Феерыя фарб

- 12:17Адукацыйная прастора, Міншчына

Традыцыйны конкурс на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне прышкольнай тэрыторыі прайшоў на Міншчыне. Новаўвядзенне гэтага года — намінацыя “Лепшая альтанка на тэрыторыі”, у якой прынялі ўдзел 9 устаноў прафесійна­тэхнічнай адукацыі будаўнічага профілю.

Кветкавыя кампазіцыі спаборнічаюць у арыгінальнасці выканання, складанасці кампазіцыйнага рашэння, эстэтычнасці афармлення. Пры гэтым амаль усе яны сімвалічныя і прысвечаны Году гістарычнай памяці.

Калі адны канкурсанты абмежаваліся стварэннем новых яркіх кветнікаў, другія падышлі да справы маштабна, прыдумалі і ўвасобілі складаныя кампазіцыйныя рашэнні.

Так, педагогі і навучэнцы Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна рэалізавалі праект “#Моладзь#Памяць#Будучыня.by” і прапануюць не толькі любавацца прыгажосцю кветак, але і выву­чаць гістарычную спадчыну радзімы па кветкавых маршрутах на пяці лакацыях. Іглічныя дрэвы на “Алеі пакаленняў” сімвалізуюць як новае жыццё, так і памяць аб воінах, якія загінулі ў гады ВАВ. Лакацыя “Гістарычны экскурс” з сімвалам зямнога шара і QR-кодамі адпраўляе ўсіх жадаючых на віртуальную экскурсію па гісторыка-краязнаўчым маршруце “Памятныя месцы”. На яшчэ адной лакацыі размясціліся металічная канструкцыя з кветкамі “Вікторыя”, лаўка і клумба ў выгля­дзе зоркі. У сярэдзіне клумбы, быццам Вечны агонь, чырванеюць бягоніі. Ёсць на тэрыторыі гімназіі мясціна “Арка будучыні”, якая сімвалізуе мір. Уздоўж дарожкі, якая вядзе да аркі, высаджаны львіны зеў, гацаніі, аксаміткі, бягоніі і туі. 

Тэрыторыю Куранецкага дзіцячага сада Вілейскага раёна ўпрыгожвае клумба-палітра. Яна складаецца з палітры з кветак, аздобленай дэкаратыўнымі камянямі, сцяжынак з керамічнай пліткі, “пэндзляў”. Тут расце шмат розных кветак, кустоў і дрэў: елка, бэз, гартэнзія, фарзіцыя, туя, канны, аксаміткі, петуніі, хоста, вяргіні. Побач стэнд з рознакаляровай картай Беларусі, якая сімвалізуе веліч, магутнасць, багацце і прыгажосць роднага краю. Маленькія выхаванцы з задавальненнем прыходзяць сюды ўдзень на дыхальную гімнастыку і атрымліваюць вялікую асалоду ад паху кветак.

У двары гімназіі Дзяржынска цэнтральны арт-аб’ект — слуп-паказальнік з назвамі сямі экалагічных мясцін Дзяржынскага раёна. Сярод іх Чортаў камень Ратынскі, Станькаўскі палацава-паркавы ансамбль, гара Дзяржынская і інш. Гэтыя месцы можна наве­даць, не выходзячы з альтанкі, выкарыстоўваючы QR-коды. Да альтанкі вядзе дарожка, выкладзеная пліткай, апраўленая загараддзю з маладых пасадак спірэі. Там жа некалькі лавак, на якіх можна адпачыць. Уздоўж бардзюраў дарожкі, і вакол пляцоўкі расце алісум. Па краях ландшафтную кампазіцыю абмяжоўвае цынерарыя. Факальнымі пунктамі параднага кветніка з паўночнага і паўднёвага бакоў з’яўляюцца шарападобныя і пірамідальныя туі, якія падтрымліваюцца дэкаратыўнай абсыпкай з драўнянай дранкі і буйнымі раслінамі герані занальнай.

Унутры альтанкі радуюць вока габелены з травы і кветак, ільняныя абрусы, падушкі з сена, вянкі. Акенцы ўпрыгожваюць вышыванкі. Клумба “Паравозік” з кветкамі, што віднеецца паблізу, сімвалізуе жаданне падарожнічаць і спазнаваць новае.

Школьны двор гімназіі № 1 Любані аформлены з добрым мастацкім густам, упрыгожаны рознакаляровымі кветнікамі розных форм, не пазбаўлены разнастайнасці драўніна-хмызняковых парод, у тым ліку ігліцы. Касачы, высаджаныя ўздоўж плота, дзі­вяць багаццем кветак і адценняў вясной. Лаўкі ўздоўж цэнтральнай дарожкі — зручны элемент зоны адпачынку. Яшчэ адно ўпрыгажэнне тэрыторыі — ружоўнік. Асноўны пасадачны матэрыял для кветнікаў — аксаміткі, петуніі, герань, цынерарыю — педагогі і гімназісты вырошчваюць самі. 

Прасторная тэрыторыя Азярцоўскай сярэдняй школы Мінскага раёна радуе вока сваім размахам. Перад будынкам школы высаджаны туі ў выглядзе сонца з прамянямі. Для дэкарыравання газона выкарыстана жывая зага­радзь з туй канічнай і шарападобнай формы. Разнастайнасць туй сёлета дапоўнілі пладова-ягадныя дрэвы. Інтэлігентны газон апраўляе рабатка — прамавугольны выцягнуты кветнік з ірэзіне і цынерарыі. З ранняй вясны да глыбокай восені вучні і педагогі любуюцца цвіценнем прымул, петуній, аксамітак, лілей, бягоніі. На тэрыторыі школы знаходзіцца 4 клумбы, а яшчэ адзінкавыя пасадкі шматгадовай гартэнзіі, клямацісу, вейгелы.

