Фарміраванне інавацыйнай эканомікі немагчыма без апоры на сістэму адукацыі

- 11:04Актуально, Апошнія запісы

“Фарміраванне інавацыйнай канкурэнтаздольнай эканомікі немагчыма без апоры на сістэму адукацыі, на нацыянальныя навуковыя школы”, — падкрэсліў міністр адукацыі Ігар Карпенка, выступаючы перад маладымі вучонымі ў першы дзень работы ІІ з’езда вучоных Рэспублікі Беларусь. Пасяджэнне секцыі “Моладзь і новыя гарызонты навукі” адбылося 12 снежня на базе Ліцэя БДУ.

Міністр адукацыі адзначыў, што нашы ўстановы вышэйшай адукацыі займаюць годнае месца ў навуковай сферы рэспублікі. Выкананнем навуковых даследаванняў і падрыхтоўкай спецыялістаў ва УВА займаюцца больш за 20 тысяч выкладчыкаў і навуковых работнікаў, прычым амаль кожны другі выкладчык мае вучоную ступень і званне.

“Развіццё ўніверсітэцкага сектара навукі бачыцца ў паглыбленні і пашырэнні фундаментальных і прыкладных даследаванняў ва ўніверсітэтах, як гэта робіцца ў многіх краінах свету, у тым ліку шляхам стварэння навукова-адукацыйна-вытворчых кластараў, якія прадугледжваюць інтэграцыю адукацыйных устаноў і прадпрыемстваў. Ужо цяпер наладжана ўзаемадзеянне ўніверсітэцкай навукі і вытворчых прадпрыемстваў. Сумесныя навуковыя даследаванні праводзяцца на базе 9 галіновых лабараторый, адкрытых у інтарэсах лясной, хімічнай, харчовай прамысловасці, прыборабудавання. У чэрвені гэтага года на базе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання створана галіновая лабараторыя збожжавых прадуктаў”, — адзначыў Ігар Васільевіч.

І калі ў 2015 годзе названымі лабараторыямі ўніверсітэтаў было выканана 25 дагавораў па заказах профільных прадпрыемстваў, то ў 2017 годзе іх стала больш за 70. Універсітэты і навуковыя арганізацыі Міністэрства адукацыі ўдзельнічаюць у выкананні больш за 800 заданняў ва ўсіх 12 дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў. На гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту выдзелена амаль 16 млн рублёў, што складае пятую частку ад агульнага фiнансавання фундаментальных даследаванняў у краіне. Для якаснага правядзення навуковых даследаванняў у сістэме вышэйшай школы Міністэрствам адукацыі створана інавацыйная інфраструктура, якая ўключае 6 навукова-тэхналагічных паркаў і 15 цэнтраў трансферу тэхналогій.

Адкрыты першы ў рэспубліцы студэнцкі інавацыйны цэнтр прафесійнага развіцця — бізнес-інкубатар БДУІР, які ўяўляе сабой платформу для стварэння і развіцця перспектыўных інавацыйных праектаў і далейшага іх прасоўвання на рынак. Адным з прыкладаў стымулявання маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва з’яўляецца вопыт дзейнасці стартап-цэнтра ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце “Ад ідэі да ўкаранення”. Гэта толькі пачатак маштабнай працы па развіцці інавацыйнай інфраструктуры.

“Сёння немагчыма ўявіць сістэму адукацыі без укаранення IT-тэхналогій. Міністэрства адукацыі фарміруе рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, дзе будуць развівацца як інфармацыйна-камунікатыўная інфраструктура, так і сістэмы збору, апрацоўкі і прагназавання даных рознага прызначэння. Такі механізм забяспечыць доступ да самых сучасных тэхналогій: дыстанцыйнага медыяпартала, дапоўненай і віртуальнай рэальнасці, нейроннай сеткі прагназавання адукацыйнай траекторыі, воблачных вылічэнняў і інш.

У найбліжэйшай перспектыве маладзёжнай навуковай грамадскасці трэба будзе ўнесці непасрэдны ўклад у ператварэнне нашай рэспублікі ў IT-краіну, таму ўстановам вышэйшай адукацыі неабходна стварыць навукова-адукацыйную платформу. Але стварэння навукова-тэхнічных распрацовак ужо не дастаткова. Іх трэба прасоўваць, у тым ліку на замежныя рынкі. У цяперашні час гэтую работу вядуць 12 сумесных цэнтраў міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй, Казахстанам, Кітаем, Карэяй, Латвіяй, Венесуэлай. Высокі ўзровень навуковых даследаванняў пацвярджаецца ўдзелам універсітэтаў у выкананні больш за 100 праектаў міжнародных навуковых праграм, фондаў і грантаў”, — адзначыў міністр адукацыі.

