Фінансавая будучыня за школьнымі партамі

- 10:30Якасць адукацыі

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прайшоў у Мінску ў асабліва ўрачыстай атмасферы — у памяшканні Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Удзельнікамі фіналу спаборніцтваў самых адукаваных юных фінансістаў стаў 21 хлопец і дзяўчына з усіх абласцей краіны.

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Валер’евіч Калечыц, адкрываючы апошні этап алімпіяды, нагадаў, што фінансавыя спаборніцтвы сярод старшакласнікаў праводзяцца ў Беларусі з 2014 года.

— Кожны раз гэта асаблівыя мерапрыемствы, кожны раз хвалююцца і нашы ўдзельнікі, і мы ўсе, — заўважыў ён. — Сёлета ў алімпіядзе прыняло ўдзел больш за 5 тысяч чалавек. І, безумоўна, усе тыя, хто прайшоў у заключны этап, ужо з’яўляюцца пераможцамі, бо людзі, якія цікавяцца фінансавымі пытаннямі, — пераможцы па жыцці. Хачу таксама падзякаваць нашым калегам з Міністэрства адукацыі і іншых дзяржаўных органаў, выкладчыцкаму складу ўстаноў адукацыі за садзейнічанне і сумесную работу ў правядзенні і гэтай алімпіяды, і іншых мерапрыемстваў па фінансавай дасведчанасці.

Ад імя Міністэрства адукацыі да юных фіналістаў алімпіяды звярнулася начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства Святлана Васільеўна Уклейка:

— У чым станоўчы бок і ў той жа час складанасць гэтай алімпіяды? З аднаго боку, няма такога вучэбнага прадмета, як “фінансавая дасведчанасць”, з другога — гэта магчымасць займацца самаадукацыяй і развіццём. У мінулым годзе мы праводзілі маніторынг па ўзроўні фінансавай дасведчанасці ў нашых установах, і больш за палову апытаных сказалі, што яны часта займаюцца не на факультатывах, а захапіліся самаадукацыяй пад кіраўніцтвам педагогаў, шмат чытаюць дадатковай літаратуры.

Святлана Васільеўна асабліва падкрэсліла, што фінансавая дасведчанасць — частка функцыянальнай дасведчанасці. Ужо ўзгаданы маніторынг, дарэчы, паказаў, што школьнікі нярэдка больш фінансава дасведчаныя, чым іх бацькі, чым наогул дарослыя. І фіналісты рэспубліканскай алімпіяды ў гэтым сэнсе — своеасаблівы ўзор для пераймання дарослым у фінансавых паводзінах. Задача фіналістаў алімпіяды заключаецца не толькі ў тым, каб паказаць, што яны лепшыя, але і ў тым, каб прыцягнуць сяброў, аднакласнікаў, знаёмых у рух па павышэнні ўзроўню фінансавай дасведчанасці, бо гэтыя ўменні і веды неабходны любому з нас кожны дзень.

Пасля такіх станоўчых наказаў і пачаўся заключны этап алімпіяды. Яго ўдзельнікам былі прапанаваны 30 пытанняў, дзе правільным адказам быў адзін з варыянтаў. 31-е заданне было творчым, а на ўсе адказы фіналістам адводзілася адна гадзіна. І адразу ж пасля гэтага сваю работу пачало журы. Згодна з яго рашэннем, пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод школьнікаў у 2016 годзе стаў адзінаццацікласнік Вадзім Рыбачук з Брэсцкага абласнога ліцэя. На другім месцы — Іван Ануфрэенак, будучы выпускнік гімназіі № 2 Вілейкі, пераможца абласнога этапу алімпіяды на Міншчыне; на трэцім — дзесяцікласнік Павел Салей з Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Усе яны атрымалі каштоўныя прызы — планшэт, смартфон, фотаапарат.

Як прызнаюцца многія юныя знаўцы ў галіне фінансаў і эканомікі, патрэбную інфармацыю яны шукаюць часцей за ўсё ў дапаможніках і ў інтэрнэце, напрыклад, на сайце Нацбанка, у інтэрнэт-крыніцы “Фінансавая дасведчанасць”. А цікавасць да такіх ведаў ім нярэдка прывіваюць настаўнікі. Так, Павел Салей расказаў “Настаўніцкай газеце”, што да ўдзелу ў алімпіядзе яго заахвоціла настаўніца Людміла Сцяпанаўна Астапчэня, якая выкладае грамадазнаўства.

Пераможца сёлетняй алімпіяды Вадзім Рыбачук заўважыў, што па схільнасцях ён гуманітарый, але зацікавіўся эканомікай, тэма якой закранаецца ў курсе грамадазнаўства. “Я разумею, што веды па фінансах мне спатрэбяцца ў жыцці”, — гаворыць хлопец. Заключны этап алімпіяды Вадзіму здаўся даволі складаным, бо ў ім былі пытанні, адказаў на якія ён не ведаў, але, зыходзячы з атрыманых ведаў, шляхам лагічных разважанняў старшакласнік змог на іх адказаць. Між іншым пасля заканчэння школы Вадзім збіраецца атрымаць юрыдычную адукацыю, і, канечне, здольнасць лагічна мысліць яму вельмі спатрэбіцца.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.