Фарміраванне асобы з устойлівай грамадзянскай пазіцыяй — адна з асноўных задач устаноў адукацыі

- 10:16Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні

Як паведамляла наша газета, 15 лютага ў сталічнай сярэдняй школе № 61 прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, тэмай якога стала падвядзенне вынікаў работы за мінулы год і вызначэнне ключавых напрамкаў у функцыянаванні сістэмы адукацыі на 2017 год. Пасля выступлення з асноўным дакладам міністра адукацыі І.В.Карпенкі ў абмеркаванне многіх злабадзённых пытанняў уключыліся ўдзельнікі пасяджэння.

Адна з асноўных задач устаноў адукацыі — фарміраванне асобы з устойлівай грама­дзянскай пазіцыяй. Галоўным выканаўцам гэтай задачы з’яўляецца педагог. С.І.Парошын, начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, адзначыў,  што ацаніць узровень выхавання выпуск­ніка школы даволі складана. Для аказання практычнай дапамогі педагогам у фарміраванні такіх якасцей у вобласці робіцца нямала. Гэта вучэбныя відэаканферэнцыі для настаўнікаў-прадметнікаў, класных кіраўнікоў, псіхолагаў і са­цыяльных педагогаў, мэтай якіх з’яўляецца абмен вопытам, абмеркаванне праблемных пытанняў, майстар-класы лепшых настаўнікаў. У іх могуць прымаць ­удзел адначасова больш за тысячу педагагічных работнікаў.

Усё больш актыўна выкарыстоўваецца для навучання педагогаў сеткавае ўзаема­дзеянне. З гэтага навучальнага года арганізавалі наведванне ўрокаў раённымі, абласнымі метадычнымі службамі з падрабязным аналізам кожнага з іх. У поле зроку не толькі маладыя спецыялісты, але і педагогі са стажам. Усе гэтыя меры накіраваны на павышэнне якасці правядзення ўрока, яго выхаваўчай функцыі.

Сувязным звяном паміж дзецьмі, настаўнікамі-прадметнікамі і бацькамі з’яў­ляецца класны кіраўнік. Ён павінен быць і добрым арганізатарам, і псіхолагам, і педагогам сацыяльным, і проста цікавым чалавекам, да якога цягнуцца дзеці. Ад якасці яго працы шмат у чым зале­жыць якасць выхавання ў цэлым.

— На жаль, не кожны настаўнік хацеў бы стаць класным кіраўніком, — адзначыў ­Сяргей Іванавіч. — Прычыны хаваюцца не толькі ў шматгранным спектры іх дзейнасці, які замацаваны ў інструктыўна-метадычным пісьме пра арганізацыю класнага кіраўніцтва, але і ў тым, што ніхто не вучыць, як стаць добрым класным кіраўніком.

  У вобласці спрабуюць папаўняць гэты прабел за кошт павышэння якасці працы раённых метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў, абласной селектарнай вучобы з імі, павышэння кваліфікацыі ў інстытуце развіцця адукацыі, абласных конкурсаў “Мой клас — мая каманда”, “Наш класны самы класны” і інш. Яркіх, цікавых педагогаў у галіне вельмі шмат.

С.І.Парошын лічыць, што менавіта падрыхтоўцы класных кіраўнікоў неабходна ўдзяліць больш увагі і на рэспубліканскім узроўні. Гэтаму павінны дапамагаць не толькі цікавыя артыкулы ў “Настаўніцкай газеце” пра вопыт работы, але і спецыяльныя курсы павышэння кваліфікацыі, кансультацыі псіхолагаў, якія вельмі патрэбны ў арганізацыі індывідуальнай работы з дзецьмі.

  Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы А.Д.Кароль паведаміў аб узаемадзеянні ўстановы з заказчыкамі кадраў.

