Энергазберагальная адукацыя: Гомельшчына паказала сур’ёзную работу

- 10:05Навука і інавацыі

Двухдзённы рэспубліканскі семінар “Сучасныя тэхналогіі энергазберажэння: адукацыя, вытворчасць, светапогляд”, які прайшоў днямі ў Гомелі, аказаўся насычаным не толькі зместам, але і ўражаннямі.
Здавалася б, які агульны прафесійны інтарэс можа быць у кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы адукацыі і дэпартамента па энергаэфектыўнасці? Але ж менавіта яны сталі ўдзельнікамі семінара. Сёння тэма энергазберажэння стала адной з самых актуальных, а вучыцца беражлівасці, як, дарэчы, і многім іншым рэчам, неабходна з самага ранняга дзяцінства. І пакуль бацькі самі яшчэ толькі спрабуюць прывучыцца эканоміць, педагогі ўжо шмат чаму навучылі іх дзяцей. Цяпер у многіх сем’ях малыя выключаюць за дарослымі святло і беражліва сочаць за тым, каб з крана не капнула лішняя кропля вады.

270 дзён беражлівасці

Сур’ёзна пастаўлена работа па энергазберажэнні ў гомельскай сярэдняй школе № 40, якая і стала першым пунктам прызначэння для ўдзельнікаў семінара. Тут разгарнуўся цікавы інавацыйны праект “270 дзён беражлівасці”, у які ўцягнуты не толькі настаўнікі і дзеці, але і бацькі, жыхары мікрараёна, дзе размяшчаецца ўстанова адукацыі.
— Знаходкай для матывацыі дзейнасці школьнікаў па эканоміі і беражлівасці, удзелу ў мерапрыемствах праекта стаў школьны сімвал “БЭПИ” (беражлівасць, эканомія, звычка (па-руску привычка), ініцыятыва) — кропля вады з энергазберагальнай лямпачкай-шапачкай, — расказала дырэктар школы Алена Коласава. — Яго ролю выконвае вучань, які даносіць да навакольных праблемныя пытанні ў галіне энергазберажэння, расказвае аб спосабах іх вырашэння.Навучэнцы школы, пачынаючы з першакласнікаў, вядуць дзённікі беражлівасці. Старшакласнікі ўваходзяць у арганізацыйны савет інавацыйнага праекта, разам з педагогамі абмяркоўваюць праграмы і вынікі дзейнасці ў рамках праекта, прапаноўваюць свае мерапрыемствы па энергазберажэнні. А яшчэ школьнікі дружна працуюць над выпускам школьнай газеты “БЭПИ-ньюс” і арганізоўваюць для малодшых тэатральныя пастаноўкі на адпаведную тэматыку.
Акрамя таго, педагогамі распрацаваны спецыяльныя заняткі па тэме энергазберажэння. Удзельнікам семінара былі прадэманстраваны ўрыўкі такіх урокаў па фізіцы, англійскай мове, інфарматыцы. Напрыклад, на занятках па інфарматыцы вучні пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Дзмітрыя Калеснікава вучацца кіраваць школьным званком з дапамогай камп’ютара. Яны падлічылі, што дзякуючы такой сістэме рэсурсазберажэнне складае 4 з паловай чалавека-гадзін у год. І гэта без уліку сэканомленай электраэнергіі і працоўнага часу тэхнічнага работніка, які звычайна “кіруе” школьным званком.

Ад “Энергадазору” да вучэбна-практычнага цэнтра

У Гомельскім дзяржаўным абласным ліцэі не толькі ведаюць, як эканоміць энергію, але яшчэ і зарабляюць на гэтым грошы: у ліцэі дзейнічае праграмна-тэхнічны комплекс “Энергадазор”. Два гады назад тут устанавілі фотаэлектрычную станцыю намінальнай магутнасцю 22кВт, якая выкарыстоўвае спосаб прамога пераўтварэння энергіі сонечнага выпраменьвання ў электрычную. Усе лічыльнікі падключаны да адзінага сервера, а ліцэісты і выкладчыкі могуць сачыць за вынікамі эканоміі энергарэсурсаў — даныя дэманструюцца на двух экранах у холе ўстановы.
— Сістэма “Энергадазор” дазваляе штогод эканоміць каля 36% бюджэтных сродкаў, якія пайшлі б на аплату электрычнасці, цяпла і святла, — расказаў дырэктар ліцэя Сяргей Рыдны. — Да таго ж рэшткі энергіі мы прадаём дзяржаве, а значыць, у нас з’яўляюцца дадатковыя фінансавыя сродкі.Для ўдзельнікаў семінара была праведзена прэзентацыя ўнікальнага для нашай краіны вучэбна-практычнага цэнтра па энергазберажэнні, створанага на базе ліцэя. Цэнтр змясціў у сабе музейныя экспазіцыі вядомага на Гомельшчыне музея энергазберажэння, створанага ўпраўленнем адукацыі, і тэхнічныя лабараторыі, якія дазваляюць праводзіць эксперыменты і даследаванні.
— У цэнтры працуюць вучнёўскія канструктарскае і даследчае бюро, дзе плануецца праводзіць семінары для школьнікаў і студэнтаў, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Таццяна Атрохава. — Акрамя таго, тут можна азнаёміцца з назапашаным вопытам работы педагогаў у сферы выхавання культуры энергазберажэння, вынаходствамі, якія можна прымяняць у навучальных установах і дома. Мы будзем і далей развіваць дзейнасць цэнтра, каб знайсці карыстальнікаў сярод інжынераў, эканамістаў і г.д.
На пленарным пасяджэнні, якое завяршала работу першага дня семінара, удзельнікі падзяліліся ўражаннямі, абмеркавалі з першым намеснікам дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі Віктарам Акушкам асноўныя задачы па энергазберажэнні. Асаблівую зацікаўленасць выклікала выступленне дырэктара дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Пціч” Паўла Канецкага аб рэалізацыі бізнес-плана для ўмацавання эканамічнай бяспекі гаспадарча-разліковага прадпрыемства.

Энергамарафон-2015

Другі дзень рэспубліканскага семінара быў прысвечаны падвядзенню вынікаў і ўзнагароджанню пераможцаў IX конкурсу “Энергамарафон-2015”.
Мерапрыемства праходзіла ў Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Больш як сто навучэнцаў і педагогаў з розных устаноў адукацыі краіны дэманстравалі свае праекты выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, мадэлi, малюнкі і відэаролікі.
У сямі намінацыях былі вызначаны пераможцы, якія атрымалі дыпломы, медалі, кубкі, каштоўныя падарункі і прызы, а таксама грашовыя сертыфікаты, што будуць накіраваны на рэалізацыю канкрэтных мер па энергазберажэнні. Сярод пераможцаў — полацкая сярэдняя школа № 1 з праектам “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстановах адукацыі”, Белаазёрскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі з праектам міні-ГЭС для асвятлення аб’ектаў экалагічнага маршруту Рэспубліканскага экалагічнага заказніка “Спораўскі”.
Запомнілася гледачам выступленне агітбрыгады “Цягнік хуткай энергетычнай дапамогі” гімназіі № 1 Віцебска. Гэтая тэатральная пастаноўка з прыгожымі касцюмамі і дэкарацыямі прынесла гімназістам 1-е месца. А 1-е месца за мастацкую работу па прапагандзе рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў падзялілі паміж сабой навучэнец Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў аўтар відэароліка Іван Гапіенка і навучэнка Лунінскай сярэдняй школы Брэсцкай вобласці Крысціна Корчык — аўтар малюнка “Выратуем сваю зямлю разам”.
Уручаючы ўзнагароды, першы намеснік міністра энергетыкі Леанід Шэнец і дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Міхаіл Малашанка адзначылі, што маладое пакаленне неабыякава ставіцца да энергетычных пытанняў, а ўстановы адукацыі выкарыстоўваюць усе магчымасці для развіцця грамадзянскай пазіцыі і навыкаў рацыянальнага энергакарыстання як у вучняў, так і ў бацькоў. Леанід Васільевіч выказаў думку наконт таго, каб даць пераможцам “Энергамарафону” большыя магчымасці, а дакладней, распрацаваць для іх бонусы пры паступленні ва УВА на адпаведныя спецыяльнасці. У яго нават ёсць прапанова зрабіць нешта накшталт расійскага тэлепраекта “Разумнікі і разумніцы”. Юнакі і дзяўчаты ўносяць свой уклад у вырашэнне актуальнай праблемы, нават распрацоўваюць праекты па энергазберажэнні, якія выкарыстоўваюцца на практыцы. Магчыма, яны заслугоўваюць права паступаць ва ўніверсітэты па-за конкурсам.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.