ХI Навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці (заключны этап конкурсу работ даследчага характару) праходзіць сёння ў ВДУ імя П.М.Машэрава.
Канферэнцыя праводзіцца ў 15 секцыях у дыстанцыйным фармаце. Арганізатарамі выступаюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі абласнога выканаўчага камітэта сумесна з ВДУ імя П.М.Машэрава і абласным інстытутам развіцця адукацыі ў рамках праграмы ўзаемадзеяння “Арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў”. Рабочымі мовамі форуму вызначаны беларуская, руская, англійская, нямецкая, французская, іспанская і кітайская. Асноўныя навуковыя напрамкі даследаванняў — біялогія, хімія, геаграфія, гісторыя, грамадазнаўства, лінгвістыка (беларуская і руская мова), літаратуразнаўства (беларуская і руская літаратура), рамана-германская філалогія, кітайская мова, матэматыка, інфарматыка, інфармацыйныя тэхналогіі, фізіка і астраномія.
— Вось ужо 11 гадоў наш універсітэт прымае на сваіх пляцоўках юных даследчыкаў з усіх куткоў Віцебшчыны, — адзначыў старшыня савета маладых вучоных ВДУ Аляксандр Дудараў. — Некаторыя з першых удзельнікаў “Эўрыкі” зноў на ёй прысутнічаюць — праўда, цяпер у якасці кіраўнікоў работ сваіх вучняў. Даклады на канферэнцыі прадстаўляюць 163 навучэнцы, праекты якіх на першым этапе конкурсу прайшлі строгі папярэдні адбор з больш чым 450 саіскальнікаў. Такая колькасць удзельнікаў сведчыць пра важнасць і значнасць гэтага мерапрыемства для навучэнцаў, іх зацікаўленасць, жаданне займацца навукова-даследчай работай. Разам з тым колькасць секцый — яскравае пацвярджэнне шырокага дыяпазону інтарэсаў прадстаўнікоў устаноў адукацыі рэгіёна. “Эўрыка” — гэта дыскусійная пляцоўка, прафесійная школа для настаўнікаў і выдатнае свята навукі, дзе юныя даследчыкі дэманструюць плён самастойнага пошуку ў вырашэнні пастаўленых задач. Фактычна на канферэнцыі навучэнска-педагагічная супольнасць вобласці падводзіць вынікі даследчай работы школьнікаў за год.
Найбольшая колькасць работ заяўлена ў секцыях “Гісторыя” і “Біялогія”. Відавочна расце цікавасць моладзі да мультыдысцыплінарнай секцыі “PROздароўе: біятэхналогіі для якасці жыцця”, што другі год запар працуе на канферэнцыі па ініцыятыве кампаніі “Націвіта” ў рамках праграмы падтрымкі адоранай моладзі “Таленавіта”, якая развіваецца пад эгідай Віцебскага аблвыканкама пры актыўнай падтрымцы галоўнага ўпраўлення па адукацыі. У перспектыве арганізатары разлічваюць на пашырэнне фармату падобных секцый — магчыма, пры ўдзеле вядучых IT-кампаній.
— Навуковая канферэнцыя “Эўрыка” — важнае мерапрыемства ў выхаванні будучай інтэлектуальнай нацыянальнай эліты, — падкрэсліў Аляксандр Дудараў. — Большасць даследчых праектаў звязана з актуальнымі для нашай вобласці праблемамі, і ў гэтым выяўляецца шчыры клопат моладзі пра родны край, жаданне зрабіць яго больш багатым і прыгожым. Яшчэ адна важная асаблівасць “Эўрыкі” ў тым, што навучэнцы нават з самых аддаленых раёнаў вобласці атрымліваюць магчымасць паказаць свае напрацоўкі і атрымаць кваліфікаваную кансультацыю ў вядучых спецыялістаў ВДУ імя П.М.Машэрава. Кансультаванне арганізавана таксама і для педагогаў — кіраўнікоў работ. Жадаем усім удзельнікам канферэнцыі ўдачы! Цікавасць да даследчай работы стане для вас сродкам пазнання цудоўнага навакольнага свету, а для кагосьці адкрые шлях у навуку, да будучай прафесіі.
Не толькі падчас канферэнцыі, але і кожны дзень ваша праца дорыць неацэнную магчымасць здзяйсняць адкрыцці. Выдатнага настрою, верных сяброў і новых адкрыццяў!
Па выніках канферэнцыі пераможцам уручаць 78 дыпломаў галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, ВДУ імя П.М.Машэрава, а таксама зборнікі матэрыялаў канферэнцыі з тэзісамі дакладаў усіх удзельнікаў.
Таццяна БОНДАРАВА.