачатковая апрабацыя электронных журналаў і дзённікаў. Асноўнай задачай праекта з’яўляецца не ўсёахопны кантроль за школьным жыццём дзіцяці, а развіццё ў ім адказнасці за свае дзеянні і рашэнні, забеспячэнне адкрытасці адукацыйнага працэсу для грамадзян. Гэты пра ект прызваны “разбудзіць” грамадскую свядомасць, паказаць, што навучанне — гэта бесперапынны працэс, у якім узаемадзеянне ідзе не толькі паміж навучэнцам і настаўнікам, а ў яго актыўна ўключаны бацькі. У прыватнасці, электронны журнал і дзённік — гэта не толькі прагляд і выстаўленне адзнак, але і віртуальнае ўзаемадзеянне бацькоў і настаўнікаў, індывідуальная работа з навучэнцам. У настаўніка ёсць магчымасць патлумачыць, чаму, напрыклад, ён зрабіў дзіцяці заўвагу ці паставіў “шэсць”, а не “восем”, накіраваць дадатковыя заданні ў выглядзе прымацаваных файлаў, спасылкі на іншыя вучэбныя рэсурсы.
Для кожнай катэгорыі карыстальнікаў электронных рэсурсаў schools.by — а гэта дырэктары школ, настаўнікі, бацькі — прадугледжаны свой набор правоў і адпаведны ўзровень доступу да інфармацыі. Так, доступ да электроннага журнала маю ць настаўнікі-прадметнікі, класны кіраўнік, дырэктар. Бацькі і вучні не змогуць яго прагледзець. У журнале настаўнікі выстаўляюць адзнакі, адзначаюць пропускі, пакідаюць каментарыі да ўрокаў і дамашнія заданні. Усё гэта аўтаматычна адлюстроўваецца ў электронным дзённіку навучэнца. Бацькам даступны дзённік толькі іх дзіцяці. А вось табліцу паспяховасці могуць прагледзець і настаўнікі, і вучні, і бацькі.

— А якая на сёння геаграфія распаўсюджання праекта “Электронная школа”?
— Праект распаўсюджаны ў навучальных установах па ўсёй рэспубліцы. Рэчыца, Гомель, Салігорск, Брэст… — геаграфія школьнага дакумента самая розная. Асаблівую актыўнасць праяўляюць установы адукацыі Гродзенскай, Гомельскай абласцей і Мінска. Многія навучальныя ўстановы — карыстальнікі “Электроннай школы” не былі ўдзельнікамі эксперымента, а ўступілі на гэты шлях добраахвотна. Тое, што цікавасць да ўкаранення электроннага дакументаабароту ў школах ёсць, пацвярджае і колькасць наведвальнікаў сайта schools.by. Кожны месяц іх больш за 400 тысяч. Разам з тым пакуль з зарэгістраваных тут больш за 1670 школ актыўна ўкараняюць электронны дакументаабарот усяго 40. Хтосьці зарэгістраваўся ў нас дзеля атрымання бясплатнага сайта для школы, хтосьці — з-за цікаўнасці.
Электронныя дзённікі і журналы былі апрабаваны ў 11 навучальных установах сталіцы і атрымалі станоўчыя водгукі карыстальнікаў. У межах эксперымента сёлета падчас трэцяй чвэрці тры школы Ленінскага раёна Мінска не вялі папяровыя дзённікі: гімназія № 40, сярэдняя школа № 51, гімназія № 1. Адмена дзённікаў была зроблена па заяўным прынцыпе: толькі з падачы заявы бацькоў настаўнік не запаўняў папяровы дзённік. Практыка паказала, што нават тыя, хто спачатку не напісаў заяву, у канцы чвэрці далі сваю згоду. Больш за 90 працэнтаў бацькоў пагадзіліся паўдзельнічаць у эксперыменце.

