Фестываль для лідараў адукацыі

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Любая ўстанова адукацыі трымаецца на педагогах, але пачынаецца з кіраўніка. Менавіта ад яго напрамую залежаць усе аспекты функцыянавання навучальнай установы, перспектывы развіцця, паспяховасць настаўнікаў і вучняў. Як ажыццяўляць кіраўніцкую дзейнасць, каб дасягнуць эфектыўнасці па розных напрамках? Якімі якасцямі павінен валодаць сучасны дырэктар? Сваімі меркаваннямі на гэты конт дзяліліся ўдзельнікі абласнога фестывалю кіраўніцкага вопыту “Лідар адукацыі”, які адбыўся ў Магілёве.

Фестываль для рэгіёна ўжо традыцыйны і праводзіўся чацвёрты раз. Сярод кіраўнікоў навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ён заўсёды выклікае вялікую цікавасць.

— “Лідар адукацыі” праводзіцца Магілёўскім абласным інстытутам развіцця адукацыі не толькі для выяўлення паспяховых кіраўнікоў. Сярод галоўных задач — далейшае раскрыццё творчага патэнцыялу ўдзельнікаў, а таксама актыўная папулярызацыя іх эфектыўнага вопыту работы, — паведаміла начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА член журы фестывалю С.В.Селязнёва.

Па яе словах, сёлета ў першым этапе фестывалю прынялі ўдзел дзясяткі дырэктараў школ. Спачатку сваіх лідараў адукацыі выяўлялі на раённых узроўнях. Пасля быў другі адборачны тур, на які лепшыя кіраўнікі з усіх раёнаў Магілёўшчыны падрыхтавалі свае відэапрэзентацыі. Прычым гэта было не проста самапрадстаўленне — дырэктары расказвалі і пра эфектыўнасць работы школы пад іх кіраўніцтвам.

Па выніках адборачнага тура былі вызначаны восем лепшых канкурсантаў. Гэта дырэктар сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Клічава Н.І.Кніга, дырэктар сярэдняй школы № 8 Магілёва А.І.Корзун, дырэктар сярэдняй школы № 2 Круглага Л.У.Сімановіч, дырэктар сярэдняй школы № 31 Магілёва І.А.Паддубная, дырэктар сярэдняй школы № 6 Бабруйска І.У.Суровая, дырэктар Хонаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна І.М.Сырамалотава, дырэктар Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна П.Л.Шашкоў і дырэктар сярэдняй школы № 3 Асіповіч А.Ц.Шчамялёў.

Фіналістаў чакаў яшчэ шэраг заданняў. Калі дакладней, кожны з іх публічна абараняў свой праект “Кіраванне якасцю адукацыі”, які ўяўляў сабой практычную распрацоўку інавацыйнага характару па вырашэнні актуальнай праблемы развіцця навучальнай установы. Пасля ўдзельнікі выступалі з творчым самапрадстаўленнем. Яны дзяліліся сваёй формулай поспеху, разважалі пра ролю кіраўніка ў навучальнай установе, асновы эфектыўнай работы.

Ад фіналістаў прагучала шмат цікавых меркаванняў. Напрыклад, дырэктар сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Клічава Н.І.Кніга пераканана, што школа — гэта своеасаблівая майстэрня, якую трэба моцна трымаць у руках, калі не хочаш упусціць будучыню. Наталля Іванаўна лічыць, што кіраўнік навучальнай установы павінен быць прафесіяналам, які любіць сваю справу і не баіцца праяўляць ініцыятыву.

— Ініцыятыва і заклік да дзеянняў павінны зыходзіць ад кіраўніка, а стваральная дзейнасць — гэта надзейны шлях да поспеху. Яшчэ важна, каб у калектыве было а­дзінства, агульнае імкненне рухацца ў адным кірунку, — пераканана Н.І.Кніга.

Яна стараецца матываваць калектыў на прафесійнае развіццё, пастаяннае ўдасканаленне педагагічнага майстэрства. Вынікі такога падыходу адпаведныя. У 1-й школе Клічава вельмі актыўныя педагогі, якія сваім энтузіязмам умеюць зарадзіць на вучэбныя дасягненні вучняў. Навучэнцы вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, даследчых, інтэлектуальных і творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Агульную паспяховасць функцыянавання школы пацвяр­джае і тое, што ў 2017 годзе ў сваёй катэгорыі яна была прызнана пераможцай спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці. А на ўзроўні раёна школа з’яўляецца лідарам аднайменнага спаборніцтва на працягу пяці гадоў.

