Дзеці ў сваім штодзённым жыцці вельмі актыўна карыстаюцца сучаснымі электроннымі прыладамі: планшэтамі, смартфонамі, ноўтбукамі і г.д. І, як ні шкада пра гэта гаварыць, усё менш школьнікаў чытаюць звычайныя кнігі, ім становіцца незразумелай кніжная мова, а больш імпануюць мовы смскі, каментарыя, паста ў блогу, скарачэнні, смайлікі, якія перадаюць гаму пачуццяў і эмоцый. І гэта страта важнай часткі традыцыйнай культуры. Але з часам не паспрачаешся, і неабходна захапленні дзяцей навамоднымі дэвайсамі выкарыстаць у адукацыйных мэтах, прадаставіўшы ім вучэбныя і развіццёвыя праграмныя прадукты. Пра тое, якія электронныя сродкі навучання ўкараняюцца ў адукацыйным працэсе сучаснай школы, як вызначаецца іх якасць, што стрымлівае іх укараненне і ці стане электронны падручнік альтэрнатывай папяроваму, наш карэспандэнт гутарыць з дырэктарам Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Сяргеем Аляксандравічам ВАЖНІКАМ.
— У апошнія гады ўвага грамадскасці літаральна прыкавана да выкарыстання сродкаў вылічальнай тэхнікі ці да прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, — гаворыць Сяргей Аляксандравіч. — Бацькі, педагогі, навучэнцы — усе чакаюць ад выкарыстання ІКТ цуду! Несумненна, важна выкарыстоўваць такія інструменты. Яны дапамогуць дзіцяці хутчэй атрымаць патрэбную інфармацыю. Развіваць яго здольнасці ў гэтай галіне неабходна.
Пры гэтым з’яўляюцца перавагі — не трэба, з аднаго боку, насіць цяжкія падручнікі. Але з другога боку, па маім глыбокім перакананні, ніякі гаджэт не заменіць класічны падручнік. Тут неабходна зыходзіць з прынцыпу “не замест, а разам”. Іншая справа, што гэты працэс неабходна правільна арганізаваць. Ёсць небяспека з’яўлення гульняманіі. Трэба спачатку навучыць педагогаў, каб яны змаглі накіраваць дзіця ў правільнае рэчышча пры рабоце з прыладай. Задача педагогаў — прадухіліць злоўжыванне пры карыстанні, каб дзеці не сталі ахвярамі негатыўнага ўплыву інтэрнэту.
— З якога ўзросту неабходна ўводзіць выкарыстанне гаджэтаў?
— Мы можам даваць парады колькі заўгодна, але гэты працэс даўно ўжо выйшаў з-пад кантролю некаторых бацькоў. Зараз практычна ў кожнай сям’і ёсць доступ да інтэрнэту. І вельмі засмучае той факт, калі дзіця сядзіць па пяць-шэсць гадзін за камп’ютарам ці перад планшэтам. Гэта недапушчальна. Неабходны граматны падыход у прывучванні дзіцяці да электронных прылад як з боку бацькоў, так і з боку педагогаў. Бацькі, якія не робяць гэтага, дапускаюць вялікую памылку і наносяць шкоду здароўю дзяцей. Дзіця можа атрымаць доступ да недазвольнай інфармацыі, вельмі доўгае сядзенне ў статычнай позе прыводзіць да скаліёзу, наносіць шкоду зроку. Таксама ёсць небяспека ў эмацыянальным плане, дзіця перапыняе “жывыя” зносіны з равеснікамі і г.д. У выкарыстанні электронных прылад таксама ёсць шмат мінусаў. І задача нашага грамадства — навучыць сябе і нашых дзяцей атрымліваць толькі карысць ад тэхналагічных навінак.
— Сяргей Аляксандравіч, якім павінна быць разумнае спалучэнне электронных і традыцыйных сродкаў навучання?