— Наталля Іванаўна, што, на ваш погляд, стрымлівае распаўсюджанне праекта?
— Так, на сёння ёсць шэраг праблем, якія стрымліваюць распаўсюджанне праекта. Напрыклад, увод адзнакі ў рэжыме рэальнага часу. Настаўніку важна мець планшэт ці ноўтбук з бесправадным падключэннем да сеткі інтэрнэту. І многія школы, дзякуючы спонсарскай дапамозе, гэтую задачу вырашылі. Але пакуль ёсць і такія ўстановы, настаўнікі якіх вымушаны затрачваць час на выстаўленне адзнак на перапынках паміж урокамі, выходзячы ў сетку з настаўніцкай са стацыянарнага камп’ютара. Стрымлівае ўкараненне гэтай сістэмы выкананне настаўнікамі двайной работы — запаўненне электроннага і папяровага журнала. Што тычыцца саміх педагогаў, то, як любое новаўвядзенне, выкарыстанне платформы спачатку выклікае ў іх цяжкасці, але дзесьці праз месяц становіцца прывычнай справай. Гэты інструмент дае абсалютна эфектыўнае кіраванне вучэбным працэсам як дырэктару, класнаму кіраўніку, так і настаўніку-прадметніку. Ён у разы змяншае работу напрыканцы чвэрці і года, бо статыстычныя матэрыялы можна атрымаць націсканнем пары кнопак. Не трэба перагортваць журнал, лічыць колькасць прапушчаных дзён, знаходзіць сярэдняе арыфметычнае. І гэта, безумоўна, эканоміць час педагогаў.
Калі гаварыць аб падрыхтоўцы педагогаў да работы ў гэтай сістэме, то настаўнікі без асаблівых цяжкасцей могуць яе асвоіць. Напрыклад, у гімназіі № 40 Мінска настаўнікі з унушальным стажам без праблем навучыліся карыстацца электроннымі журналамі і дзённікамі. У рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі арганізоўваюцца курсы павышэння кваліфікацыі па выкарыстанні электронных журналаў: як весці, як запаўняць і г.д. На гэта накіравана і метадычная работа ва ўстановах.
Момант негатыўных адносін бацькоў вырашаецца праз граматна выбудаваную падрыхтоўчую інфармацыйную работу школы. Ва ўсіх установах, за рэдкім выключэннем, толькі адзінкі адмаўляліся ад гэтых сэрвісаў. Статыстычная інфармацыя наконт укаранення расійскай платформы “Дневник.ru” сведчыць, што да 30% насельніцтва можа застацца на папяровых дзённіках па тых альбо іншых прычынах. Гэта звязана і з сацыяльным становішчам у сям’і, і з асабістымі поглядамі. Мы добра разумеем, што пад прымусам нічога не будзе, з гэтым трэба пражыць, прызвычаіцца. Людзі павінны паспрабаваць, зразумець, што гэта такое.

— Як спецыяліст у галіне ІКТ вы можаце ацаніць бяспеку электроннага журнала і дзённіка? Наколькі ўнесеныя даныя абаронены ад пабочнага ўмяшальніцтва?
— Калі гаварыць пра электронны журнал і дзённік, сістэма размешчана на некалькіх серверах у Белтэлекаме. У планах на 2015—2016 гады паставіць яшчэ дадатковыя серверы, каб абароненасць была ў некалькі ступеней. Умяшальніцтва ў сістэму баяцца не трэба. І нават калі дапусціць, што юны хакер вырашыць сабе выправіць адзнаку і штосьці ўзломіць, то за некалькі хвілін усе даныя будуць адноўлены. У гэтым плане сістэма дастаткова стабільная, стандартная, адпавядае тым патрабаванням, якія прымяняюцца да аналагічных сістэм.

— Якія вынікі рэалізацыі праекта можна назіраць сёння?
— Першы водзыў, які мне давялося пачуць: “Бедныя вучні! Зараз у іх будзе татальны кантроль. Аб якой свабодзе можна гаварыць?”. Як ні дзіўна, усё аказалася зусім не так. Толькі ў нашых дарослых галовах дзеці выглядаюць як асобы, якія глядзяць на нас, як на паліцэйскіх ці кантралёраў. На самай справе нашы дзеці глядзяць на нас, як на бацькоў, на сяброў. Спроба схаваць адзнаку, дзённік, па меркаванні псіхолагаў, — гэта не спроба падмануць нас, а няведанне, што рабіць у сітуацыі, калі ты штосьці прапусціў, праслухаў. А прызнаць уласную памылку нават не кожны дарослы можа. Калі ў цябе ёсць дамашняе заданне, выстаўлена адзнака і ты ведаеш, што мама ці тата аб гэтым даведаліся нават раней, чым ты, то гэта выхоўвае ў дзіцяці імкненне патлумачыць, а не падмануць. Як наша, так і замежная практыка паказвае, што з увядзеннем электроннага дзённіка паспяховасць навучэнцаў павялічваецца ад 15 да 20 працэнтаў (плюс 1,5 бала да паспяховасці), у вучняў расце самадысцыпліна, кантроль. Вучань ведае, што манеўраў увесці ў зман бацькоў становіцца ўсё менш. Прычым не адыгрывае прынцыповай ролі, дзе ўкараняецца “Электронная школа” — у гарадской ці сельскай мясцовасці. Дзе кіраўніцтва зацікаўлена, там і будзе вынік. У дзяцей няма прывязанасці да школьнага дзённіка. Хутчэй, больш прывязаны да яго бацькі, яны больш насцярожаны.

