Фітбол у рабоце з дашкольнікамі

- 15:12Спецыяльная адукацыя

Пры арганізацыі работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту з цяжкімі і (ці) множнымі фізічнымі і (ці) псіхічнымі парушэннямі адным з кірункаў з’яўляецца развіццё вестыбулярнага апарату. У сваёй педагагічнай практыцы, вырашаючы задачу па развіцці гэтага кірунку, я актыўна выкарыстоўваю фітбол.

Фітбол — многафункцыянальны трэнажор, гімнастычны мяч, які выкарыстоўваецца для нармалізацыі тонусу, развіцця вестыбулярнага апарату, каардынацыі руху. Ён умацоўвае апорна-рухальны апарат і ўсе групы мышцаў. Здымае нервовае напружанне, расслабляе мышцы жывата, што ўплывае на кішэчную дзейнасць, змяншае колікі. Паляпшае страваванне і дыханне, а таксама стварае станоўчыя эмоцыі, выклікае радасць і цікавасць.

Перад тым як прыступіць да выканання практыкаванняў, варта ўлічыць некаторыя рэкамендацыі ў выкарыстанні фітбола: настрой дзіцяці, рэжым сну і адпачынку, харчаванне. Дзіця павінна быць у добрым настроі і мець жаданне. Калі яно капрызіць, супраціўляецца, то лепш не настойваць, а перачакаць нейкі час. Праводзіць практыкаванні варта не раней, чым праз гадзіну пасля прыёму ежы. Першыя практыкаванні праводзяцца нядоўга, з паступовым павелічэннем часу.

Практыкаванні выконваюцца лежачы на спіне, на жываце, на баку, стоячы і седзячы на мячы і падбіраюцца з улікам узросту дзіцяці і яго індывідуальных асаблівасцей.

На занятках з выкарыстаннем фітбола неабходна захоўваць правілы бяспекі. Ні ў якім выпадку нельга цягнуць дзіця за кісці і ступні, не варта трымаць яго за галёнкаступнёвыя і прамянёвазапясцевыя суставы.

Зрабіць практыкаванні на фітболе яшчэ больш забаўнымі і цікавымі мне дапамагае музыка (як вясёлая, так і спакойная класічная), пацешкі, вершыкі, абавязкова трэба размаўляць з дзіцем падчас выканання практыкаванняў. Ножкамі кладу яго ў свой бок, а за мячыкам размяшчаю цацку, цікавую для дзіцяці, якую яму хочацца ўзяць. Усе разгінальныя рухі выконваюцца пры адштурхоўванні мяча ад сябе, а згінальныя — пры руху мяча да сябе.

Практыкаванні пачынаем з самых простых — пагойдвання ўперад, назад, улева, управа, па гадзіннікавай і супраць гадзіннікавай стрэлкі, пагойдвання ўверх і ўніз кароткімі рухамі. Далей практыкаванні могуць ускладняцца і станавіцца больш разнастайнымі.

Заняткі з фітболам умоўна дзеляцца на тры этапы: падрыхтоўчы, асноўны і заключны. І на любым з гэтых этапаў я магу прымяніць фітбол. На падрыхтоўчым этапе фітбол дапамагае наладзіць эмацыянальны кантакт з дзіцем, дабіцца добрага настрою і станоўчых эмоцый, настроіць дзіця на заняткі.

У задачы асноўнага этапу ўваходзіць развіццё вестыбулярнага апарату, рухальнай актыўнасці, падтрыманне добрага настрою, цікавасці і жадання працаваць далей. А на заключным этапе мяч служыць нам для адпачынку, рэлаксацыі.

На кожным з этапаў фітбол садзейнічае развіццю рухальнай актыўнасці, а таксама з’яўляецца цікавым і забаўным заняткам, які падабаецца дзецям і аказвае станоўчае ўздзеянне на іх эмацыянальны стан.

Святлана ЛІШЫК,
настаўнік-дэфектолаг Дзятлаўскага раённага ЦКРНіР Гродзенскай вобласці.