— Дзейнасць універсітэта павінна абапірацца на ўзаемавыгаднае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў і забяспечваць падрыхтоўку спецыялістаў, запатрабаваных на рэгіянальным рынку працы, — паведаміў Андрэй Дзмітрыевіч. — У нашым універсітэце гэтае ўзаемадзеянне пабудавана на аснове створаных на кожным факультэце каардынацыйных саветаў па падрыхтоўцы кадраў, дзе больш за палову іх складу — прадстаўнікі заказчыкаў кадраў. Каардынацыйныя саветы ўносяць прапановы па аптымізацыі структуры спецыяльнасцей у адпаведнасці з патрэбамі эканомікі і сацыяльнай сферы рэгіёна, па напаўненні вучэбных планаў і праграм актуальным для сучаснай вытворчасці зместам. Члены гэтых саветаў прымаюць актыўны ўдзел у фарміраванні тэматыкі дыпломных работ і магістарскіх дысертацый, арганізацыі вытворчых практык і садзей­нічаюць працаўладкаванню выпускнікоў.

Узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў не абмяжоўваецца сферай адукацыі. Ствараюцца сумесныя інавацыйныя прадпрыемствы, якія выконваюць у тым ліку і функцыю базавых. Напрыклад, пры РУП “ВНВЦ “Тэхналаб” паспяхова функцыянуе студэнцкае канструктарскае бюро практычнай электронікі, якое ў 2016 го­дзе ­атрымала фінансавую падтрымку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Паспяховая работа каардынацыйных саветаў дазволіла пачаць фарміраванне рэгіянальнага вучэбна-навукова-вытворчага кластара, першымі структурнымі элементамі якога сталі рэгіянальны інавацыйны медыйны кластар і абласны адукацыйны кластар.

    Настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 20 Оршы В.Д.Герасімаў выказаў свой погляд на тое, якім патрабаванням сёння павінен адпавядаць падручнік матэматыкі.

 — Вучэбны матэрыял павінен быць даступным, — адзначыў Валерый Дзмітрыевіч. — Неабходна ўлічваць узровень развіцця кожнага навучэнца пэўнага ўзросту і забяспечыць яму індывідуальную адукацыйную траекторыю ў залежнасці ад узроўню яго папярэдняй падрыхтоўкі і здольнасцей, тым самым спрыяць фарміраванню матывацыі дасягнення
поспеху ў адукацыйным працэсе.

Як было адзначана, тэксты і сістэма вучэбных заданняў, метадычны апарат арганізацыі засваення вучэбнага матэрыялу павінны быць пабудаваны так, каб забяспечыць магчы­масць набываць веды ў працэсе актыўнай вучэбнай дзейнасці, у тым ліку самастойнага навучання, навучання з дапамогай сваіх равеснікаў або дарослых.

Школьны падручнік для настаўніка выступае як метадычная мадэль вучэбнага працэсу, а для школьніка — як інтэлектуальны дапаможнік, які дазваляе крок за крокам асвойваць школьную праграму самастойна.

В.Д.Герасімаў падкрэсліў, што сучасныя дзеці адрозніваюцца ад тых, якія вучыліся нават 10 гадоў назад. Яны сталі менш чытаць, але дзякуючы мабільным прыстасаванням і ­інтэрнэту магчымасці атрымання рознай інфармацыі ў іх істотна ўзраслі. Сучасны падручнік павінен адрознівацца адборам мінімальна неабходнага і дастатковага вучэбнага матэрыя­лу для якаснага засваення зместу адукацыі па вучэбным прадмеце, а таксама неабходна рэалізацыя дыферэнцыраванага падыходу да навучання праз дадатковы матэрыял, у тым ліку праз электронныя адукацыйныя рэсурсы.

— У апошнія гады ў рамках абнаўлення зместу адукацыі па ўсіх вучэбных прадметах Міністэрства адукацыі звяртаецца да настаўнікаў-практыкаў з прапановай пры­няць актыўны ўдзел у распрацоўцы новых вучэбна-метадычных комплексаў, — паведаміў В.Д.Герасімаў. — Мой шматгадовы вопыт паказаў эфектыўнасць інавацыйнай мадэлі на­вучання матэматыцы. У прыватнасці, рэалі­зацыя інавацыйнага праекта, які быў праведзены ў папярэднія гады на базе 8 школ, паказала эфектыўнасць пераразмеркавання вучэбнага часу для вывучэння розных тэм вучэбнай праграмы пры якасным выкананні яе патрабаванняў. У бягучым навучальным го­дзе на базе 22 школ пачата рэалізацыя інавацыйнага праекта, у рамках якога плануецца распрацаваць вучэбна-метадычныя комплексы для 1—4 класаў, якія адпавядаюць патрабаванням сённяшняга дня. Вучэбна-метадычны комплекс для 1 класа ўжо распрацаваны, выдадзены і забяспечвае дзейнасць настаўнікаў — удзельнікаў інавацыйнага праекта.