— Наталля Іванаўна, платформа пастаянна ўдасканальваецца. Якія новыя сэрвісы прапаноўваюць распрацоўшчыкі?
— Праект падзелены на дзве часткі: усё, што належыць вучэбнаму працэсу і школе (дзённік, журнал, расклад урокаў, дамашняе заданне, адзнака, справаздачнасць для дырэктара, класнага кіраўніка), з’яўляецца бясплатным (гэта базавыя сэрвісы). Ёсць і пашыраныя сэрвісы, якія робяцца не для вучня. Яны платныя і належаць бацькам. Першае, што туды ўваходзіць, гэта смс-паведамленне пра тое, што вашага дзіцяці няма на ўроку, статыстычныя звесткі аб паспяховасці дзіцяці, якія бацькі звычайна могуць сабраць толькі прыйшоўшы ў школу і пачаўшы разам з класным кіраўніком перагортваць журнал. Для бацькоў гэта падаецца адной табліцай, дзе існуе пералічэнне прадметаў і яны могуць адсачыць паспяховасць свайго дзіцяці па пэўным прадмеце. Такім чынам, разам з настаўнікам бацькі валодаюць інструментам для раздзялення адказнасці за вучэбны працэс свайго дзіцяці. Бацькі своечасова могуць уключыцца і дапамагчы. Яны могуць задаць пытанне настаўніку і атрымаць на яго адказ.
Наша задача — прыцягнуць да карыстання сэрвісам як мага больш бацькоў. Мы праводзілі аналіз мэтавай аўдыторыі, і можна сказаць, што на сёння ў краіне актыўна зацікаўленых бацькоў у сярэднім не больш за 20—25 працэнтаў.
Плануецца, што ў хуткім часе для вучняў з’явіцца доступ да дадатковых адукацыйных рэсурсаў — вучэбных матэрыялаў паглыбленага зместу, тэставых матэрыялаў. У цэлым магчымасці электроннага дакументаабароту вялікія. Напрыклад, калі настаўнік хоча да дамашняга задання дабавіць відэаўрок ці прэзентацыю, гэта магчыма. Але пакуль не вырашана пытанне з захаваннем гэтага кантэнту.
Хочацца, каб платформа давала магчымасць вучню паступова бязбольна перайсці са школы ў ВНУ. Вучні адчуваюць неабходнасць у падрыхтоўцы як эмацыянальнай, так і змястоўнай. Многія бацькі сутыкаюцца з праблемай, што вучань пасля школы прыходзіць у ВНУ і маральна да гэтага не падрыхтаваны. У яго адсутнічае ўсялякая самастойнасць, ён не прыстасаваны да новага жыцця.
У распараджэнні бацькоў з’явіўся новы сэрвіс “Наглядальнік”, які дазваляе прагназаваць паспяховасць навучэнца. Сутнасць прагназавання ў тым, каб задаць адзнаку, якую бацькі хочуць бачыць у дзіцяці за чвэр ць ці за год. І праграма ў рэальным рэжыме часу адсочвае сітуацыю па кожным прадмеце. Паспяховасць у залежнасці ад узроўню будзе расфарбавана ў розныя колеры: чырвоны, аранжавы, зялёны. Першыя два — сігнал бацькам, што паспяховасць адхіляецца ад зададзенай нормы. У выніку павышаецца дасведчанасць бацькоў, што такое вучэбны працэс у цяперашні момант. Яны пачынаюць валодаць сітуацыяй, кіраваць вучэбным працэсам, а не чакаць, пакуль настаўнік спахопіцца і будзе тэлефанаваць ім. Гэты сэрвіс не бачыць ні вучань, ні настаўнік. Напрыклад, чаканая адзнака вучня — “васьмёрка”. На “васьмёрку” ён не дацягвае, і бацькі гэтую інфармацыю атрымаюць не за тры дні да канца чвэрці, а тут і зараз, і могуць своечасова сітуацыю выправіць, папрасіўшы настаўніка яшчэ раз выклікаць дзіця ці дапамагчы падрыхтавацца да кантрольнай работы.

— Колькі часу павінна прайсці, каб школы перайшлі ад папяровых дзённікаў да электронных?
— Тут ёсць два варыянты разгортвання падзей: альбо сэрвіс будзе ўкаранёны адміністрацыйна, альбо дырэктарскі корпус возьме ініцыятыву ў свае рукі. Практыка паказвае, што рухаюць працэс укаранення платформы менавіта кіраўнікі навучальных устаноў. Для дырэктара наш сэрвіс дае шмат карысных функцый: трымаць руку на пульсе, мець справаздачныя дакументы тут і зараз. Сёння, дарэчы, вельмі актуальным з’яўляецца пытанне справаздачнасці. Наша сістэма здольна даваць хутка актуальную інфармацыю. Няма чалавечага фактару, адпаведна, можна атрымаць больш аб’ектыўныя даныя. Тыя дырэктары, якія па адукацыі з’яўляюцца матэматыкамі, інфарматыкамі, вельмі хутка ўкараняюць сістэму, а вось з кіраўнікамі-гуманітарыямі складаней. Аднак, думаю, у хуткім часе сітуацыя зменіцца.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.