З добрай эфектыўнасцю функцыянуе і сярэдняя школа № 3 Асіповіч. Педагагічны калектыў тут працуе ў інавацыйным рэжыме. Настаўнікі імкнуцца да ўсебаковага развіцця вучняў, і ў іх гэта добра атрымліваецца. Навучэнцы 3-й асіповіцкай школы — пастаянныя пераможцы розных прэстыжных конкурсаў. Яны паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, актыўна і вынікова займаюцца даследчай дзейнасцю. Наогул, 3-я школа — своеасаблівы адукацыйна-асветніцкі цэнтр горада. І ва ўсе дасягненні навучальнай установы важкі ўклад робіць дырэктар А.Ц.Шчамялёў. На пасадзе кіраўніка ўстановы ён ужо больш за 33 гады і за гэты час выпрацаваў сваю формулу паспяховай работы.

— Сучасны дырэктар павінен быць кіраўніком-менеджарам, валодаць многімі прафесійнымі кампетэнцыямі і ўмець мяняцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Зараз важна хутка адаптавацца да зменлівых сацыяльна-эканамічных і культурных умоў развіцця адукацыі, аператыўна авалодваць новым зместам і тэхналогіямі навучання. Неабходна быць прафесійна мабільным, пазбаўляцца стэрэатыпаў мыслення, шукаць сучасныя метады развіцця навучальнай установы. Толькі тады кіраванне адукацыйным працэсам у сучаснай школе будзе паспяхова ўплываць і на якасц­ь адукацыі, і на імідж установы ў цэлым. Якасць адукацыі сёння немагчыма забяспечыць, калі не развіваешся, не абменьваешся вопытам, калі сістэматычна не працуеш над сабой. Аднак а­дзін з ключавых фактараў паспяховага функцыянавання навучальнай установы ўсё ж педагагічны калектыў. Нават самы цудоўны кіраўнік можа дасягнуць поспеху толькі дзякуючы сваім падначаленым, таму я падтрымліваю ўсе пачынанні педагогаў, матывую іх на прафесійнае развіццё. Але як лідар я вяду свой калектыў. Заўсёды бяру адказнасць на сябе і праяўляю асабістую ініцыятыву, — падкрэсліў А.Ц.Шчамялёў.

Ёсць чым ганарыцца сёння і сярэдняй школе № 8 Магілёва, дырэктарам якой з’яўляецца А.І.Корзун. Дзейнасць гэтай установы была адзначана граматай Міністэрства адукацыі. Навучэнцы рэгулярна дасягаюць розных вучэбных вышынь: перамагаюць у алімпіядах, даследчых канферэнцыях, творчых конкурсах. А ўсё таму, што педагогі школы матываваны на ўсебаковае прафесійнае развіццё.

— Я ўпэўнены, што лідарам павінен быць не толькі кіраўнік, а ўвесь калектыў, кожны педагог. Сучасным настаўнікам важна ўмець праяўляць ініцыятыву, бо калі развіваецца педагог, то разам з ім развіваюцца і вучні. Што тычыцца прыярытэтных кіраўніцкіх якасцей, то трэба валодаць шэрагам разнастайных кампетэнцый. Каб якасна каардынаваць работу ўсёй навучальнай установы, неабходна быць і настаўнікам, і метадыстам, недзе псіхолагам, а дзесьці і менеджарам. Адным словам, быць сэрцам школы, — лічыць Аляксандр Іванавіч.

Не менш адметныя думкі выказвалі і астатнія фіналісты фестывалю. Увогуле, выступленні пераконвалі, што ўсе канкурсанты — не проста паспяховыя кіраўнікі, а яшчэ і творчыя асобы, здольныя пераадольваць стэрэатыпы, знаходзіць нетрадыцыйныя шляхі вырашэння задач, якія стаяць перад сучаснай школай, ствараць і выкарыстоўваць інавацыйныя кіраўніцкія тэхналогіі. Яны бачаць перспектыву развіцця сваёй навучальнай установы на гады наперад, бо гэта сапраўдныя лідары адукацыі.

Што да вынікаў фестывалю, то сёлета яго пераможцай стала дырэктар сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Клічава Н.І.Кніга. Дыпломы лаўрэатаў атрымалі дырэктар сярэдняй школы № 31 Магілёва І.А.Паддубная, дырэктар сярэдняй школы № 3 Асіповіч А.Ц.Шчамялёў і дырэктар сярэдняй школы № 8 Магілёва А.І.Корзун. Астатнія фіналісты былі адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.