Выступленне прарэктара па інавацыйнай дзейнасці РІПА В.М.Галубоўскага было прысвечана практычнаму ўкараненню Нацыя­нальнай сістэмы кваліфікацый ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Як падкрэсліў Валерый Мікалаевіч, асноўнай мэтай удасканалення НСК з’яўляецца забеспячэнне балансу паміж попытам і прапановай рабочай сілы на рынку працы і ўдасканаленне якасці падрыхтоўкі кадраў. Гэта прадугледжвае аб’яднанне намаганняў Міністэрства эканомікі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі і і іншых галіновых міністэрстваў, далучаных да работы па ўдасканаленні механізмаў узаема­дзеяння эканомікі і сістэмы адукацыі па пытаннях кадравага забеспячэння.

Міністэрствам адукацыі пачаты эксперыментальны праект пад непасрэдным кіраў­ніцтвам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі на тэму “Апрабацыя механізмаў узаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі і арганізацый — заказчыкаў кадраў па вызначэнні і мадэрнізацыі кваліфікацыйных патрабаванняў да спецыялістаў”.

У рамках названага праекта мяркуецца арганізаваць работу сектаральных саветаў ва ўзаемадзеянні з профільнымі ўстановамі адукацыі — філіяламі РІПА, што дазволіць своечасова абнаўляць змест адукацыйных стандартаў на аснове патрабаванняў сучасных вытворчасцей, у выглядзе прафесійных стандартаў, якія паэтапна замяняюць кваліфікацыйныя характарыстыкі. У кампетэнцыю сектаральнага савета ўваходзіць арганізацыя дзейнасці рабочых груп па распрацоўцы зместу прафесійных стандартаў з прыцягненнем работнікаў адпаведнага сектара і сістэмы прафесійнай адукацыі.

Як паведаміў В.М.Галубоўскі, названыя кірункі работы дазволяць удасканаль­ваць падрыхтоўку кадраў, забяспечыць пераход на незалежную ацэнку кваліфікацый, а таксама, улічваючы ўжо існуючы вопыт у правядзенні сертыфікацыі персаналу ў нашай краіне, прадугледжваюць паступовае ўдасканаленне сістэмы ацэнкі кваліфікацыі ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі.

На пасяджэнні таксама выступілі загадчык кафедры АПА Т.А.Лапацік, А.А.Ка­соўскі, першы намеснік старшыні Дзяр­жаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

 Напрыканцы пасяджэння калегіі выступіў віцэ-прэм’ер нашай краіны Васіль Іванавіч Жарко.

— Хачу падзякаваць усім работнікам сістэмы адукацыі за добрасумленную і плённую працу ў мінулым годзе, — адзначыў В.І.Жарко. — У апошні час характэрнай рысай развіцця сусветнай супольнасці з’яўляецца ўзмацненне ўвагі да праблем адукацыі. І гэта невыпадкова. Адукаваны чалавек становіцца найважнейшай каштоўнасцю і асноўным капіталам сучаснага грамадства. Адзначу, нямала добрага зроблена ў нашай адукацыйнай галіне, у цэлым сістэма адукацыі ў краіне выбудавана. Але ёсць яшчэ шэраг нявырашаных пытанняў. Перш за ўсё, як лічыць Васіль Іванавіч, трэба працягваць удасканальваць Кодэкс аб адукацыі, не спяшаючыся вывяраць кожны крок, кожную пазіцыю, шырока абмяркоў­ваць яго з усімі зацікаўленымі, з усім нашым грамадствам, каб у выніку атрымаць такі заканадаўчы дакумент, які б спрыяў развіццю нашай адукацыі і павышэнню яе якасці.

 В.І.Жарко прааналізаваў стан спраў на кожным узроўні адукацыі. Так, у прыватнасці, у дашкольнай адукацыі захоўваецца праблема забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садках.

— Задача крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі вырашаецца, — заявіў Васіль Іванавіч. — Для поўнага задавальнення гэтага кірунку ўрадам зацверджаны План мера­прыемстваў па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі, і да 2020 года пытанне павінна быць вырашана.

