Фестываль сяброўства, творчасці і ўзаемапавагі

У аўторак адбылося закрыццё Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў F.-ART.bу-2017. Урачыстасць прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі, што вельмі сімвалічна: творчасць студэнтаў-замежнікаў і мастацтва не маюць меж.

І адно, і другое прыцягваюць мультыкультурнасцю і нацыянальным каларытам.

Як адзначыў падчас свайго прывітальнага слова намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, галоўная каштоўнасць фестывалю ў тым, што яго ўдзельнікі дэманструюць любоў да сваёй краіны, яе народа, культуры і традыцый, безумоўнае прыняцце культуры і традыцый іншага народа. “Упэўнены, што Рэспубліканскі фестываль F.-ART.bу-2017 уносіць свой уклад у справу міру, узаемаразумення і супрацоўніцтва маладых людзей розных краін, бо з’яўляецца своеасаблівым сімвалам, які аб’ядноўвае моладзь у сяброўстве, творчасці, стварэнні і развіцці”, — звярнуўся да прысутных Сяргей Валянцінавіч.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка заўважыла, што ўдзельнікі фестывалю заўсёды з радасцю і гонарам знаёмяць з лепшымі ўзорамі сваёй культуры, ад чаго ўсе мы становімся бліжэйшымі і цікавейшымі адно аднаму. На сёння ў нашых універсітэтах вучыцца больш за 20 000 замежных студэнтаў са 107 краін свету.

Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел 40 устаноў вышэйшай адукацыі. На працягу фестывальнага месяца (з 17 лістапада па 17 снежня) у 29 установах вышэйшай адукацыі было арганізавана і праведзена 214 тэматычных мерапрыемстваў. Гэта святы-прэзентацыі краін, выставы прадметаў нацыянальнай культуры, экспазіцыі творчых работ замежных і беларускіх студэнтаў, выставы-дэгустацыі страў нацыянальнай кухні, канцэртныя праграмы, майстэрні дэкаратыўна-прыкладной творчасці і майстар-класы з элементамі вывучэння народных традыцый. Для замежных студэнтаў прайшлі праграмы-прэзентацыі аб дзейнасці ва ўстановах вышэйшай адукацыі грамадскіх, творчых, навуковых арганізацый, адбыліся пасяджэнні клубаў інтэрнацыянальнай дружбы і этнакультурных аб’яднанняў, сустрэчы замежных студэнтаў з прадстаўнікамі пасольстваў, адміністрацыямі ўстаноў вышэйшай адукацыі, былі арганізаваны экскурсіі па гісторыка-культурных комплексах і аб’ектах.

У межах рэспубліканскага фестывалю на пляцоўках 15 устаноў вышэйшай адукацыі было праведзена 37 міжуніверсітэцкіх мерапрыемстваў. Трэба адзначыць, што ў 2017 годзе ўстановамі вышэйшай адукацыі таксама быў праведзены шэраг мерапрыемстваў з удзелам замежных і беларускіх студэнтаў для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Нягледзячы на сур’ёзны ўзрост рэспубліканскага фестывалю (у гэтым годзе ён праходзіў 15-ы раз), штогод удасканальваецца конкурсная частка праграмы мерапрыемства. У прыватнасці, у 500-ю гадавіну беларускага кнігадрукавання ў рамках фэсту адбылася Рэспубліканская выстава-конкурс “Асэнсаванне спрадвечнага”. Яе ўдзельнікі (замежныя студэнты) зрабілі пераклад на родную мову слоў Ф.Скарыны “…і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маю ць”. Гэтая фраза на роднай мове стала асновай творчай працы, выкананай у адной з тэхнік выяўленчага або нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Акрамя таго, сёлета, калі наша краіна адзначала 135-ю гадавіну з дня нараджэння Якуба Коласа, арганізатарамі фестывалю быў ініцыіраваны рэспубліканскі інтэрактыўны праект “Мой родны кут, як ты мне мілы!”. Асновай творчай працы ў праекце стала прачытанне замежнымі студэнтамі фрагмента твора паэта сваёй краіны, які па змесце сугучны з вершам Якуба Коласа і раскрывае тэму кахання да сваёй Радзімы і народа.

Адна з самых актуальных задач — садзейнічанне экспарту адукацыйных паслуг і інфармаванне моладзі краін свету пра магчымасці сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь — вырашалася ў фармаце рэспубліканскай interaction-акцыі #follow_fest_art_by, для ўдзелу ў якой замежным студэнтам прапаноўвалася далучыцца да руху F.-ART.bу, зрабіўшы фатаграфію з эмблемай фестывалю альбо сэлфі на яе фоне і апублікаваўшы яе ў сацыяльных сетках з хэштэгам #follow_fest_art_by.

Для ўдзелу ў рэспубліканскіх конкурсах і праектах рэспубліканскага фестывалю ў 2017 годзе было прадстаўлена 136 творчых работ, інфармацыйных комплексаў і метадычных матэрыялаў. Пераможцы і прызёры фестывалю паказалі свае лепшыя творчыя работы на інтэрактыўных пляцоўках, якія працавалі ў межах урачыстага закрыцця мерапрыемства ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Гран-пры фестывалю “За эфектыўную і сістэмную дзейнасць і ўкараненне інавацыйных падыходаў у працу з замежнымі студэнтамі” атрымаў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

Пераможцай Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Асэнсаванне спрадвечнага” стала Настасся Гаршкова з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Пераможцамі рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта “Мой родны кут, як ты мне мілы!” стаў калектыў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (на здымку).

Пераможцам рэспубліканскай interaction-акцыі #follow_fest_art_by стаў Аразгелдзі Нараў з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Пераможцы Рэспубліканскага конкурсу відэаэсэ “Пункт гледжання: выбар, час, магчымасці” — Чынар Сейтжанова, Сапа Байрыеў з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Пераможцы Рэспубліканскага конкурсу квест-ініцыятыў VADE MECUM — Алена Канавалава, Маргарыта Янкоўская, Ігар Конан (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт).

Пераможцы Рэспубліканскага конкурсу міжуніверсітэцкіх інавацыйных праектаў і інфармацыйна-метадычных модуляў “Судэнцтва свету: творчая садружнасць” — творчы калектыў аўтараў з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *