Дэпутаты Еўрапарламента (ЕП) выказалі незадавальненне сітуацыяй на перагаворах аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС. У рэзалюцыі, прынятай на сесіі ЕП у Страсбургу, звяртаецца ўвага на адсутнасць прагрэсу па галоўных пытаннях, піша ТАСС.
У дакуменце дэпутаты адзначаюць, што прагрэс па прыярытэтах ЕС у чацвёртым раўндзе перагавораў (25—28 верасня) з Вялікабрытаніяй недастатковы. На думку парламентарыяў, няма руху па трох ключавых пазіцыях: абароне правоў грамадзян Еўрасаюза і Вялікабрытаніі, растлумачэнні фінансавых абавязацельстваў Вялікабрытаніі і па ўрэгуляванні пытання аб граніцы Ірландыі і Паўночнай Ірландыі.
У кулуарах страсбургскага палаца нагадваюць, што апошняе слова ва ўрэгуляванні ўзаемаадносін Бруселя і Лондана належыць ЕП. Заканадаўцы могуць або прыняць дагавор, або яго адхіліць.
Ацэнкі дэпутатаў Еўрапарламента будуць разгледжаны на саміце ЕС, які пройдзе ў Бруселі 19—20 кастрычніка. Да кастрычніцкага саміту Вялікабрытанія і ЕС збіраліся завяршыць першую фазу перагавораў аб спрэчных пытаннях выхаду Вялікабрытаніі з ЕС і перайсці да другой фазы — абмеркавання будучых адносін Лондана і Бруселя пасля Brexit.
Рэферэндум па пытанні членства Вялікабрытаніі ў ЕС адбыўся 23 чэрвеня мінулага года. Перамогу з вынікам 51,9 працэнта атрымалі прыхільнікі Brexit. 29 сакавіка Прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Тэрэза Мэй афіцыйна паведаміла Бруселю аб пачатку двухгадовай працэдуры выхаду з супольніцтва. Гэты працэс павінен завяршыцца да канца сакавіка 2019 года.