Фестываль завершаны, або Лістападаўскі шлях у кінарэальнасць

- 10:51Культура

Вось і скончыўся лістападаўскі кінатыдзень у беларускай сталіцы. Якім атрымаўся сёлетні “Лістапад”? Многія гавораць, што больш сціплым, чым папярэднія. Аднак для сапраўдных кінаманаў галоўнае не тое, як прайшлі ўрачыстыя цырымоніі (хоць на самай справе і іх правялі з годнасцю), а ўзровень фільмаў, прадстаўленых на кінафестывалі. Усяго за восем дзён прадэманстравалі больш за 150 карцін з 50 краін свету.

Штогод фільмы з розных куткоў нашай планеты прымушаюць мінчан і гасцей сталіцы задумацца над сэнсам жыцця, сямейнымі каштоўнасцямі і сяброў­ствам, глабальнымі праблемамі сучаснасці, пакутамі сумлення і верай у сябе, сваімі ўчынкамі, убачыць, як жы­вуць людзі ў іншых краінах, і зразумець, што і ў нас ёсць шмат чаго добрага і сапраўднага. Прапаную спыніцца на найбольш яркіх карцінах фестывалю. Хоць, безумоўна, кожная стужка “Лістапада” — гэта асобны незвычайны шлях у вымярэнне кінарэальнасці. Нагадаю: увесь мінулы тыдзень мы рухаліся ў кірунку “да радасці”. Пра тое, што выклікала найбольшую радасць у журы і ў мяне асабіста, і пойдзе гаворка.

Напэўна, усе вы ўжо добра ведаеце, што ўладальніцай “золата” “Лістапада” стала карціна “Атлантыда” ўкраін­скага рэжысёра Валянціна Васяновіча, галоўныя героі якой (дарэчы, не прафесійныя акцёры) хочуць навучыцца жыць без вайны, аднавіць мір на роднай зямлі. А вось залатым “Лістападзікам” узнагароджана карціна “Маё неверагоднае лета з Тэс” рэжысёра Стывена Ваўтэрлода (Нідэрланды, Германія). Гэта сур’ёзнае разважанне пра паўнавартасную сям’ю, мець якую марыць кожнае дзіця. У цэнтры фільма — дзесяцігадовы Сэм, які прыязджае на канікулы з сям’ёй на востраў Тэрсхелінг, аднак у першы ж дзень яго брат ламае нагу. Пазней хлопчык знаёміцца з дзіўнай дзяўчынкай Тэс, якая мае мудрагелісты план знаёмства са сваім біялагічным бацькам. Яе гісторыя дапамагае хлопчыку зразумець, што без родных і блізкіх у жыцці не абысціся. Па меркаванні старшыні журы Клары Суарэс (Аргенціна), гэты фільм будзе цікавы і дзецям, і дарослым.

Дарэчы, спецыяльны прыз журы “Лістападзіка-2019” атрымала карціна “Булбул можа спяваць” (рэжысёр Рыма Дас, Індыя). За лепшую дзіцячую ролю ўзнагароджана Эмілі Б’ер — фільм “Калонія” (рэжысёр Жэнеўева Дзюлюд-Дэ Сэль, Канада). Лепшай работай дарослага акцёра ў дзіцячай стужцы прызнана роля Соні ван Утэрэна ў “Маім неверагодным леце з Тэс”. А фільм адкрыцця “Лістападзіка” — нямецкая карціна “Рока мяняе свет” рэжысёра Каці Бенрат — атрымала прыз сімпатый гледачоў, што і нядзіўна, бо гісторыя 11-гадовай дзяўчынкі, якая дзякуючы сваёй непрадказальнасці, дабрыні і непасрэднасці выратавала ваверчаня, перамагла булінг у класе і пасябравала з бяздомным Каспарам, нікога не пакінула абыякавым. А яшчэ хочацца звярнуць увагу на фільм закрыцця “Лістападзіка” пазаконкурсную нямецкую карціну “Альфонс Цытэрбаке — адлік пайшоў” рэжысёра Марка Шліхтэра. Асноўная думка фільма — з кожнага знакамітага вынаходніка спачатку смяяліся, а таму варта жыць марай нават тады, калі ніхто на гэта не асмельваецца, нічога не баяцца і верыць у сябе!

Усе фільмы сёлетняга “Лістападзіка” прызначаны як для сямейнага прагляду, так і разам з аднакласнікамі. “Вельмі часта зносіны паміж бацькамі і дзецьмі зводзяцца альбо да паходаў у парк, альбо ў кінатэатры на нейкія забаўляльныя стужкі, пасля якіх, як правіла, нічога не застаецца. А нашы фільмы патрабуюць размовы, яны задаюць пытанні, якія трэба абмяркоўваць разам. І калі ўсе сядаюць за агульны стол, пачынаюць думаць, глядзець у вочы, адбываецца тое самае яднанне, якое дазваляе ўсім лепш разумець адно аднаго”, — адзначыў дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік-2019” Ігар Сукманаў.

Завяршыўся ХХVІ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” не толькі ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання пераможцаў форуму, але і паказам фільма “Нябачнае жыццё Эўрыдыкі”. Перад праглядам Ігар Сукманаў сказаў, што гэтая бразільская карціна “павінна выклікаць асаблівае пачуццё радасці”. Між іншым, на беларускім кінафестывалі гэты фільм ішоў па-за конкурсам, а вось на сёлетнім Канскім кінафоруме ён быў удастоены найвышэйшай узнагароды за асаблівы погляд. “Радасць праз шлях, выпрабаванні і церні, каб зразумець, што жыццё вельмі складанае і часам не зусім справядлівае ў адносінах да нас. Але калі мы маем унутраны стрыжань і нас накіроўвае любоў, то мы можам пакарыць увесь свет”, — сказаў Ігар Сукманаў.

“Нябачнае жыццё Эўрыдыкі” прымушае задумацца, ці ёсць у нашым жыцці чалавек, дзеля якога хацелася б стаць лепшым і пакарыць недасягальныя вяршыні, які вядзе нас, нібы пуцяводная зорка, да мары і якога страшна расчара­ваць. А яшчэ нагадвае, якім наша жыццё можа быць несправядлівым і як родныя людзі, часам нават не заўважаючы, могуць растаптаць запаветную мару, разбурыць узаемаадносіны з самым блізкім чалавекам і абясцэніць самае дарагое.

Між іншым, карціны сёлетняга “Лістапада” можна пераглядаць па некалькі разоў. І калі ўзяць за звычку глядзець хаця б адзін фільм у дзень, то акурат хопіць да наступнага фестывалю, які зноў прынясе нам мноства новых знаём­стваў, адкрыццяў і, безумоўна, думак пра сябе і жыццё.

Вольга АНТОНЕНКАВА.