— Сучасны вучэбны працэс патрабуе істотнага пашырэння арсенала сродкаў навучання. Сёння электронны падручнік з’яўляецца ключавым дыдактычным звяном інфармацыйна-камунікацыйнай тэхналогіі навучання ў працэсе падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў ХХІ стагоддзя. Нягледзячы на тое, што тэрмін “электронны падручнік” набывае ўсё большае распаўсюджанне, розныя аўтары ўкладваюць у яго істотна розны сэнс. Адзінае агульнапрынятае азначэнне адсутнічае, аднак зразумела, што электронны падручнік нельга зводзіць толькі да адной са шматлікіх відаў вучэбных праграм. Даволі распаўсюджаным з’яўляецца погляд на электронны падручнік як на праграмна-метадычны комплекс, які дазваляе самастойна асвоіць вучэбны курс ці яго вялікі раздзел і які часта аб’ядноўвае ў сабе ўласцівасці звычайнага падручніка, даведніка, задачніка і лабараторнага практыкуму. Ён не альтэрнатыва, а дапаўненне да традыцыйных форм навучання і не замяняе работу навучэнца з кнігамі, зборнікамі задач і практыкаваннямі.
Электронны падручнік прызваны не толькі захаваць усе перавагі кнігі ці вучэбнага дапаможніка, але і ў поўнай меры выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, мультымедыйныя магчымасці і гіпертэкставыя спасылкі для якаснай падрыхтоўкі выпускніка школы да жыцця ў інфармацыйным грамадстве.
— Наколькі забяспечаны школы Беларусі электроннымі сродкамі навучання? Якога роду гэтыя прадукты?
— Маніторынг інфарматызацыі адукацыі ажыццяўляе Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі. Нацыянальны інстытут адукацыі адказвае за якасць электронных сродкаў навучання, якія выкарыстоўваюцца на ўзроўні дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. На сёння ў інстытуце прайшлі экспертызу і атрымалі грыф Міністэрства адукацыі больш за 30 электронных сродкаў навучання. Амаль усе яны распрацоўваліся ў межах дзяржаўных праграм у галіне інфарматызацыі адукацыі, але ёсць сярод іх і дастатковая колькасць ініцыятыўных распрацовак айчынных ІТ-кампаній.
Электронныя сродкі навучання, якія выкарыстоўваюцца ў сістэме адукацыі сёння, уяўляюць сабой вучэбны кантэнт у інтэрактыўнай, мультымедыйнай форме на электронным носьбіце (як правіла, гэта DVD-дыск), які інсталюецца на цвёрды дыск камп’ютара.
Безумоўна, іх колькасці недастаткова!!!
Настаўнік масавай школы не павінен распрацоўваць электронныя адукацыйныя рэсурсы сам. Ён павінен ведаць пра тыя рэсурсы, якія выкладзены на рэспубліканскіх і рэгіянальных адукацыйных парталах, павінен умець іх граматна выкарыстоўваць. Задача настаўніка — правільна ўбудаваць магчымасці ІКТ у адукацыйны працэс, каб навучэнец падчас заняткаў як мага больш думаў і дзейнічаў самастойна.
Нельга ігнараваць той факт, што ў краіне многа творчых і ініцыятыўных педагогаў, педагогаў, якія актыўна выкарыстоўваюць рэсурсы інтэрнэту для стварэння ўласных электронных вучэбных матэрыялаў: тэстаў, віктарын, практыкаванняў і інш. Тым самым яны папаўняюць дэфіцыт электронных сродкаў навучання, створаных з прыцягненнем прафесійных праграмістаў! У такіх педагогаў ёсць магчымасць заявіць пра сябе ў межах конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, які праводзіцца ў нашай краіне штогод. Работы пераможцаў конкурсу распаўсюджваюцца ва ўстановы адукацыі бясплатна! Такім чынам папаўняецца рэспубліканская база электронных вучэбных матэрыялаў. Работы пераможцаў конкурсу можна спампаваць на Нацыянальным адукацыйным партале http://adu.by.
— На нацыянальным адукацыйным партале выкладзены электронныя версіі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў? Ці па ўсіх прадметах яны ўжо падрыхтаваны? Наколькі яны запатрабаваны?
— Сёння гэта больш за 190 найменняў, і іх колькасць пастаянна папаўняецца. Электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў на друкаванай аснове карыстаюцца вялікім попытам у наведвальнікаў адукацыйнага партала.
У якасці станоўчых характарыстык такога роду вучэбных дапаможнікаў можна адзначыць невялікую вагу і магчымасць валодаць усім камплектам падручнікаў у адным прыстасаванні.
