ЗАЯЦ Людміла Віктараўна,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Ваўкавыска.
Людміла Віктараўна скончыла Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Стаж работы — 25 гадоў. Яе педагагічнае крэда: “Настаўнік — гэта лад жыцця”.
Намінацыя “Пачатковыя класы”
Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, тэхналогія праблемнага навучання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, воблачныя тэхналогіі (Web 2.0) — вось далёка не поўны спіс прафесійных захапленняў Людмілы Віктараўны. Яна імкнецца да асобаснай самарэалізацыі і лічыць, што, толькі абменьваючыся вопытам, педагог можа генерыраваць уласныя ідэі. Людміла Віктараўна — кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў гімназіі і раённага метадычнага фарміравання “Школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства”.
“Задачу сучаснага настаўніка бачу ў тым, каб арганізаваць адукацыйнае асяроддзе такім чынам, каб кожнае дзіця магло самарэалізавацца, развіваючы патэнцыял сваіх здольнасцей праз натуральнае імкненне да пазнання свету. Лічу, што толькі дзіця-даследчык можа генерыраваць ідэі і здзяйсняць адкрыцці. Я ўпэўнена, што фарміраванне даследчых уменняў трэба пачынаць у пачатковай школе, таму што менавіта гэтыя ўменні дазваляюць дзіцяці самастойна здабываць веды, умець прымяніць іх у жыццёвых сітуацыях, якія пастаянна мяняюцца, творча падыходзіць да вырашэння праблем, якія ўзнікаюць”, — тлумачыць педагог.
Настаўніца лічыць, што даследчыя ўменні малодшых школьнікаў трэба развіваць не фрагментарна на розных этапах урока, а рэгулярна і сістэмна. Практычна на ўсіх уроках навучэнцы працуюць з тэкстам. Ён можа быць суцэльным або несуцэльным, змяшчаць схемы, графікі, малюнкі; можа характарызавацца жанравымі і стылістычнымі асаблівасцямі, але Людміла Віктараўна ўпэўнена, што ад таго, як дзеці ўмеюць разумець тэкст і выкарыстоўваюць атрыманую з яго інфармацыю, залежыць, наколькі дзіця будзе паспяховым у вучэбнай дзейнасці.
Людміла Віктараўна звярнулася да рэсурсаў прадмета “Літаратурнае чытанне”, таму што ён змяшчае вельмі багаты матэрыял для даследавання і пры ўмелай арганізацыі спрыяе свабоднаму самавыяўленню, выкладанню розных пунктаў гледжання, фарміраванню ролевых пазіцый, а творчыя заданні даюць магчымасць для арганізацыі даследчых сітуацый і праяўлення найцікавейшых дзіцячых інтэрпрэтацый прачытаных твораў.
Даследчыя ўменні фарміруюцца не паслядоўна, а ў цеснай звязцы адно з адным. Таму падчас работы над літаратурным творам педагог стварае ўмовы для фарміравання і развіцця розных груп даследчых уменняў, арыентуючыся на наступныя ўмовы: матываванасць, мэтанакіраванасць і сістэматычнасць, улік узроставых асаблівасцей, творчае асяроддзе і псіхалагічны камфорт.
Даследчая дзейнасць прадугледжвае асваенне наступных даследчых “працэсаў”: выяўленне праблемы, фармуляванне гіпотэзы, збор, аналіз і сінтэз даных (збіранне фактаў, назіранняў, доказаў), вывад і пераасэнсаванне, праверка гіпотэзы, пабудова вынікаў і заключэнняў. Пры асваенні гэтых працэдур у дзяцей фарміруюцца даследчыя ўменні.
“Даследаванне ў школьнай дзейнасці — гэта аснова творчай інтэрпрэтацыі літаратурнага твора. Бо ў школьнай даследчай дзейнасці ўласна адкрыцця не адбываецца, — лічыць педагог. — Але гэта не значыць, што вучань і настаўнік не адкрываюць нічога новага. Канчатковы вынік нашай з вучнямі дзейнасці — уласная інтэрпрэтацыя літаратурнага матэрыялу, яго тэмы, праблемы, новы погляд на мастацкія творы”.
У сваёй рабоце Людміла Віктараўна выкарыстоўвае разнастайныя метады і прыёмы. Напрыклад, прыём “Прадмет адзін — пытанняў многа”: “Тэксты “Буквара” схіляюць да гэтай гульні, таму што ў іх змяшчаецца многа прадметаў, з якімі дзеці знаёмы з дзяцінства: цацкі, аб’екты жывой і нежывой прыроды і інш. Прапаную дзецям задаць як мага больш пытанняў да прадмета, выкарыстоўваючы словы-падказкі: хто? што? дзе? як? чаму?”, — тлумачыць настаўніца.
Яшчэ адзін яркі прыём для фарміравання даследчых кампетэнцый навучэнцаў — “Так — не”. Людміла Віктараўна загадвае слова, запісвае яго на лісце паперы і хавае. Гэта можа быць слова з толькі што прапрацаванага тэксту або звязанае з ім. Задача дзяцей задаць пытанне, на якое можна адказаць “так” ці “не”. Напрыклад: Гэта жывы прадмет? Гэта жывёла? Яна жыве ў доме? Любіць малако? (кошка) і г.д. Дзеці з задавальненнем перахопліваюць ініцыятыву, знаходзячы ў тэксце найбольш складаныя словы.
Часта ў час чытання твора ў дзяцей узнікаюць пытанні, на якія адразу нельга даць вычарпальны адказ. Тады настаўнік выкарыстоўвае прыём “Чаму? і таму!”: любы жадаючы (або група) да наступнага ўрока шукае ў літаратуры навуковы адказ на пытанне або правярае яго эксперыментальна (калі магчыма). Напрыклад: гавораць, што акулы нападаюць, адчуваючы кроў. Чаму акула напала на хлопчыкаў, яны ж не былі паранены? (Л.М.Талстой. “Акула”) Чаму ў адных фруктах костачкі ядомыя, а ў іншых — не? (Л.М.Талстой. “Костачка”.)
Для дыягностыкі сфарміраванасці ўмення даследаваць літаратурны твор у 4 класе Людміла Віктараўна выкарыстоўвае тэксты і заданні маніторынгавых даследаванняў Міжнароднай асацыяцыі PIRLS. Вынікі паказваюць, што, дзякуючы паслядоўнай рабоце над фарміраваннем даследчых навыкаў, у большасці навучэнцаў на высокім і дастатковым узроўні сфарміраваны ўменні бачыць праблему, фармуляваць гіпотэзы, вылучаць галоўнае і другараднае, бачыць лагічную паслядоўнасць, рабіць высновы.
На думку педагога, галоўны крытэрый поспеху — сістэмнасць у выкарыстанні метадаў і прыёмаў, жаданне педагога і ўменне “заразіць” ім дзяцей. Даследчы падыход да работы над літаратурным творам дазваляе фарміраваць паўнацэннага чытача-даследчыка, які валодае вопытам самастойнай чытацкай дзейнасці, умее знаходзіць і выбіраць неабходную інфармацыю з тэксту, аналізаваць яе, рабіць высновы і выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці пры навучанні розным прадметам.