Фестываль прафесійнай годнасці

- 11:53Якасць адукацыі

На некалькі дзён Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка стаў пляцоўкай Міжнароднага фестывалю будучых педагогаў дашкольнай і пачатковай адукацыі. У сёлетнім педагагічным свяце прымала ўдзел 16 студэнтаў і магістрантаў — прадстаўнікі БДПУ імя Максіма Танка і дзвюх вышэйшых навучальных устаноў Расіі — Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта і Сахалінскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Фестываль ужо некалькі гадоў аб’ядноўвае актыўных і творчых студэнтаў старшых курсаў і магістрантаў. У БДПУ ён праходзіць другі раз. Але ўпершыню для падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсе былі аб’яднаны адразу два факультэты ўніверсітэта: дашкольнай адукацыі і пачатковай адукацыі.

— Наш фестываль дапамагае рэалізаваць стратэгічныя напрамкі падрыхтоўкі педагогаў новай фармацыі. Ён спрыяе ўзмацненню практыкаарыентаванасці спецыялістаў і стварэнню асяроддзя апераджальнага асобасна-прафесійнага развіцця, а таксама дапамагае маладым педагогам лёгка прайсці прафесійную адаптацыю. Пераканана, што той актуальны вопыт, які ўдзельнікі фестывалю набылі ў сценах нашай ВНУ, пойдзе ім на карысць, — вітала прысутных на адкрыцці фестывалю прарэктар па навуковай рабоце БДПУ старшыня аргкамітэта фестывалю Ганна Васільеўна Торхава.

Таленавітых студэнтаў і магістрантаў ацэньвалі два склады журы, куды ўвайшлі расійскія спецыялісты ў галіне адукацыі, прадстаўнікі факультэтаў пачатковай адукацыі і дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, а таксама кіраўнікі дашкольных устаноў адукацыі і настаўнікі пачатковых класаў.

Конкурсным выпрабаванням папярэднічала жараб’ёўка ў незвычайнай форме: кожнаму з канкурсантаў прапанавана было выцягнуць кветку з нумарам свайго выступлення. Пазнаёміцца, прарэкламаваць свае творчыя здольнасці канкурсанты змаглі ўжо на першым іспыце — самапрэзентацыі “Маё студэнцкае жыццё як шлях у прафесію”. Студэнты Сахалінскага дзяржаўнага ўніверсітэта паказалі насычанае конкурсамі і праектамі студэнцкае жыццё, прадстаўнікі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта прачыталі ўласныя творы, прысвечаныя выбару жыццёвага шляху, і расказалі пра сваё прафесійнае станаўленне. Беларускія ўдзельнікі параўналі студэнцкае жыццё з кінастужкай, а прыступкі прафесійнага развіцця з колерамі вясёлкі, шукалі сваю зорку на шляху прафесійнага станаўлення, а таксама, дзякуючы падтрымцы сваіх маленькіх выхаванцаў са сталічнага ясляў-сада № 35, паказалі выступленне батлейкі.

Другое выпрабаванне конкурснай праграмы выявіла навуковыя інтарэсы будучых педагогаў. Яны прадставілі вынікі праведзеных даследаванняў у галіне педагогікі: магістрантка факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Марыя Быкоўская прадставіла вынікі даследавання праблемы дыферэнцыраванага навучання на ўроках матэматыкі, а яе калега Кацярына Перцава займалася вырашэннем праблемы падтрымання ў вучняў духу творчасці, а для гэтага яна прапанавала ўключыць у падрыхтоўку малодшых школьнікаў сістэму творчых заданняў. У кантэксце далучэння дзяцей дашкольнага ўзросту да нацыянальнай культуры прэзентавалі свае даследаванні студэнткі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ Кацярына Абабурка і Настасся Ляшчун.

Падчас конкурсу “Мой любімы метадычны прыём” удзельнікі фестывалю паказвалі падрыхтаваныя загадзя фрагменты ўрокаў, дашкольных заняткаў або гуртковай працы для дзяцей дашкольнага ўзросту, дэманструючы сваю метадычную кампетэнтнасць у гэтым напрамку. Канкурсанты прадставілі ўрыўкі з урока-інсцэніроўкі, гульнявых заняткаў, урока-падарожжа, прадэманстравалі выкарыстанне метаду інтэрактыўнага навучання “Карусель”, прыёмаў “Складанне кластара” і “Дрэва прадказанняў”, паказалі, як працуюць з электроннымі сродкамі навучання, выкарыстоўваюць на занятках мультыплікацыйныя наглядныя матэрыялы і інш. Дапамагалі канкурсантам студэнты факультэтаў дашкольнай і пачатковай адукацыі — на гэтых імправізаваных занятках яны выступілі ў ролі вучняў. Пасля 15-хвіліннага выступлення кожны з удзельнікаў павінен быў адказаць на пытанні членаў журы.

Фінальным конкурсам фестывальнай праграмы стала рэфлексіўнае заданне “Чаму я навучыўся на фестывалі?”. Будучыя і ўжо практыкуючыя педагогі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў мерапрыемстве і перажываннямі гэтых фестывальных дзён, планамі на будучыню.

— Насычаная конкурсная праграма — ажно чатыры выпрабаванні — прызначана, каб ахапіць прафесійныя здольнасці канкурсантаў з усіх бакоў, — расказала дэкан факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Вольга Мікалаеўна Анцыпіровіч. — У самапрэзентацыі ўдзельнікі пазіцыяніравалі сябе як лідары і творчыя педагогі. Навуковы конкурс — гэта лакаматыў для далейшай даследчай дзейнасці — напісання дыпломных і магістарскіх работ, а ў будучым, магчыма, і кандыдацкіх дысертацый. Метадычны конкурс — гэта магчымасць для іх не толькі павучыцца ў іншых, але і адшліфаваць на публіцы свае любімыя педагагічныя прыёмы, прарэкламаваць іх. І, зразумела, без рэфлексіі і самааналізу дзейнасць педагога немагчыма, таму рэфлексіўная “пяцімінутка” таксама ўключана ў фестывальную праграму.

Фестывальная форма правядзення мерапрыемства была выбрана невыпадкова.

— Мы не ставілі мэтай знайсці недахопы студэнтаў-удзельнікаў, расставіўшы іх на конкурсныя прыступкі, а імкнуліся падкрэсліць прафесійную годнасць кожнага з іх, вылучыць моцныя бакі іх падрыхтоўкі. Таму напрыканцы фестывалю ўсе былі адзначаны дыпломамі ў той ці іншай намінацыі, якая адлюстравала адметную рысу ўдзельніка, — дадала дэкан факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Наталля Уладзіміраўна Ждановіч.

Акрамя конкурснай праграмы, фестывальныя дэлегацыі з Масквы і Сахаліна чакала насычаная культурная праграма: яны наведалі залу рэдкай кнігі, музей і спартыўныя аб’екты БДПУ, адправіліся ў пешую экскурсію па Мінску, пабывалі ў гістарычнай майстэрні і пазнаёміліся з архітэктарам Галінай Леанідаўнай Левінай, далучыліся да рэпетыцыі народнага літаратурнага тэатра БДПУ “Жывое слова”, наведалі тэатральную пастаноўку ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры.

Алёна КРЫВЯНКОВА.