— Сяргей Аляксандравіч, у Нацыянальным інстытуце адукацыі апошнія некалькі гадоў вялася распрацоўка электронных вучэбных модуляў. Што яны сабой уяўляюць? Яны ўжо ўкараняюцца ў практыку работы ўстаноў адукацыі?
— Электронныя адукацыйныя рэсурсы распрацоўваліся ў інстытуце на працягу трох гадоў і ўключаюць больш за 200 вучэбных курсаў. Кожны электронны адукацыйны рэсурс змяшчае тры асноўныя блокі-модулі: даведачна-інфармацыйны, які прызваны значна пашырыць інфармацыйную базу вучэбных мерапрыемстваў (урокаў, факультатыўных заняткаў, семінараў, канферэнцый), кантрольна-дыягнастычны, які змяшчае вучэбны матэрыял па тэматычным і выніковым кантролі навучэнцаў, і інтэрактыўны — для адпрацоўкі прыкладных уменняў навучэнцаў па вучэбных прадметах. Усе гэтыя электронныя адукацыйныя рэсурсы размешчаны ў сістэме дыстанцыйнага навучання Moodle і даступныя па адрасе: http://e-vedy.adu.by.
У цяперашні час у сістэме зарэгістравана больш за 1700 карыстальнікаў: педагогаў, навучэнцаў і аўтараў-распрацоўшчыкаў электронных модуляў. Усе матэрыялы прайшлі апрабацыю ва ўстановах адукацыі і атрымалі экспертную ацэнку. Зараз рэсурс даступны ўсім жадаючым пасля працэдуры рэгістрацыі, якая займае не больш за 3 хвіліны. Мы рэгіструем карыстальнікаў у сістэме па заяўным прынцыпе!
— Наколькі я зразумела, прыватныя кампаніі таксама могуць прапаноўваць свае распрацоўкі ЭСН для ўкаранення ў адукацыйны працэс?
— Так. І такая практыка ў нас існуе. Адзіная ўмова — праверка якасці электронных адукацыйных рэсурсаў. Сёння ўсе сродкі навучання, у тым ліку і электронныя, якія прэтэндуюць на масавае выкарыстанне ва ўстановах адукацыі краіны, падвяргаюцца экспертызе. Праграмныя прадукты (электронныя сродкі навучання, электронныя вучэбныя выданні і г.д.) праходзяць трохбаковую працэдуру экспертызы: тэхнічную і дызайн-эрганамічную ажыццяўляе ГІАЦ Міністэрства адукацыі, змястоўную экспертызу — Нацыянальны інстытут адукацыі. Толькі пры наяўнасці станоўчага заключэння праграмны прадукт можа прэтэндаваць на грыф Міністэрства адукацыі.
Якасць распрацовак у інстытуце вызначаецца шляхам экспертызы іх зместу на прадмет адпаведнасці адукацыйнаму стандарту і вучэбнай праграме, а таксама шляхам эксперыментальнай апрабацыі электроннага прадукту, ці то гэта сістэма кіравання вучэбным працэсам, мадэль навучання з выкарыстаннем персанальных камп’ютарных прылад, ці то мадэль навучання “1 навучэнец — 1 камп’ютар” і шэраг іншых!
— Якія асноўныя праблемы ўкаранення ЭСН вы можаце назваць?
— Шырокае распаўсюджанне ЭСН стрымлівае, па-першае, адсутнасць адзінай абагульняльнай тэорыі, якая раскрывае дыдактычныя магчымасці прымянення ЭСН (менавіта таму выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў у вучэбным працэсе часта становіцца самамэтай), па-другое, адсутнасць прывязкі ЭСН да канкрэтных вучэбных курсаў, па-трэцяе, адсутнасць метадычнай падтрымкі для педагогаў, якія выкарыстоўваюць ЭСН у працэсе навучання, па-чацвёртае, неадпаведнасць электронных сродкаў навучання традыцыйным падручнікам, рэкамендаваных ці дапушчаных Міністэрствам адукацыі да выкарыстання ва ўстановах адукацыі, што прыводзіць да цяжкасцей іх практычнага прымянення ў вучэбным працэсе. Акрамя таго, сярод праблем, якія стрымліваюць распаўсюджанне ЭСН, — недастатковае матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне школ, у тым ліку недастатковая хуткасць перадачы даных па інтэрнэце, хуткае старэнне камп’ютарнай тэхнікі і нізкая прадукцыйнасць школьных камп’ютараў для выкарыстання ЭСН у працэсе навучання, а таксама частковая непадрыхтаванасць настаўнікаў-прадметнікаў да выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у працэсе навучання і адаптацыі іх да агульнаадукацыйнага стандарту.