Паколькі адной з задач дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі з’яўляецца забеспячэнне павышэння канкурэнтаздольнасці вышэйшай адукацыі, універсітэтам неабходна актыўна ўкараняць формы сеткавага ўзаемадзеяння. Як заўважыў Ігар Карпенка, сёння такая работа знаходзіцца ў пачатковым стане, але ўжо відавочна, што ўсталяванне і пашырэнне сеткавага ўзаемадзеяння паміж беларускімі ўстановамі вышэйшай адукацыі дазваляе аптымізаваць адукацыйны працэс, павысіць яго якасць. На перспектыву трэба пашыраць сеткавае ўзаемадзеянне з ВНУ іншых дзяржаў, у першую чаргу дзяржаў — удзельніц СНД.

“На павышэнне якасці і эфектыўнасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў накіравана рэалізацыя пілотнага праекта па практычнай апрабацыі ўніверсітэта новай фармацыі — універсітэта 3.0. Укараненне ў практыку мадэлі ўніверсітэта новай фармацыі захавае моладзь ва ўніверсітэцкай навуцы, павысіць канкурэнтаздольнасць вышэйшай адукацыі ў сусветнай адукацыйнай прасторы. Больш за тое, дасць магчымасць рэгіянальным установам вышэйшай адукацыі паўнавартасна ўключыцца ў гэты працэс”, — лічыць Ігар Васільевіч.

Асноўныя намаганні Міністэрства адукацыі сканцэнтраваны на падтрымцы навуковай кар’еры маладых людзей. Сёння аспірантура адкрыта ў 26 установах вышэйшай адукацыі па 233 спецыяльнасцях, дактарантура — у 15 ВНУ па 180 спецыяльнасцях. Доля аспірантаў ва ўзросце да 30 гадоў у 2016 годзе склала 58%, а сярэдні ўзрост прысуджэння ступені кандыдата навук — 34 гады. Па выніках 2016 года ў сістэме Міністэрства адукацыі навуковую ступень кандыдата навук атрымалі 177 чалавек (43% ад агульнай колькасці аспірантаў), доктара навук — 21 (49%).

Штогод праводзіцца Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў. Лепшыя студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, інтэлектуальныя і творчыя аб’яднанні студэнтаў атрымліваюць фінансавую падтрымку ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Таксама лаўрэатам спецыяльнага фонду аказваецца сацыяльная падтрымка. Гэта і павышаная стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і перавага пры размеркаванні. Заканадаўча за імі замацавана права на ўключэнне па-за чаргой у спісы на атрыманне льготных крэдытаў для набыцця жылля. Акрамя таго, прынятым на работу ў бюджэтныя арганізацыі прадугледжваецца павышэнне тарыфных ставак на 15%.

У мэтах стымулявання эфектыўнай педагагічнай і інавацыйнай дзейнасці педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, павышэння іх матэрыяльнай зацікаўленасці ў выніках працы прынята пастанова Савета Міністраў № 942 аб павышэнні з 1 снежня 2017 года тарыфных ставак педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу на 30%.

З мэтай прапаганды навукова-даследчай дзейнасці ў 16 універсітэтах Мінадукацыі працуюць саветы маладых вучоных. Разам з тым, як заўважыў міністр, патрэбны дадатковыя стымулы для прытоку ў сферу навукі маладых кадраў, у тым ліку маладых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. “Вывучыўшы міжнародны вопыт, Міністэрства адукацыі разам з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях прапрацоўвае пытанне прававой магчымасці ўвядзення базавага фінансавання навукі ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Гэта дасць права самастойна распараджацца сродкамі, вызначаючы ў якасці прыярытэтных напрамкаў расходавання фінансаў не толькі ўласна навуковыя даследаванні, але і стымуляванне студэнцкіх навуковых аб’яднанняў, аплату ўдзелу студэнтаў і супрацоўнікаў ВНУ ў канферэнцыях, закупку абсталявання і расходных матэрыялаў для навуковых даследаванняў навучэнцаў i іншае”, — сказаў Ігар Карпенка. Акрамя таго, Міністэрства адукацыі прапрацоўвае пытанне выдзялення пазыкі Сусветнага банка на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Трэба адзначыць, што развіццё беларускай універсітэцкай навукі — у сусветным трэндзе. На практычны выхад студэнцкіх даследаванняў можна было паглядзець на выставе, арганізаванай у холе Ліцэя БДУ. Напрыклад, студэнты БДУ прадстаўлялі высокатэмпературны трохзанальны цеплавізар, новыя кампазіцыйныя рэагенты для ачысткі вады, проціпухлінныя лекавыя прэпараты, ядомыя харчовыя плёнкі. Асобнай увагі былі дастойны святлодыёдны імітатар сонечнага выпраменьвання, лазерны відэа-мікраспектраметрычны комплекс для аналізу характарыстык прасторава складаных аб’ектаў.