Кіраўніком дзяржавы і ўрадам пастаўлены задачы па ўдасканаленні вучэбнага працэсу ў агульнаадукацыйнай школе. У першую чаргу гэта тычыцца распрацоўкі новых вучэбных праграм. Як адзначыў віцэ-прэм’ер, на думку педагогаў, сёння многія праграмы перагружаныя і недасканалыя. Каб выправіць сітуацыю, неабходна стварыць адпаведную рабочую групу і прыцягнуць у яе склад навукоўцаў і вопытных педагогаў.

Закрануў Васіль Іванавіч і пытанне стварэння новых падручнікаў.

— Да 2020 года ў адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта мы павінны цалкам абнавіць падручнікі, — заявіў віцэ-прэм’ер. — Трэба зрабіць іх больш даступнымі, інфарматыўнымі і неперагружанымі. Для іх стварэння трэба прыцягваць на конкурснай аснове лепшых спецыялістаў, вопытных педагогаў, навукоўцаў, выкарыстоўваць вопыт іншых краін. І ўсё гэта з адной мэтай — падручнікі павінны быць якаснымі і служыць доўга, а не перапрацоўвацца кожны год.

В.І.Жарко засяродзіў увагу на далейшым удасканаленні і павышэнні якасці выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі.

— У гэтай рабоце нельга дапускаць фармалізму, павярхоўных рашэнняў і безадказнасці, — заявіў Васіль Іванавіч. — У ёй не павінна быць дробязей і недапрацовак. Нядаўна прэзідэнт краіны звярнуў асаблівую ўвагу на арганізацыю шостага школьнага дня і канцэптуальна пазначыў, якім павінен быць гэты дзень. Нічога складанага тут няма: арганізацыя фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, працоўнае выхаванне, правядзенне факультатываў, заняткі па інтарэсах. Але важна памятаць, што шосты дзень нельга рабіць яшчэ адным вучэбным днём. Гэта недапушчальна.

В.І.Жарко закрануў яшчэ адну тэму, якая тычыцца неўласцівых функцый настаўнікаў. На яго думку, галіноваму міністэрству, у прыватнасці кіраўніцкім структурам на месцах, трэба выпрацаваць дакладныя механізмы ўзаема­дзеяння школы з іншымі адпаведнымі органамі, каб кожны ведаў кола сваіх прафесійных абавязкаў і адказваў за іх выкананне.

Актуальнай застаецца і тэма правілаў прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. В.І.Жарко заявіў, што ў гэтым годзе неабходна выпрацаваць прапановы па іх ўдасканаленні.

— Тэсціраванне з’яўляецца дастаткова справядлівым спосабам адбору, паколькі ўсе абітурыенты знаходзяцца ў роўных умовах, — адзначыў віцэ-прэм’ер. — Але тэст не ўніверсальны, ён не дае магчымасці ацаніць логіку рашэння задачы, паказаць эрудыцыю і кругагляд абітурыента, яго грамадзянскую пазіцыю. Згодна з гэтым, урадам даручана стварыць міжведамасную рабочую групу па гэтым пытанні і выпрацаваць аптымальныя прапановы.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што актуальнай застаецца задача павышэння якасці прафе­сійнай падрыхтоўкі. Выпускнік прафесійна-тэхнічнай або вышэйшай установы, прыйшоўшы працаваць на прадпрыемства ці ў арганізацыю, не павінен давучвацца або перавучвацца, як гэта часта бывае сёння, а быць гатовым адразу выконваць свае службовыя абавязкі ў адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй.

— Інакш навошта мы трацім бюджэтныя сродкі і выпускаем непадрыхтаванага спецыя­ліста? — заявіў Васіль Іванавіч. — Трэба значна ўзмацніць патрабаванні да падрыхтоўкі спецыя­лістаў, якая павінна быць практыка-арыентаванай.

У далейшым Васіль Іванавіч Жарко закрануў пытанні прагназавання патрэбы рынку працы ў кадрах, размеркавання выпускнікоў устаноў адукацыі і цеснага ўзаемадзеяння ў гэтым адукацыйнай галіны з работадаўцамі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.