— Якія ЭСН у цяперашні час распрацоўваюцца для школ?
— Сёння распрацоўка ЭСН ажыццяўляецца ў межах падпраграмы “Электроннае навучанне і развіццё чалавечага капіталу”. Мерапрыемствы гэтай падпраграмы накіраваны на распрацоўку ЭСН для ўстаноў спецыяльнай адукацыі.
— Сяргей Аляксандравіч, а ці будзе ў найбліжэйшы час распрацаваны паўнацэнны электронны падручнік?
— У цяперашні час электронныя падручнікі ўсё больш набываюць папулярнасць. На многіх сайтах па заказе кніг (нават на сайце НІА!) ёсць магчымасць заказаць электронныя версіі кніг, як мастацкіх, так і навукова-метадычных. Гэта патрабуе выкарыстання спецыяльных прылад — камп’ютара, “чыталкі”, планшэта. Электронная версія, як правіла, адрозніваецца ад папяровай копіі тым, што ў ёй ёсць дынамічная навігацыя, магчымасць пошуку і шэраг іншых функцый. Гэта вельмі зручна, асабліва для чытання мастацкай літаратуры. На маленькай прыладзе лёгка можа змясціцца ўся дамашняя бібліятэка!
Пытанне не ў тым, якім павінен быць электронны падручнік, а ў тым, каб з яго дапамогай можна было эфектыўна і цікава вучыцца! Згадзіцеся, справа не ў тым, дрэнныя ці добрыя падручнікі на друкаванай аснове, а ў тым, наколькі яны ўпісваюцца ў сучасную інфармацыйную прастору. Сёння прынцыпова змяніліся спосабы ўзаемадзеяння з інфармацыяй і спосабы арганізацыі камунікацыі.
Яшчэ ў ХХ стагоддзі (канец 80-х — пачатак 90-х гг.) інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, у цэнтры якога быў падручнік, дапаўнялі часопісы, навукова-папулярная літаратура, вучэбныя радыё- і тэлеперадачы. У 90-я гады гэтае асяроддзе ў значнай ступені было разбурана! Зараз жа адукацыйнае асяроддзе істотна змянілася. Яно рэзка пашырылася, галоўным чынам за кошт з’яўлення і развіцця электронных адукацыйных прадуктаў і, безумоўна, інтэрнэту. Школьны падручнік па-ранейшаму займае цэнтральнае месца ў адукацыйным асяроддзі, вызначаючы яго структуру і змест. Але яго роля прынцыпова змянілася. Падручнік больш не можа заставацца асноўнай крыніцай інфармацыі. Ён павінен станавіцца інтэрактыўным, пераўтварацца з традыцыйнай крыніцы ведаў ва ўніверсальны даведнік — “навігатар”, у інструмент адаптацыі навучэнца да новых магчымасцей, якія пастаянна пашыраюцца, інструмент арыенціроўкі ў моры інфармацыі. Менавіта над такім падручнікам зараз вядзецца работа ў НІА.
— І ўсё ж, на ваш погляд, ці зможа з цягам часу электронны падручнік замяніць традыцыйны?
— Пытанне не ў замене аднаго другім. Галоўнае — што мы выйграем ад электронных кніжак і што мы пры гэтым у культуры згубім. З’яўленне электронных падручнікаў непазбежна прывядзе да новай арганізацыі адукацыйнага працэсу, што не можа не адбіцца на класна-ўрочнай сістэме, якая ўстаялася.
Мы для сябе павінны дакладна адказаць на шэраг пытанняў: што такое электронны падручнік? Якім павінен быць выкладчык, якому неабходна эфектыўна выкарыстоўваць тыя новыя магчымасці, якія нясуць у сабе сучасныя ІКТ? Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі вучань, умоўна кажучы, будзе валодаць персанальным планшэтам таксама, як і ручкай. Больш за тое, ужо зараз зразумела, што ў вучэбным працэсе жывога чалавека (настаўніка) нішто і ніколі не заменіць. Таму любыя крокі, якія будуць рабіцца ў гэтым напрамку, павінны быць узважаны.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.