Пры стварэнні тэматычнай кампазіцыі “Крынічка роднага краю” на невялікім участку педагогі і выхаванцы Сноўскага ясляў-сада Нясвіжскага раёна выкарыстоўвалі каскадны кветнік з некалькімі дзясяткамі відаў кветак, драўлянае кашпо, а таксама розныя малыя архітэктурныя формы: драўляны млын, перголу, вулічную бібліятэку. А яшчэ такія пераносныя элементы, як павозка з канём, фігуры бабулі і дзядулі, снапы, мяшкі. Такое кампазіцыйнае рашэнне з’яўляецца своеасаблівай іміта­цыяй беларускага вясковага побыту, нагадвае пра вытокі і разнастайнасць традыцый і культуры беларусаў.

Пергола, дзякуючы вертыкальнаму азеляненню, стварае натуральны ценявы навес. Кампазіцыю ўдала дапаўняе рукатворная крыніца з пластыкавых кашпо. Журчанне вады прыносіць эстэтычнае задавальненне і выклікае непадробленыя радасныя эмоцыі ў дзяцей.

Настаўнікі і вучні Дукорскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Пухавіцкага раёна падрыхтавалі 4 кветкавыя кампазіцыі пад агульнай назвай “Памятаем пра мінулае, рухаючыся ў будучыню”. У кожнай з іх свая адметнасць. Напрыклад, кампазіцыю “На скрыжаванні вялікіх падзей і эпох” упрыгожвае веласіпед з кветкамі. А ў цэнтры кампазіцыі “На рэйках прыгажосці” размясціўся паравозік з вагончыкамі, поўнымі кветак. Ён нібы сышоў з рэек і любуецца хараством наваколля. Кампазіцыю “У будучыню праз мінулае з багажом ведаў” можна пазнаць па лавачцы з кветкамі.

Мабыць, пад уплывам урбаністычных павеваў і мінімалізму ўладкавалі ўнутраны дворык памерам 280 квадратных метраў педагогі і навучэнцы гімназіі № 1 Старых Дарог. На 60 з іх ляжыць лаканічны газон з зялёнай травой і кустамі, агібае яго каменная дарожка з лаўкамі. Астатнюю тэрыторыю выклалі рознакаляровай пліткай. Газон упрыгожвае класічная клумба, побач растуць хосты і нізкарослыя іглічныя дрэвы: туі, піхты, ядловец кітайскі. Увосень у планах высадзіць цюльпаны, а вясной эхінацэю, клямацісы, гартэнзію мяцёлчатую, манжэтку мяккую — культуры з кветкамі незвычайнай зялёнай афарбоўкі.

У Год гістарычнай памяці ў Дзераўнянскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна пачалася работа па праекце “Няхай слава землякоў гучыць над роднаю старонкай!”. І педагогі, і навучэнцы заняліся пошукавай работай па зборы звестак пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — жыхароў аграгарадка Дзераўная і навакольных вёсак. Для захавання памяці пра іх на тэрыторыі школы створана кампазіцыя “Зорка Перамогі”. Зорка ўвасабляе нашу краіну, якая панесла вялікія людскія страты ў гады вайны, але засталася непакорнай. Малыя зоркі побач сімвалізу­юць чатыры франты, якія вызвалялі нашу Радзіму ў 1944 годзе.

У Цэнтры творчасці турызму і экскурсій дзяцей і мола­дзі Жодзіна кветнік “Вытокі роднага горада” ілюструе сюжэт пра вытокі ўзнікнення горада. Кампазіцыю са шматгадовых дэкаратыўных раслін, вечназялёных дэкаратыўных хвойнікаў дапаўняюць групы аднагадовых кветкава-дэкаратыўных раслін і клумба памерам 30 квадратных метраў. Аснова кветніка — сухое звілістае рэчышча даўжынёй каля 10 метраў з друзу шэра-сіняга колеру, якое сімвалізуе раку Жодзінку. Побач з ім дзве малыя архітэктурныя формы: скульптурныя выявы легендарнай дзяўчыны Ёдзін­кі-Жодзінкі і заснавальніка горада Багуслава Радзівіла.

Клумбы — галоўнае ўпрыгажэнне тэрыторыі сярэдняй школы № 3 Чэрвеня. Яркая колеравая гама, водары і незвычайныя формы ствара­юць выдатную атма-­
сферу для адпачынку навучэнцаў, бацькоў і педагогаў. Па задумцы педагогаў і навучэнцаў у рамках рэалізацыі праекта “Беларусь і Кітай: насустрач адно аднаму” клумба ў школьным двары зроблена ў выглядзе карты Беларусі. На ёй высаджана каля 3 тысяч рознакаляровых астраў, размешчаны малыя архітэктурныя формы, у тым ліку і ў кітайскім стылі, інсталяцыя сімвала Беларусі — ­зубра.

Пераможцаў конкурсу вызначыць інтэрнэт-галасаванне, а ўзнагароды знойдуць сваіх ге­рояў на абласной педагагічнай канферэнцыі ў канцы жніўня. Гэта грашовыя сертыфікаты і дыпломы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама.

Марына КУНЯЎСКАЯ.