Як заўважыў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль, БДУ з’яўляецца каардынатарам навукова-даследчай работы студэнтаў. “Кожны пяты аспірант нашай краіны — гэта аспірант БДУ. У мінулым годзе прыкладна кожная шостая абароненая кандыдацкая дысертацыя была зроблена на базе БДУ, кожная пятая доктарская таксама была падрыхтавана на базе нашага ўніверсітэта”, — адзначыў Андрэй Дзмітрыевіч.
Прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта прадстаўлялі тэхналогію камбінаванай сушкі тэкстыльных матэрыялаў з выкарыстаннем ультрагукавога выпраменьвання. На стэндзе Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта можна было паглядзець на 3D-прынтар, а Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна дэманстраваў сістэму кантролю наведванняў на аснове мікракантралёра. Студэнты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта паказвалі тэхналогію атрымання тэрмамеханічна мадыфікаваных шматслойных паркетных вырабаў. Стэнд Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова прывабліваў калекцыяй артэфактаў Х—ХІІ стагоддзяў магілёўскага Падняпроўя і Пасожжа.

Тэматыка і праблематыка секцыі “Моладзь і новыя гарызонты навукі” ўражвала актуальнасцю. У рабоце навуковага форуму ўдзельнічала каля 300 маладых вучоных беларускіх ВНУ, галіновай навукі і органаў дзяржкіравання. Дэлегаты абмяркоўвалі пытанні, якія тычацца асноўных кірункаў развіцця навуковай сферы, інтэграцыі айчыннай навукі ў сусветную грамадскасць, а таксама сувязі і ўзаемадзеяння навуковай дзейнасці маладых вучоных з рэальным сектарам эканомікі. Таксама на разгляд была вынесена тэма ўдасканалення дзейнасці навуковага кіраўніка. Мадэратарам на секцыі быў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

Намеснік прарэктара па навуковай рабоце БНТУ старшыня савета маладых вучоных Віктар Трапачка гаварыў пра механізмы развіцця інжынернай крэатыўнасці і падтрымку інавацыйнага прадпрымальніцтва моладзі. На сёння ў БНТУ дзейнічае адразу некалькі пляцовак па развіцці крэатыўнасці. Ва ўніверсітэце — 18 студэнцкіх навукова-даследчых падраздзяленняў. 6 падраздзяленняў адзначаліся спецыяльным фондам прэзідэнта. Для рэалізацыі самых смелых ідэй студэнтаў працуе вытворчая лабараторыя ФабЛаб — майстэрня, дзе можна вырабляць эскізныя і доследныя ўзоры на сучасным абсталяванні. А стартап-цэнтр Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта “Ад ідэі да ўкаранення” развівае ў сваіх студэнтаў інавацыйнае прадпрымальніцтва.

Пра тое, як навуковую ідэю можна ператварыць у канкрэтны вынік, гаварыла другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Эліна Брага. Эліна Ігараўна сканцэнтравалася на праекце “100 ідэй для Беларусі”, які з’яўляецца базавым стартапам для фарміравання нацыянальнага руху маладых навукоўцаў, рацыяналізатараў і вынаходнікаў. Наступным крокам з’яўляецца камерцыяналізацыя навуковай ідэі. Пра тое, як навуковую ідэю зрабіць прыбытковай, гаварыў вядучы спецыяліст аддзела падтрымкі інавацыйнага прадпрымальніцтва адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Уладзіслаў Жураўлёў. Без бізнес-плана тут не абысціся.

Вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўстве выканаўчы дырэктар Рэспубліканскай асацыяцыі нанаіндустрыі Аляксей Труханаў засяродзіў увагу прысутных на міжнародным навукова-тэхнічным супрацоўніцтве маладых вучоных НАН Беларусі. У прыватнасці, Аляксей Валянцінавіч заўважыў, што развіццё навукі ў сусветным кантэксце — гэта глабальная інтэграцыя навуковых ідэй і развіццё гарызантальных сувязей міжгаліновага і міждысцыплінарнага характару. Міжнароднае супрацоўніцтва — гэта яшчэ і магчымасць рэалізаваць свае навуковыя ідэі на найноўшым абсталяванні, што, безумоўна, будзе толькі спрыяць развіццю беларускай навуковай школы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.